Лукашэнка — міністру гандлю: Не глядзіце на забастоўкі іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці
Аляксандр Лукашэнка патрабуе прыняць меры "для працы ў роўных умовах ўсіх гандлёвых структур", не звяртаючы ўвагі на незадаволенасць індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэта ён заявіў 9 лютага, прымаючы з дакладам міністра гандлю Беларусі Уладзіміра Калтовіча.
"Рабіце так, каб і дзяржаўны гандаль, і прыватны, замежнікі і свае былі ў роўных умовах. І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась.
Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць", — цытуе Лукашэнку БелТА.
Кіраўнік дзяржавы зноў абвінаваціў ІП у тым, што яны "загубілі лёгкую прамысловасць". "Трэба разумець, што тыя, хто завозяць сюды рознага роду рыззё (і нават добрай
якасці, калі б гэта было з Турцыі, Кітая, Расіі і іншае), трэба разумець: усё, што мы завезлі да сябе адтуль, мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасць. Не будзе яна развівацца.
Тым больш без дакументаў, без сертыфікатаў. Слухайце, гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем", — заявіў ён.
"І потым, яны павінны разумець, што сертыфікацыя тавараў — гэта толькі першы крок. Мы сёлета зробім усе крокі. Тавар, таваратранспартная накладная, усе суправаджальныя дакументы,
сертыфікацыя — прыязджай, гандлюй. Няма гэтага — гандляваць не будзеш", — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што "ў далейшым гэты бізнес стане падкантрольным": "Тады лёгкая прамысловасць, гандаль будзе ў нас у Беларусі для ўсіх: і для іпэшнікаў, іншых прыватнікаў,
і для дзяржпрадпрыемстваў — у роўных умовах. Яны гэтага заўсёды патрабуюць: дайце нам роўныя ўмовы. Вось роўныя ўмовы".
Праз некалькі гадзін пасля заяў Лукашэнкі РГА "Перспектыва" паведаміла аб адкліканні сваёй заяўкі на правядзенне 15 лютага мітынгу ў парку Дружбы Народаў ў Мінску ў сувязі з пачаткам
перамоў ІП з прадстаўнікамі ўрада: 8 лютага адбылося першае пасяджэнне рабочай групы па праблемных пытаннях ІП у межах Грамадска-кансультацыйнага савета пры Міністэрстве эканомікі. Такім чынам,
"знікла неабходнасць у выкарыстанні такога інструмента, як мітынг", заявілі ў "Перспектыве".
У каментарыі БелаПАН кіраўнік "Перспектывы" Анатоль Шумчанка падкрэсліў, што рашэнне адмовіцца ад правядзення мітынгу было прынятае вечарам 8 лютага, адразу пасля
пасяджэння рабочай групы, і яно ніяк не звязанае з сённяшнімі выказваннямі Лукашэнкі на адрас ІП.
На думку Шумчанкі, гэтыя словы сведчаць аб тым, што Лукашэнка пачуў ІП і трымае сітуацыю на кантролі. Лідар "Перспектывы" нагадаў, што гэта ўжо не першая з пачатку 2016 года падобная
заява кіраўніка дзяржавы: 14 студзеня Лукашэнка папярэджваў прадпрымальнікаў, што іх "мядовыя гады" прайшлі. Да выказванняў Лукашэнкі трэба ставіцца спакойна, лічыць
Шумчанка.
Нагадаем, 1 студзеня, пасля ўваходжання ў сілу ўказа прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі
асобамі", праца многіх ІП у Беларусі была паралізаваная. Згодна з указам яны павінны рэалізоўваць прадукцыю легпрама, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі.
Аднак расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП штрафуюць,
у іх канфіскуюць тавар. Паколькі неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўладаў адмяніць указ пачутыя не былі, з пачатку студзеня пераважная большасць ІП, якія гандлююць таварамі лёгкай
прамысловасці, прыпынілі сваю працу з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа.
На 11 лютага запланаванае другое пасяджэнне рабочай групы па праблемах ІП у межах Грамадска-кансультацыйнага савета пры Мінэканомікі. На ім плануецца абмеркаваць пытанні прымянення ўказа № 222.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН