Каардынатар Руху «За Свабоду» затрыманы ў Пінску

Акцыя пратэсту планавалася сёння мясцовымі жыхарамі на цэнтральнай плошчы Пінска. Гарадскі каардынатар Руху «За Свабоду» Алесь Рамановіч быў затрыманы на подступах да месца правядзення.

ramanovicz.jpg





«Я не дайшоў да плошчы метраў 30. Плошча — ачэпленая, аўтазакі, міліцыя, асобы ў цывільным. Людзей, каго пазнаюць у твар, затрымліваюць», — распавёў Алесь Рамановіч.

Яго міліцыянты і людзі ў цывільным пасадзілі ў машыну і адразу адвезлі ў міліцыю, у гарадскі аддзел.

«Пашпарт у мяне забралі, але не паведамілі, у якім статусе я знаходжуся. Хацелі адраць і тэлефон, але я запытаўся, у якім статусе, і пакуль пакінулі», — адзначыў актывіст Руху «За Свабоду».

Па ягоных словах, побач стаіць сяржант, які сочыць, каб ён не сышоў з ГАУС.

«Нажаль, не патрапіў я на плошчу. Думаю, што і людзей туды не пусцяць людзі ў цывільным», — заключыў Рамановіч.

На гэты момант сувязь з актывістам ёсць, ён знаходзіцца ў гарадскім аддзеле ўнутраных справаў Пінска. Дакладная колькасць затрыманых невядомая. У пастарунак даставілі яшчэ аднаго мясцовага актывіста Мікалая Міхалевіча.

Напярэдадні акцыі быў праведзены вобшук у актывіста Руху "За Свабоду" Ігара Салаўя, у яго быў канфіскаваны кампутар і вінчэсцер.

, pyx.by