Лявон Баршчэўскі: Улады ахвяруюць гістарычнымі датамі
Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі патлумачыў, што ў беларускай улады няма жадання зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным свята.
Учора беларускі кіраўнік падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ заявіў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта, дзень абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка дзяржаўным святам не будзе.
Лявон Баршчэўскі адзначыў:
— Каму найперш перашкаджае такая дата? Для мяне адказ відавочны — Маскве. А беларускае кіраўніцтва, відаць, не хоча праз такія рэчы сварыцца з Крамлём, які дае рознага кшталту прэферэнцыі. Акрамя таго, у такім выпадку няма ніякай упэўненасці, што ўдасца ўтрымаць уладу, калі Масква будзе супраць.
Хаця, як мне падаецца, ніводнаму нармальнаму беларусу не прыйдзе ў галаву, што дата, калі ўпершыню была абвешчана незалежнасць БНР, можа мець нейкія адмоўныя адценні для Беларусі. Але для некаторых, відаць, уласная ўлада важней, чым уласная гісторыя і традыцыі. Вось і ахвяруюць гістарычнымі датамі.
— Было заяўлена таксама, што ў Беларусі ўжо ёсць дзяржаўнае свята 3 ліпеня, калі быццам бы і была адваявана незалежнасць Беларусі.
— 3 ліпеня Менск вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў, але ніякага дачынення да незалежнасці краіны гэтая дата не мае. Дата так і павінна святкавацца — як менавіта дзень вызвалення беларускай сталіцы.
Але галоўнае, што 25 сакавіка для тысяч людзей застаецца святам і гэта ніхто не забароніць.
— Былі раней прапановы да ўладаў зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам?
— У Закон аб дзяржаўных святах, які распрацоўваўся ў 1992 годзе, была ўнесена гэтая дата, але тады камуністычная большасць у парламенце была супраць. І ў апошні час у Савет міністраў накіроўваліся суадносныя прапановы. Але яны аказаліся таксама незапатрабаванымі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя