Куды мы ідзем? У сусьветныя трэнды выплыў бэн Ладэн, мільёны людзей апраўдваюць ягоны тэрор 9 верасьня 2001 году
У 2002 годзе кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі Аль-Каеда, адказны за страшэнныя тэракты Ўсама бэн Ладэн апублікаваў так званы «Ліст да Амэрыкі». У ім тэрарыст апраўдвае сваю дзейнасьць тым, што заходнія краіны атакуюць мусульманаў у Палестыне. Праз 21 год гэты ліст быў выцягнуты з памыйкі і ўскалыхнуў сусьветнае грамадзтва. Што адбываецца?
«Нам хлусілі ўсё жыцьцё, я памятаю, як людзі радаваліся, калі Усаму знайшлі і забілі», — напісаў 25-гадовы карыстальнік, які апублікаваў ліст цалкам. «Я быў дзіцём, і гэта мяне бянтэжыла. Мяне гэта бянтэжыць і сёньня. Сьвет заслугоўвае лепшага, чым тое, што зрабіла зь ім гэтая (ЗША) краіна».
Карыстальнікі з заходніх краінаў масава зьмяшчаюць падобныя заклікі ў сваіх сацсетках.
«Мне трэба, каб усе спынілі тое, што яны зараз робяць, і пайшлі чытаць — гэта літаральна дзьве старонкі — пайшлі чытаць «Ліст да Амэрыкі», — кажуць безьліч карыстальнікаў TikTok у відэа, зьмешчаных на плятформе ў мінулы аўторак. — Вярніцеся сюды і дайце мне ведаць, што вы думаеце. Таму што я адчуваю, што зараз перажываю экзістэнцыяльны крызіс, і шмат людзей перажывае. Так што мне проста трэба, каб нехта адчуў гэта таксама».
Пасьля таго, як ролікі набралі мільёны лайкаў і праглядаў, TikTok выдаліў гэтыя і падобныя відэа. Прэс-сакратар кітайскай плятформы сказаў: «Зьмест, які рэклямуе гэты ліст, відавочна парушае нашыя правілы падтрымкі любой формы тэрарызму. Мы актыўна выдаляем гэты кантэнт і высьвятляем, як ён трапіў на нашую плятформу».
Як трапіў – усім і так вядома: у 2002 годзе «The Guardian» надрукаваў тэрарыстычны маніфэст бэн Ладэна цалкам. Зь мінулага аўторка на працягу некалькіх дзён ён стаў самым папулярным артыкулам выданьня. Праз некалькі дзён зьмест поўнага тэксту быў выдалены з сайту, каб не правакаваць пратэрарыстычныя выказваньні. Выдаленьне выклікала яшчэ большую дыскусію на TikTok і X (раней вядомым як Twitter).
Вірусны пост X ад журналіста Яшара Алі, які асьвятляў гэтыя відэа, набраў 38 мільёнаў праглядаў. У сваім дасьледаваньні Інстытут стратэгічнага дыялёгу выявіў, што колькасьць спасылак на бэн Ладэна на X падскочыла больш чым на 430%, з аўторка па чацьвер. Спасылкі на «Ліст да Амэрыкі» падскочылі з крыху больш чым 4800 да 100 тысячаў, з 719 мільёнамі паказаў на плятформе.
На YouTube колькасьць пошукаў бэн Ладэна таксама падскочыла на 400% з аўторка на чацьвер, паведамляе Google Trends. Функцыя аўтападказкі Instagram у пошуку дапамагала карыстальнікам знаходзіць «Ліст да Амэрыкі» і пазначала яго як «папулярны пошук».
Што ў тэксьце?
Мы прачыталі поўны тэкст, які складае 8 старонак, поўных нянавісьці і крыважэрнасьці да некаторых пластоў грамадзтва. Да якіх? Скажам адразу — да ўсіх людзей ва ўсім белым сьвеце, якія не зьяўляюцца джыхадзістамі. Вытрымкі зь яго пакінем ніжэй.
Бэн Ладэн пачынае свой «Ліст да Амэрыкі» праверанай цытатай:
«Дазвол на барацьбу (супраць нявернікаў) даецца тым (вернікам), хто змагаецца, таму што яны былі пакрыўджаныя, і, безумоўна, Алах здольны даць ім (вернікам) перамогу» — Каран 22:39.
Далей тэрарыст нібы зьвяртаецца да амэрыканскага народу (і больш шырока — да ўсёй заходняй цывілізацыі) і задае сам сабе два пытаньні: «Чаму мы змагаемся і супрацьстаім вам? Да чаго мы вас заклікаем і чаго ад вас хочам?»
