«Кепская навіна для Лукашэнкі і Пуціна». Олаф Шольц стане наступным канцлерам Германіі

Пасля двух месяцаў перамоваў сацыял-дэмакраты дасягнулі згоды з Зялёнымі і «Свабоднымі дэмакратамі». Олаф Шольц будзе наступным пасля Ангелы Меркель канцлерам Германіі.

2f561cdfbeee1103966888150f86bc3b.jpg


Падрабязнасці кааліцыйнага дагавора, які дае большасць у Бундэстагу, будуць апублікаваныя 24 лістапада ў 17 гадзін па мінскім часе, паведамляе bloomberg.com.

Шольц займае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму ў Мінску.

Аглядальнік замежнай прэсы, гісторык Аляксандр Фрыдман са спасылкай на газету Bild паведамляе, што будучым міністрам клімату і эканомікі Германіі стане Роберт Хабек (за ім будзе апошняе слова з нагоды «Паўночнага патоку-2»), а знешнепалітычнае ведамства краіны ўзначаліць Аналена Баербок. Лідары партыі Зялёныя Хабек і Баербок з’яўляюцца, па яго словах, «радыкальнымі крытыкамі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама прыхільнікамі рашучых мер у дачыненні да беларускай дыктатуры. І гэта найгоршы “нямецкі сцэнар”, які маглі б сабе ўявіць у Мінску і ў Маскве».

Нагадаем, па выніках выбараў у Бундэстаг сацыял-дэмакраты занялі першае месца, апярэдзіўшы хрысціянскіх дэмакратаў. У склад новай кааліцыі разам з СДПГ увойдуць Зялёныя і Свабодная дэмакратычная партыя.

Выбары ў Бундэстаг прайшлі ў канцы верасня. Блок хрысціянскіх дэмакратаў, да якога належыць дзейная канцлерка Ангела Меркель, страціў 48 месцаў у парламенце, сацыял-дэмакраты атрымалі на 53 крэслы больш, чым было ў іх раней.