Змаганне за TikTok: Лукашэнка ці Ціханоўская?
Дырэктарка «Цэнтра новых ідэй» Леся Руднік параўноўвае праўладны і дэмакратычны сегменты TikTok. Вынікі вам не спадабаюцца.
У гэтым месяцы «Цэнтр новых ідэй» прадставіў даследаванне, у якім сярод іншага мы дзелімся вынікамі маніторынгу Тэлеграм і TikTok кантэнту прадэмакратычных і праўладных спікераў.
Назіраючы за самымі буйнымі праўладнымі каналамі, акаўнтамі і хэштэгамі, мы заўважылі некалькі цікавых аспектаў таго, як прарэжымныя спікеры прасоўваюць свае наратывы ў TikTok. У гэтым артыкуле разбіраемся, чаму TikTok набірае палітычныя абароты, хто галоўны «краш» прыхільнікаў рэжыму і як утрымліваць беларусаў у палітычным полі.
Чаму мы звярнулі ўвагу на TikTok?
TikTok, які яшчэ некалькі гадоў таму называлі сацсеткай для падлеткаў, ужо даўно набыў рысы «дарослай» лічбавай платформы. Сацсетка выкарыстоўвалася для мабілізацыі пратэстаў у Ганконгу і буйных гарадах Расіі пасля арышту Аляксея Навальнага. Як і любая сацсетка, калісьці створаная для забавы, TikTok стаў месцам, дзе выказваюць меркаванне на палітычныя тэмы, транслююць падзеі з палітычных мерапрыемстваў, палітыкі шукаюць малады электарат, а кампаніі — сваіх пакупнікоў.
Дзякуючы сваім алгарытмам, TikTok прыцягвае многіх індывідуальных карыстальнікаў, якія, не будучы афіляваныя з медыя або палітыкамі, выказваюць сваё меркаванне і знаходзяць падтрымку на платформе. Асаблівасць TikTok яшчэ і ў тым, што ахопы сеткі значна вышэй, чым, напрыклад, у Тэлеграм. Платформай карыстаюцца 38% насельніцтва з доступам да Інтэрнэту (для параўнання, Фэйсбук выкарыстоўваюць 9%, Instagram – 46%). Асобныя хэштэгі, пад якімі публікуюць відэа, набіраюць дзясяткі трыльёнаў праглядаў. Толькі на працягу 12 тыдняў праведзенага намі маніторынгу, хэштэг #забатьку вырас на 500 млн праглядаў.
Нягледзячы на тое, што ўладальнікам TikTok з'яўляецца кітайская кампанія ByteDance, якую паўсюдна крытыкуюць за абыходжанне з персанальнымі данымі, папулярнасць платформы на сёння ўжо складана пераплюнуць. Адрозненне TikTok у тым, што папулярным можа стаць любы індывідуальны карыстальнік, якога прасоўваюць алгарытмы платформы. Напрыклад, у нашым маніторынгу суадносіны палітычнага кантэнту ад індывідуальных карыстальнікаў і ад медыя, палітыкаў ці прэс-службаў – прыкладна 1 да 10.
Дзякуючы гэтай спецыфіцы, адсачыць усіх новых TikTok-селебрыці рэжыму досыць складана. Хоць за апошні час затрыманні TikTok блогераў у Беларусі сталі больш частымі, рызыкі для спажыўца кантэнту ў TikTok нашмат ніжэйшыя. Акрамя таго, TikTok у Беларусі пакуль не абмежаваны і з боку менеджменту платформы, як гэта адбылося, напрыклад, у Расіі ў адказ на ўвядзенне закона «аб фэйках». Таму, як мінімум пакуль, TikTok прадстаўляе больш адкрытую і складана кантраляваную пляцоўку для распаўсюджвання палітычнага кантэнту. Гэта разумеюць і дэмакратычныя сілы, і праўладныя піяршчыкі.
Як працуюць з TikTok дэмсілы і рэжым?
З вынікаў нашага маніторынгу можна зрабіць некалькі цэнтральных назіранняў. Па-першае, рэжым актыўна працуе з платформай: праўладныя спікеры метадычна распаўсюджваюць відэа з ідэалагічнымі наратывамі (тлумачачы паходжанне беларускай дзяржаўнасці, дыскрэдытуючы беларускую мову і дэманізуючы БЧБ-сцяг), з заклікамі да моладзі ўдзельнічаць у розных флэшмобах, з кароткімі бытавымі замалёўкамі з жыцця Лукашэнкі і яго сям'і. Заўважна, што каналы, створаныя структурамі рэжыму, выкарыстоўваюць прасунутыя магчымасці платформы: трэндавую музыку, платнае прыкладанне для рэдакцыі відэа ў TikTok, CapCut.
Па-другое, стратэгія працы з платформай прадэмакратычных сіл адрозніваецца меншай персаналізацыяй. Гэта заўважна ў тым ліку пры аналізе хэштэгаў, якія выкарыстоўваюцца на платформе як маркеры і катэгарызатары відэа. Напрыклад, за час маніторынгу мы адзначылі самыя папулярныя хэштэгі двух палітычных лагераў. Так, хэштэг #Ціханоўская ў 15 разоў менш папулярны, чым #Лукашэнка (самы папулярны праўладны хэштэг), а галоўным хэштэгам прадэмакратычнага сегмента ў TikTok стаў #жывебеларусь.