Насамрэч гэтыя пытаньні можа паставіць любы здаровы чалавек, калі становіцца сьведкам дзесяцігодзьдзяў ісламісцкіх тэрактаў і войнаў. Чаму тэрарысты робяць тэракты і чаму заўтра ахвярай можа стаць любы чалавек у любой краіне сьвету?
Бэн Ладэн у 2002 годзе адказвае на гэтыя пытаньні:
«Адказ вельмі просты: таму што вы напалі на нас і працягваеце нападаць на нас. Вы напалі на нас у Палестыне, якая патанула пад ваеннай акупацыяй больш чым на 80 гадоў. Брытанцы перадалі Палестыну, з вашай дапамогай і вашай падтрымкай, габрэям, якія акупавалі яе больш за 50 гадоў. Гады, перапоўненыя прыгнётам, тыраніяй, злачынствамі, забойствамі, выгнаньнямі, разбурэньнем і спусташэньнем. Стварэньне і працяг існаваньня Ізраілю зьяўляецца адным з найвялікшых злачынстваў, і вы зьяўляецеся лідэрамі яго злачынстваў.
І, вядома, ня трэба тлумачыць і даказваць ступень амэрыканскай падтрымкі Ізраілю. Стварэньне Ізраілю — гэта злачынства, якое трэба выкрасьліць. Кожны чалавек, чые рукі былі заплямленыя ўкладам у гэтае злачынства, павінен заплаціць свой кошт, і заплаціць за гэта вельмі дорага».
Нагадаем пра самы папулярны сёньняшні лёзунг «мірных прыхільнікаў Газы»: «From the River to the Sea Palestine will be free», што азначае «ад ракі Ярдан да Міжземнага мора не будзе ніводнага габрэя», як і габрэйскай дзяржавы Ізраіль. Маніфэст Усамы бэн Ладэна ў дзеяньні.
Тэрарыст працягвае: «У нас і сьмех, і сьлёзы выклікае, што вы яшчэ не стаміліся паўтараць сваю сфабрыкаваную хлусьню аб тым, што габрэі маюць гістарычнае права на Палестыну, як гэта было абяцана ім у Торы. Любы, хто спрачаецца зь імі па гэтым меркаваным факце, абвінавачваецца ў антысэмітызме. Гэта адна з самых ілжывых, шырока распаўсюджаных выдумак у гісторыі. Народ Палестыны — чыстыя арабы і спрадвечныя сэміты. Гэта мусульмане, якія зьяўляюцца спадкаемцамі Майсея і спадчыньнікамі сапраўднай Торы, якая не была зьмененая. Мусульмане вераць ва ўсіх прарокаў, у тым ліку Абрагама, Майсея, Езуса і Мухамеда, мір і бласлаўленьне Алаха ўсім ім. Калі пасьлядоўнікам Майсея ў Торы абяцана права на Палестыну, то мусульмане зьяўляюцца самым вартым гэтага народам».
Бэн Ладэн вярзе гістарычную і рэлігійную лухту, на якую вядуцца людзі, якім лянота скласьці які-кольвек лягічны ланцужок.
Усама канкрэтна заяўляе: «Кроў, якая праліваецца з Палестыны, павінна быць аднолькава адпомшчаная. Пад вашым наглядам, згодай і загадам урады нашых краінаў, якія дзейнічаюць як вашы агенты, нападаюць на нас штодня. Гэтыя ўрады перашкаджаюць нашым людзям усталяваць ісламскі шарыят. Гэтыя ўрады скарыліся габрэям і перадалі ім большую частку Палестыны.
Зьняцьцё гэтых урадаў зьяўляецца нашым абавязкам і неабходным крокам, каб зрабіць шарыят найвышэйшым законам і вярнуць Палестыну. І наша барацьба супраць гэтых урадаў не адрозьніваецца ад нашай барацьбы супраць вас. Вы падтрымалі габрэяў у іх ідэі, што Ерузалім зьяўляецца іх вечнай сталіцай, і пагадзіліся перанесьці туды сваю амбасаду. З вашай дапамогай і пад вашай абаронай ізраільцяне плянуюць зьнішчыць мячэць Аль-Акса.
Наша рэлігія і інтэлект кажуць, што прыгнечаныя маюць права вярнуць агрэсію.
Не чакайце ад нас нічога, акрамя джыхаду, супраціву і помсты. Алах, Усемагутны, заканадаўча дазволіў і магчымасьць адпомсьціць.
