Лябедзька: Гэты праект Канстытуцыі сапраўды можна назваць народным
Старшыня рабочай групы па распрацоўцы канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька расказвае «Свабодзе», як рыхтаваўся праект Канстытуцыі, адказвае на пытанне, чаму ў праекце прапанаваныя дзве дзяржаўныя мовы, і заяўляе, што ідэальным варыянтам быў бы рэферэндум па Канстытуцыі адначасова з выбарамі прэзідэнта.
— Рабочая група прадставіла праект Канстытуцыі і прапаноўвае яго для ўсеагульнага абмеркавання. Што сабой уяўляла рабочая група, колькі чалавек туды ўваходзіла? Былі гэта пераважна юрысты ці таксама палітыкі і грамадскія дзеячы? Колькі часу спатрэбілася для падрыхтоўкі праекта Канстытуцыі?
— Па-першае, я хачу павіншаваць чытачоў «Свабоды» з Днём Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка. Гэта свята, якое не мае належнай падтрымкі і рэфлексіі як з боку дзяржавы, гэтак і грамадства. Сапраўднае свята Канстытуцыі яшчэ наперадзе, у любым выпадку віншую прыхільнікаў перамен з гэтым днём.
Што тычыцца нашай групы, то ў яе склад уваходзіць 25 чалавек. Натуральна, асноўны цяжар працы лёг на 5–6 чалавек, астатнія выконвалі хутчэй функцыю дарадцаў. Ёсць вядомыя ў краіне спецыялісты ў галіне канстытуцыйнага права, такія, як былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Валер Фадзееў, багата юрыстаў, ёсць асобы з вялікім палітычным досведам. Нам было важна, каб гэта была не чыста экспертная група, а каб у ёй былі людзі з розным палітычным досведам і адукацыяй.
Рабочая група была створана 2 гады таму, потым мы стварылі грамадскую канстытуцыйную камісію, бо прагназавалі, што пасля прэзідэнцкіх выбараў канстытуцыйнае пытанне стане часткай палітычнага парадку дня. Так і атрымалася. Восенню імпэту і легітымнасці нашай працы дадала Святлана Ціханоўская, прапанаваўшы мне стаць упаўнаважаным па канстытуцыйнай рэформе. Склад нашай групы істотна павялічыўся, пачынаючы з кастрычніка, ішла вельмі інтэнсіўная праца ў штотыднёвым рэжыме. Сёння мы маем дакумент для першага чытання. Мне падаецца, ён падрыхтаваны прафесійна і якасна — але мы падкрэсліваем, што гэта не канчатковая рэдакцыя.
— Любая Канстытуцыя — гэта перш за ўсё палітычная дылема. Якімі будуць паўнамоцтвы прэзідэнта, ці будзе гэта парламенцкая альбо прэзідэнцкая рэспубліка, як выглядае падзел улад, колькі будзе дзяржаўных моў — гэта ўсё пытанні не для вузкага кола юрыстаў, а для ўсяго грамадства. Што пераважае ў распрацаваным вашай групай праекце? Нейкія «адвечныя» правільныя ідэі і прынцыпы альбо цяперашнія настроі ў сённяшнім беларускім грамадстве, пацверджаныя сацыялогіяй?
— Мы не зачыняліся ў пакоі без вокнаў і дзвярэй. Мы ўвесь час звярталіся да грамадства — гэта быў галоўны наш прынцып. Кожны раздзел праекта Канстытуцыі мы выносілі на абмеркаванне, мы рабілі прэзентацыю ўсіх раздзелаў у жывым эфіры. У сацыяльных сетках мы давалі тэксты раздзелаў, і людзі маглі, ведаючы час прэзентацыі, прыняць паўнавартасны ўдзел у абмеркаванні. Кожная такая прэзентацыя збірала дзясяткі тысяч праглядаў і сотні каментараў. Мы гэта аналізавалі, улічвалі рэакцыю людзей, так што гэты праект можна сапраўды назваць народным.
У пэўнай ступені мы выкарысталі ісландскі досвед, дзе Канстытуцыю краіны пісалі ўсе грамадзяне. Мы ў пэўнай ступені пайшлі гэтым шляхам, і цяпер пераходзім да другога этапу — экспертызы дакументаў, у якой будуць прымаць удзел беларускія і замежныя эксперты. Потым будзе паўнавартаснае абмеркаванне з паездкамі чальцоў рабочай групы па рэгіёнах.
Наступны этап — па пытаннях, дзе няма кансенсусу, будзем ладзіць усенароднае галасаванне, ужо ёсць такая дамоўленасць з пляцоўкай «Голас».
— Адно з галоўных, прынцыповых пытанняў — паўнамоцтвы прэзідэнта. Я ўжо бачыў і чытаў крытыку, што ў вашым праекце прэзідэнту аддадзена надта шмат паўнамоцтваў. Пры тым вы заяўляеце, што ў праекце закладзена парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. На што вы больш арыентаваліся, прымаючы рашэнне пра паўнамоцтвы прэзідэнта — на нейкія сусветныя ўзоры ці на цяперашняе стаўленне беларусаў да гэтага інстытуту?
— Сапраўды, многія людзі рэагуюць на наш праект зыходзячы з сёньняшніх рэалій і рэчаіснасці. Яны накладаюць гэтую кальку таго, што сёння ёсць, на праект. Мне падаецца, гэта тупіковы падыход. Мы павінны зыходзіць не з таго, што сёння пры ўладзе людзі, хворыя на ўладу, якія пасінелымі рукамі трымаюцца за свае паўнамоцтвы.
