Класкоўскі: Выбары 2024 года будуць стэрыльнымі як ніколі

Навучаны цяжкім досведам 2020 года, рэжым адкрытым тэкстам заяўляе, што нават аніякай бачнасці дэмакратыі больш не будзе.

il5j1ravdfeprxgk.jpg_logo_1.webp

Аказваецца, у 2020-м у Беларусі адбыліся дэмакратычныя выбары, але ніхто на Захадзе «дзякуй» не сказаў. Такую заяву зрабіў 6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, які з'явіўся ў камуфляжы на адным з аб'ектаў Міністэрства абароны. «Цяпер мы з імі гуляць на полі дэмакратыі не будзем», — паабяцаў кіраўнік. Хто б сумняваўся.

Гэтыя адкрыцці пацвярджаюць прагноз аналітыкаў: выбары 2024 года будуць стэрыльнымі як ніколі, — піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

А для свайго народа дэмакратыя быццам і не патрэбная

Але ў гэтых заявах кіраўніка рэжыму ёсць шэраг характэрных нюансаў. Аказваецца, у Беларусі, якая паводле Канстытуцыі з'яўляецца дэмакратычнай дзяржавай, могуць быць максімум гульні на гэтым полі. Ды і то ў разліку на заходняе «дзякуй». Іншымі словамі, рэжым да пары да часу быў гатовы неахвотна дапускаць бачнасць палітычнага плюралізму ў абмен на прызнанне вынікаў выбараў, міжнародную легітымацыю. Калі ж такіх спадзеваў няма, то вось вам кукіш.

А тое, што ўлады абавязаны ў прынцыпе заўсёды забяспечваць дэмакратызм выбараў для ўласнага народа, выконваць Канстытуцыю, у рамках гэтых разваг наогул не бярэцца ў разлік.

Вядома, і ў 2020-м аніякім дэмакратызмам на прэзідэнцкіх выбарах і не пахла. На самым пачатку кампаніі пасадзілі наймацнейшых імаверных канкурэнтаў Лукашэнкі — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку. Такім жа чынам нейтралізавалі апазіцыйных лідараў вулічнага тыпу: Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца. Прыкрываючыся пандэміяй кавіда, «адсеклі» незалежных назіральнікаў. АМАП стаў жорстка «вінціць» людзей на акцыях задоўга да дня галасавання.

Праўда, нечакана кандыдатам зарэгістравалі Святлану Ціханоўскую. Верагодна, менавіта на гэта Лукашэнка цяпер намякае як на прыкмету дэмакратызму той кампаніі. Мабыць, і сапраўды быў разлік, з аднаго боку, паказаць такім чынам нейкую памяркоўнасць да апанентаў, з другога — даць правадыру магчымасць трыумфальна абыграць «хатнюю гаспадыню».


Глядзіце таксама

У выніку, як мы ведаем, усё пайшло не так, дэ-факта атрымаліся перакулены выбары. Але ЦВК усё роўна вывеў 80% за Лукашэнку, а пратэсты былі жорстка задушаны. Вось і ўся «гульня на полі дэмакратыі».

Цяпер жа, апёкшыся на малацэ, улады маюць намер дзьмуць на ваду. Апазіцыйныя партыі ліквідаваны. Лукашэнка амаль на кожнай нарадзе настройвае вертыкаль на тое, каб яна жалезна трымала ў сваіх руках ход электаральнай кампаніі 2024 года — выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Няцяжка здагадацца, што прэзідэнцкія выбары 2025 года правадыр рэжыму мае намер правесці пад яшчэ больш жорсткім кантролем. Каб ніхто ў краіне не трымцеў.

«Мы будзем выключна падыходзіць са сваіх пазіцый. Таму што мы ўбачылі, што гэта за «дэмакратыя». < ... > Мы ўжо гэтага наеліся [у 2020 годзе], мы людзі дасведчаныя, навучаемся як след», — заявіў Лукашэнка набліжаным журналістам 6 кастрычніка.

Так, гэтага не адбярэш. У плане падаўлення нязгодных, пашырэння рэпрэсіўных практык рэжым, з аднаго боку, ахвотна запазычвае досвед сталінізму, з другога — праяўляе незвычайны крэатыў, асабліва ў барацьбе з іншадумствам ва ўмовах інфармацыйнай эпохі.

Мінск хоча, каб палякі адсунулі ад улады «халуёў»

Але вось што паказальна: не збіраючыся саступаць Захаду, Лукашэнка, тым не менш, спадзяецца ў адносінах з ім як мінімум адштурхнуцца ад дна.

На днях ён зноў паспрабаваў зрабіць нейкі рэверанс перад суседзямі за Бугам: «Мы не хочам, каб палякі лічылі нас чужымі людзьмі, ворагамі. Мы ніколі не ставілі сваёй мэтай нават не ваяваць — абвастраць з палякамі адносіны».

З'едлівы крытык тут жа спытае: а хто справакаваў наплыў бежанцаў на польскую мяжу? А хто пагражаў «экскурсіяй» «вагнераўцаў» на Варшаву ці Жэшуў?


Глядзіце таксама

Ды і гэтым разам кіраўнік не саромеўся ў выразах, гаворачы пра польскае кіраўніцтва: маўляў, прэзідэнт Анджэй Дуда і прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі — «халуі Вашынгтона». А калі зайшла гаворка пра вайну, то з языка сарвалася звыклая галаслоўная страшылка, што «палякі ўжо гатовы прыхапіць захад Украіны».

