Крыху згвалтавалі
Мой арышт і рэакцыя на яго адкрылі мне вочы на яшчэ адну нацыянальную адметнасць беларусаў — мысленне на падставе параўнальнага аналіза. Што б ні здарылыся, беларус можа даць ацэнку гэтаму толькі калі параўнае з чым-небудзь.
Зміцер Галко пасля вызвалення 16 мая. Фота Барыса Гарэцкага
У той ці іншай ступені падобнае мысленне ўласціва ўсім народам, аднак у беларусаў яно набыло маніякальны характар. Ва ўсім гэтым не было б нічога дрэннага, не рабі яны гэтага ў выпадках, якія патрабуюць абсалютнай ацэнкі. Таму ў межах падобнага мыслення можна быць крышку цяжарнай, крышку згвалтаванай, крышку подлым, крышку баязлівым, крышку бессаромным, напрыклад...
Я ужо не адзін раз пачуў пасля вызвалення з-за кратаў параўнальную ацэнку свайго турэмнага вопыту. Што 10 сутак — гэта яшчэ нічога, можна перацярпець, несмяротна, варта плюнуць і забыцца на гэта, і ўвогуле — нічога страшнага не здарылася, няма пра што гаварыць.
Канешне, 10 сутак — гэта не 8 гадоў, якія атрымаў Ігар Аліневіч. Але навошта гэта параўнанне ступеняў цяжкасці перанесеных выпрабаванняў? Гаворка ж ідзе не пра тое, каму болей спачуваць. Да пацярпелага можна ставіцца абыякава ці нават не ўспрымаць яго аж да знікнення апетыту. Толькі закон — адзіны для ўсіх, а гэта значыць, што беззаконне — гэта не тое, што здараецца з іншымі, яно накіравана супраць кожнага.
Суддзя Хаткевіч выносіў незаконны прысуд не Будзіміру, якога ён ведаць не ведае. Сведкі Жарскі і Гарошка таксама хлусілі не асабіста супраць Будзіміра. Цяжка сказаць, пра што яны пры гэтым думалі, мо для іх гэта проста гульня, забава, і яны не ўсведамляюць, што пайшлі на злачынства: міжволі аднялі свабоду ў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
У канкрэтным выпадку з Будзімірам ім гэта, мажліва, загадалі, але трэба быць зусім няпужаным ідыётам, каб лічыць, што на наступны дзень яны пераўтворацца ў прынцыповых абаронцаў законнасці. Пасля таго, як гэтыя спадары выканалі незаконны загад, не толькі яны сталі закладнікамі ўлады, але і яна сама стала іх закладнікам. Выканаўшы яе незаконны загад, яны аўтаматычна атрымалі карт-бланш на любыя іншыя парушэнні закона па свайму гледжанню, на якія цяпер уладзе давядзецца заплюшчваць вочы.
Такім чынам, як бы патэтычна гэта ні гучала, заўтра могуць "крышку згвалтаваць" цябе, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І табе, хутчэй за ўсё, на гэта нават не паспачуваюць, скажуць, што гэта яшчэ нічога, можна вытрымаць...