Мы павінны глядзець на заўтрашні дзень, калі ў Беларусі будуць свабодныя, дэмакратычныя выбары, калі будзе палітычная здаровая канкурэнцыя, калі пройдзе працэс дэпрыхватызацыі ўлады.
Калі сыходзіць з таго, якая палітычная мадэль прапанаваная, то мы заяўляем, што ў нас прапанаваная парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання. Менавіта парламенту належаць асноўныя паўнамоцтвы, ён вызначае заканадаўчую базу, фармуе прававое поле. Парламент распрацоўвае і прымае бюджэт, у кадравых пытаннях яму належыць галоўная роля. Прэзідэнт толькі прапаноўвае кандыдатуру прэм’ер-міністра і чальцоў урада, але зацвярджае іх парламент. Калі прэзідэнт прапануе прэм’ер-міністра, то ён не можа прапанаваць чалавека, які не будзе падтрыманы вядучымі фракцыямі парламенту. Ён мусіць правесці адпаведныя палітычныя кансультацыі і толькі пасля гэтага выносіць кандыдатуру.
— Выбары ў парламент у вашым праекце павінны праходзіць па змяшанай сістэме, мажарытарнай (па акругах) і прапарцыйнай (па партыйных спісах). Чаму?
— 110 дэпутатаў у акругах і столькі ж — па партыйных спісах. З гледзішча больш далёкай перспектывы, магчыма, прапарцыйная сістэма будзе больш запатрабаваная. Але на сёння — 27 гадоў наша партыйная сістэма знаходзілася на мяжы выжывання, супраць дэмакратычных партый вялася непрыкрытая вайна. Гэта прывяло да таго, што партыі сёння не маюць вялікай сацыяльнай базы. Я думаю, што на гэтым этапе гэта цалкам адэкватна нашым рэаліям.
— Адно з вечных дыскусійных пытанняў — пра дзяржаўную мову (дзяржаўныя мовы). Вы, як выглядае, абралі нейкі кампрамісны варыянт, які гучыць так: «Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мова. Паважаючы права кожнага выбіраць мову зносін, дзяржава ажыццяўляе захады па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы дзеля далейшага надання ёй у Канстытуцыі статусу адзінай дзяржаўнай мовы». Я разумею, што большасць беларускіх дэмакратычных палітыкаў выступае за адну дзяржаўную мову — беларускую. Выглядае, што ваша група выбрала кампрамісны варыянт, з мэтай прымірыць цяперашнюю рэальнасць, цяперашні стан грамадства і прынцыпы?
— Мы правялі дзясяткі сустрэч з людзьмі ў рэгіёнах, найбольш прынцыповыя тэмы выносілі на галасаванне. Я адзначаю, што прыкладна 80 працэнтаў людзей гатовыя падтрымаць адзіную дзяржаўную мову, але праз нейкі прамежак часу. Многія лічаць, што цяжка 50-гадоваму чалавеку адразу перайсці на беларускую мову, калі ён не быў з ёй раней звязаны. Але гэта проста зрабіць дзецям, якія толькі пайшлі ў школу і дзіцячыя садкі.
Над гэтымі фармулёўкамі мы доўга біліся, і мне падаецца, што мы здольныя патлумачыць людзям, што на сёння гэта дзвюхмоўе, але з вельмі актыўнай падтрымкай беларускай мовы. Бо супраць яе ішла вайна, супраць беларускай мовы змагалася дзяржава, змагаўся клан Аляксандра Лукашэнкі. І тут вельмі шмат чаго трэба аднаўляць, ствараць матывацыі, у тым ліку і эканамічныя. Наша мэта — каб выпускнік беларускай школы дасканала ведаў 3–4 мовы, і тады наш народ будзе канкурэнтаздольны ў многіх галінах.
— Як можа быць ажыццёўлена гэтая Канстытуцыя? Які механізм вы бачыце, па якіх этапах гэта можа адбыцца — вядома, у нейкай «ідэальнай» сітуацыі?
— У нас як у прадстаўнікоў рабочай групы няма такіх паўнамоцтваў, такога мандату — рыхтаваць транзіт улады. У нас задача — падрыхтаваць якасны дакумент на дзесяцігоддзі, які мяняе сістэму. Бо калі старая сістэма застанецца, то абавязкова з’явяцца новыя падлюгі, якія будуць ёй карыстацца.
Як чалавек магу сказаць, што для мяне ідэальна б выглядала, каб мы мелі магчымасць правесці рэферэндум адначасова з выбарамі прэзідэнта. Каб прэзідэнт, якога абяруць людзі, прачнуўся ў іншай сістэме, з іншымі прававымі і палітычнымі каардынатамі. Бо калі прэзідэнт, з новым прозвішчам, застанецца ў цяперашняй сістэме, у яго з’явяцца дзясяткі дарадцаў, якія будуць даводзіць, што пакуль нічога мяняць не трэба, бо сітуацыя напружаная, трэба рашуча праводзіць рэформы і гэтак далей.
Таму ідэальны варыянт — гэта адначасова выбары прэзідэнта і рэферэндум па новай Канстытуцыі. Разам з тым, ідэальнага варыянту можа і не здарыцца, тады можна звярнуцца да Канстытуцыі 1994 года як варыянта для транзіту ўлады.