Па-трэцяе, прадэмакратычныя прадзюсары кантэнту часцей звяртаюцца да кадраў з мінулага.
Настальгія па салідарнасці беларускага грамадства на маршах, запісы выступаў палітыкаў на пратэстах часта публікуюцца з патрыятычнымі песнямі і подпісамі аб тым, што за тры гады беларусы не забыліся, кім былі ў 2020 годзе.
Па-чацвёртае, сярод прадэмакратычных акаўнтаў часта сустракаюцца фарматы гістарычнага лікбезу або развенчвання міфаў прарэжымнай прапаганды. На фоне гэтага, кантэнт прадэмакратычных спікераў часта нагадвае стрыманы аналітычны фармат, які моцна кантрастуе з агрэсіўнай рыторыкай і дыскрэдытацыяй апанентаў у праўладных відэа.
Яшчэ адно з прыкметных адрозненняў у TikTok двух палітычных лагераў — гэта рамантызацыя палітычных фігур у прарэжымных спікераў. У праўладным сегменце TikTok выбудаваўся цэлы трэнд на аб'ектывацыю і рамантызацыю Мікалая Лукашэнкі. Коля Лукашэнка на хакейным матчы, параўнанне Колі Лукашэнкі як дзіцяці і як дарослага хлопца, якія суправаджаюцца рамантычнай музыкай, смайламі і подпісамі, што ўсхваляюць яго асобу, актыўна распаўсюджваюцца на платформе.
Як больш эфектыўна выкарыстоўваць TikTok для прасоўвання палітычных наратываў?
З нашага даследавання вынікае выснова, што TikTok ужо стаў хостынгам для беларускага палітычнага кантэнту. Праўладныя і прадэмакратычныя акаўнты прасоўваюць свой парадак дня, апелюючы да гісторыі, ідэалогіі, дыскрэдытуючы палітычных апанентаў і рамантызуючы палітычныя фігуры. У той жа час, фарматы працы дэмакратычных спікераў з большага зыходзяць з настальгіі пра падзеі 2020 года. Што маглі б рабіць прадэмакратычныя сілы, каб прапаноўваць свой парадак дня і наратывы на, мабыць, адной з самых папулярных і пакуль адкрытых платформаў?
Наша даследаванне паказвае, што большасць кантэнту на платформе публікуюць індывідуальныя карыстальнікі. Пры гэтым, сярод прадэмакратычнага сегмента такіх відэа нашмат менш, чым у праўладнага. Відэа TikTok-селебрыці могуць падвысіць цікавасць да постацяў дэмакратычнага руху. Для гэтага неабавязкова рабіць «крашам» беларусаў Ціханоўскую, роўна як рэжым рамантызуе Колю Лукашэнку. Але прасоўваць кантэнт ад індывідуальных прадзюсараў кантэнту, набліжаны да людзей розных пакаленняў і поглядаў, дакладна варта. Капітал палітычнай падтрымкі часта зараджаецца праз штодзённыя практыкі, як напрыклад, прагляд непалітычнага і лёгка спажыванага кантэнту.
Аднак увага да палітыкаў мае патэнцыял канвертацыі ў электаральную падтрымку або палітычную лаяльнасць толькі тады, калі напоўнены сэнсамі. Таму прадэмакратычны сегмент можа развівацца за кошт прасоўвання новых сэнсаў і палітычных наратываў. Мэтай такога TikTok кантэнту неабавязкова павінны быць заклікі ўключацца ў ініцыятывы дэмакратычных сіл. Альтэрнатывай могуць стаць публікацыі, якія ў лёгкім фармаце тлумачаць, у чым прывабнасць еўрапейскай будучыні Беларусі або зніжэння эканамічнай залежнасці ад Расеі. Галоўнае ў гэтай справе не абапірацца на настальгію, а праактыўна дэманстраваць, што ў прадэмакратычнай супольнасці ёсць бачанне альтэрнатыўнай будучыні.
Аналізуючы прадэмакратычны сегмент TikTok, мы звярнулі ўвагу, што адным з найбольш паспяховых фарматаў стаў «факт-чэкінг» і развенчванне міфаў. Напрыклад, нам сустракаліся папулярныя відэа з факталагічнымі абвяржэннямі сюжэтаў прапаганды. На фоне агрэсіўнай рыторыкі праўладных акаўнтаў, цвярозы аналітычны падыход да даступнага і кароткага аналізу сітуацыі выглядае адэкватным і сучасным. Узмацненне фармату факт-чэкінга і выкрыцця праўладных спікераў з выкарыстаннем узважаных аргументаў можа прыцягнуць увагу беларусаў.
Ва ўмовах, калі дэмакратычныя сілы не маюць іншага доступу да сваёй аўдыторыі, праца з лічбавай прасторай з'яўляецца важным каналам сувязі з беларусамі ў краіне. Пакуль дазволены TikTok дае для гэтага прастору, дэмакратычныя спікеры могуць выкарыстоўваць платформы для прасоўвання сваіх наратываў, ствараць вобразы палітыкаў, якім хочацца давяраць, якія здольныя кіраваць краінай.