Міклаш Харасці: «Маштабныя рэпрэсіі — вынік парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі»

Прагрэсу ў Беларусі ў цяперашні час перашкаджае адсутнасць палітычнай волі, сказаў Міклаш Харасці.



bobruysk_marsh_netuneyadcev11.jpg

Рэпрэсіі супраць свабоды слова з'яўляюцца апошняй трывожнай падзеяй на фоне ўсё большага пагаршэння і ўціску на правы чалавека ў Беларусі. Пра гэта паведаміў незалежны эксперт Міклаш Харасці у сваім выступе перад Генеральнай Асамблеяй ААН 25 кастрычніка.

Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці адзначыў “сумны лёс свабоды слова”, у прыватнасці, на ўзроўні заканадаўства, якое мае пакласці канец ананімнасці каментатараў анлайн-медыя і прымусіць усе інтэрнэт-платформы атрымліваць дзяржаўную рэгістрацыю.

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці. Фота: АБСЕ / Ільгар Гасанаў

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці. Фота: АБСЕ / Ільгар Гасанаў

Сп. Харасці, чый шасцігадовы тэрмін знаходжання на пасадзе Спецдакладчыка падыходзіць да заканчэння, кажа, што парушэнні правоў чалавека, якія выклікалі міжнародную ўвагу, калі ён пачынаў сваю працу, па-ранейшаму пагаршаюцца ў важных галінах.

“Улічваючы немагчымасць поўнага кантролю кантэнту ў інтэрнэце, новыя правілы будуць прымяняцца адвольным, селектыўным і палітызаваным чынам, з мэтай запалохвання тых, хто выказвае крытычныя погляды і выкрывае парушэнні”, — сказаў ён.

“У той жа час, захоўваюцца ўсе ганебныя сістэмныя парушэнні, якія Савет па правах чалавека асудзіў пры заснаванні мандата ў 2012 годзе”, — сказаў Харасці, дадаўшы, што“ўкаранёная рэпрэсіўная прававая сістэма падмацоўваецца праз цыклічныя гвалтоўныя масавыя рэпрэсіі і частае зняволенне палітычных апанентаў па фіктыўных крымінальных абвінавачваннях, што выглядае як... усё новыя паўтарэнні адной і той жа сітуацыі”.

Сп. Харасці адзначыў, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая да гэтага часу ўжывае смяротнае пакаранне.

Прагрэсу ў Беларусі, паводле яго словаў, у цяперашні час перашкаджае адсутнасць палітычнай волі. Свой выступ ён завяршыў падзякай “адважным жанчынам і мужчынам, якія працягваюць патрабаваць павагі да сваіх асноўных правоў паводле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, 70-годдзе прыняцця якой адзначаецца сёлета”.

spring96.org