Пры гэтым, аднак, прагучала надзея, што на будучых парламенцкіх выбарах у Польшчы можа перамагчы апазіцыя на чале з Дональдам Тускам. І што новыя ўлады «ўсё-ткі галаву ў рукі возьмуць і будуць працаваць на тое, каб наладзіць адносіны».

Больш за тое, было апублікавана нешта накшталт інсайду: маўляў, польскія дыпламаты, якія працуюць у Беларусі, спадзяюцца на перазагрузку адносін у выпадку змены ўлады ў сваёй краіне. Незразумела, што гэта: рэха праслухоўвання, зліў нейкага канфідэнцыйнага абмену думкамі ці проста фантазія.

Двое аўтакратаў спадзяюцца, што заходнія «слабакі» выратуюць

Наогул жа відавочна: кіраўнік рэжыму спадзяецца на тое, што менавіта яго ўпартасць прымусіць не толькі Варшаву, але і Захад у цэлым, асабліва ЕС, шукаць больш мяккія, кампрамісныя падыходы: «...вельмі спадзяюся, нутром чую, што Германія і агулам Еўропа, Францыя таксама паварочваюцца ў наш бок».

Варта адзначыць, што ў гэтым плане спадзевы Крамля і Лукашэнкі сугучныя. У прыватнасці, ёсць разлік на тое, што Захад будзе ўсё мацней стамляцца ад падтрымкі Украіны. Што заходнія палітыкі, жадаючы абірацца або пераабірацца, улічаць настроі той часткі электарату, якая не ў захапленні ад санкцый і паставак зброі Кіеву.

Еўрапейскім дэмакратыям наогул цяжка дамовіцца наконт новых пакетаў санкцый, таму што патрэбны кансэнсус, а некаторыя краіны, накшталт Венгрыі, вядуць сваю гульню. Дарэчы, нядаўна Лукашэнка атрымаў ад пасла Венгрыі даверчыя граматы — гэта маленькі прарыў. У Славакіі перамагла партыя, якую называюць прарасійскай. Падобныя сілы маюць шанцы ўмацаваць свае пазіцыі і ў некаторых іншых краінах ЕС. Традыцыйна ў Мінска асаблівыя адносіны з афіцыйнай Венай, Ватыканам. Партугалія ва ўгоду Бразіліі лабіруе паслабленне санкцый супраць беларускага калію.

А яшчэ Масква і Мінск спадзяюцца, што ў ЗША вернецца да ўлады Дональд Трамп, стануць «руліць» рэспубліканцы. І гэта таксама можа аслабіць падтрымку Украіны, санкцыйную палітыку Захаду.

Наогул і Уладзімір Пуцін, і Лукашэнка пагардліва глядзяць на дэмакратычны лад (Лукашэнка зноў ужыў слоўца «дерьмократия»), лічаць заходніх палітыкаў слабакамі. І сапраўды, тым трэба ўвесь час думаць пра капрызы выбаршчыка, у іх кароткія кадэнцыі, пастаянная ратацыя. Цяперашнія расійскі і беларускі аўтакраты перажылі ўжо не адну палітычную каманду на ўзроўні Бруселя і асобных краін Еўропы.


Глядзіце таксама

Аўтакраты могуць прымаць рашэнні, кідаць вялікія рэсурсы на тую ці іншую мэту без доўгіх дыскусій. Жорсткасць, адсутнасць маральных тармазоў яны таксама лічаць сваёй перавагай, зброяй. І трэба сказаць, карыстаюцца імі ўмела. Увогуле, Фрэнсіс Фукуяма відавочна паспяшаўся, калі на мяжы 1990-х, у момант крушэння сусветнай камуністычнай сістэмы, абвясціў пра канец гісторыі, маючы на ўвазе глабальны трыумф дэмакратыі. У сённяшнім свеце ўсё значна складаней, трагічней.

А апошні аргумент — ядзерная дубінка

Зразумела, што знешнепалітычныя «хацелкі» Крамля і Мінска шмат у чым ілюзорныя. Напрыклад, незалежныя аналітыкі адзначаюць, што верагодная змена ўлады ў Польшчы прынцыпова не зменіць палітыку Варшавы ў беларускім пытанні. Ды і ў цэлым і ЕС, і ЗША пры ўсіх варыянтах ратацыі фігур на тамтэйшых алімпах напэўна не адмовяцца ад дэмакратычных каштоўнасцей, а значыць антаганізм у адносінах з цяперашнімі рэжымамі ў Мінску і Маскве нікуды не дзенецца.

Але як мінімум на паслабленне ціску, смуту ў шэрагах «калектыўнага Захаду» Пуцін і Лукашэнка спадзяюцца.


Глядзіце таксама

У любым выпадку адступаць перад «дерьмократией» гэтыя двое кіраўнікоў не маюць намеру. Урэшце, калі Захад будзе моцна ціснуць, то ў Масквы ёсць «чырвоная кнопка», нагадаў Лукашэнка, фактычна рэтранслюючы пуцінскі ядзерны шантаж.

І расійскую ядзерную зброю ён размясціў на сваёй тэрыторыі з вялікай ахвотай: паспрабуйце суньцеся! Дубінка ў руках, асабліва ядзерная — куды больш надзейная рэч, чым «гульні на полі дэмакратыі».