Такім чынам, калі на нас напалі, то мы маем права атакаваць у адказ. Хто нішчыў нашыя вёскі і гарады— мы маем права зьнішчаць іх вёскі і гарады. Хто скраў нашы багацьці — мы маем права зьнішчыць іх эканоміку. А калі хто забіваў нашых мірных жыхароў, то мы маем права забіваць іх».
А пасьля былы кіраўнік тэрарыстаў з Аль-Каеды адказвае на другое, ім жа пастаўленае пытаньне:
«Што тычыцца другога пытаньня, на якое мы хочам адказаць: да чаго мы вас заклікаем і чаго ад вас хочам?
Першае, да чаго мы вас заклікаем, — гэта іслам. Гэта рэлігія джыхаду на шляху Алаха, каб Слова Алаха і рэлігія панавалі вышэй за ўсіх. Другое, да чаго мы вас заклікаем: спыніць ваш прыгнёт, хлусьню, амаральнасьць і распусту, якія распаўсюдзіліся сярод вас.
Вы зьяўляецеся нацыяй, якая замест таго, каб кіравацца шарыятам Алаха ў сваёй Канстытуцыі і законах, вырашыла вынаходзіць свае ўласныя законы па сваім жаданьні. Вы нацыя, якая эксплюатуе жанчынаў, як спажывецкія тавары або рэклямныя інструмэнты, якія заклікаюць кліентаў набыць іх. Вы — нацыя, якая практыкуе гандаль сэксам ва ўсіх ягоных формах, наўпрост і ўскосна.
Ідзіце наперад і хваліцеся народам чалавечым, што вы прынесьлі ім СНІД як сатанінскае амэрыканскае вынаходніцтва».
Цікава, ці гатовыя тыя, хто выгуквае «Free Gaza!», да ўсталяваньня законаў шарыяту ў іх краіне?
А напрыканцы бэн Ладэн не шкадуе апісаньня тэрарыстычных актаў, якія чакаюць увесь цывілізаваны сьвет, які не жыве ў ісламскім сьвеце, і больш за тое, у шарыяцкім ісламскім сьвеце:
“Свабода і дэмакратыя, да якіх вы заклікаеце, прызначаныя толькі для вас і толькі для белай расы. Калі вы ня зможаце адказаць на нашыя ўмовы, то рыхтуйцеся да барацьбы з ісламскай нацыяй.
Нацыя пакутніцтва, Нацыя, якая жадае сьмерці больш, чым вы жадаеце жыцьця: "Ня думайце пра тых, хто забіты на шляху Алаха, як пра мёртвых. Не, яны жывыя са сваім Алахам, і яны забясьпечаныя. Яны радуюцца таму, што Алах дараваў ім са сваёй шчодрасьці, і радуюцца дзеля тых, хто яшчэ не далучыўся да іх, але пакінуты (яшчэ не стаў пакутнікам)" — Каран 3:169-171.
Калі амэрыканцы адмаўляюцца прыслухоўвацца да нашых парадаў і дабрыні, кіраўніцтва і праведнасьці, да якіх мы іх заклікаем, тады майце на ўвазе, што вы прайграеце гэты крыжовы паход, які пачаў Буш, як і іншыя папярэднія крыжовыя паходы, у якіх вы былі зьняважаныя рукамі Маджахедаў, што вы ўцякаеце ў ваш дом у вялікай цішыні і ганьбе. Калі амэрыканцы не адкажуць, іх чакае лёс Саветаў, якія ўцяклі з Аўганістану, каб справіцца з ваеннай паразай, палітычным распадам, ідэалягічным падзеньнем і эканамічным банкруцтвам».
Пакуль тысячы людзей сьлязьліва зьвярталі ўвагу на камэнтары тэрарыста бэн Ладэна па палестынскім пытаньні, вельмі мала хто падкрэсьліваў жорсткую крытыку ў лісьце заходняй «амаральнасьці і распусты», уключна з «блудам, гамасэксуалізмам, наркатычнымі рэчывамі, азартнымі гульнямі і гандлем з адсоткамі».
Як кажуць, альбо крыж здыміце (у нашым выпадку паўмесяц), альбо бялізну надзеньце.
Ну а зараз пашыраецца трэнд, калі чалавек на відэа паказвае, якім радасным і шчасьлівым ён быў, калі стала вядома пра забойства бэн Ладэна, а далей — які сумны чалавек сёньня, калі ён разумее, што бэн Ладэн быў правы.
І яшчэ раз: гаворка вядзецца не пра арабскія ці іншыя ісламскія краіны — распаўсюд гэтай злачыннай тэрарыстычнай тэорыі адбываецца сярод звычайных жыхароў заходняй цывілізацыі.