Першамай у Мінску (фотарэпартаж анлайн, +відэа)
Сёння ў Мінску, як і ў іншых гарадах Беларусі адбываюцца акцыі пратэсту. Беларускі нацыянальны кангрэс заклікаў правесці акцыю пратэсту 1 траўня
а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.
13.50. На Кастрычніцкай пачынаюць збірацца людзі. Прыйшла Марына Адамовіч. Нагадаем напярэдадні Мікола Статкевіч быў арыштаваны на 5 сутак.
14.00. " Людзі не спадзяюцца на ўладу, спадзяюцца толькі на сябе, — кажа лідар Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч. Ён прагназуе рост пратэстаў восенню. Кажа пра запалохвання і затрыманні актывістаў ў Мінску і рэгіёнах. "Калі пратэсты выбухнуць, у уладаў не хопіць турмаў", — кажа Губарэвіч.
На акцыю прыйшлі Уладзімір Някляеў і Валер Шчукін. Людзі пачынаюць збірацца.
Адзін з удзельнікаў акцыі дэманструе прысутным чысты аркуш паперы. Кажа, што не трэба нічога на ім пісаць, усім і так зразумела, што адбываецца ў краіне.
14.10. Міліцыя заклікае разыходзіцца, папярэджвае пра прымяненні спецсродкаў.
Але людзі не звяртаюць увагу. Прыйшлі Ніна Багіснкая і Мікола Савіцкі.
Прафесар Мікола Савіцкі прачытаў верш: "Мы выйдзем шчыльнымі радамі...". Прысутныя адгукнуліся апладысментамі.
14.20. Павал Севярынец скандуе: "Салідарнасць!", "Жыве Беларусь!". Людзі падхопліваюць яго словы.
На плошчы сабралося шмат людзей. Лідары занялі прыступкі Палаца Рэспублікі. Пачаўся мітынг.
14.25. Уладзімір Някляеў падзякаваў усім, хто прыйшоў. Заклікаў да салідарнасці і абвясціў аб пачатку мітынгу. Ён нагадаў пра чарговае выкраданне Міколы Статкевіча. Таксама слова на мітынгу далі Марыне Адамовіч.
14.30. Марына Адамовіч кажа: "Нас не напалохаць. Сёння свята салідарнасці!" Яна заклікала да салідарнасці з арыштаванымі патрыётамі. Таксама патрабванне вызваліць усіх патрыётаў выказаў Павел Севярынец. Людзі скандуюць: "Адстаўка!" "Свабода!"
Вячаслаў Сіўчык агучвае патрабаванне свабоды ўсім палітвязням.
14.35. На мітынг у Мінск прыехала і актывістка з Брэста Наталля Папкова. Пасля прамоў Яўген Афнагель заклікаў прысутных ісці да плошчы Незалежнасці. Людзі пагадзіліся. Некалікі сот чалавек рушаць убок плошчы Незалежнасці.
За людзьмі рушылі і аўтазакі.
14.45. Мінакі падтрымліваюць удзельнікаў акцыі апладысментамі.
Максім Вінярскі запаліў фаер.
14.50. Калона прайшла ГУМ і рушыла далей.
Праходзячы каля будынку КДБ, калона пачала сканадаваць: "Далоў КДБ!"
14.55 Удзельнікі акцыі паступова набліжаюцца да плошчы Незалежнасці. Іх суправаджаюць аўтазакі і пяць мікрааўтобусаў без нумароў.
15.00. Калона выйшла на плошчу Незалежнасці.
15.05. Ля Чырвонага Касцёла пачынаецца мітынг.
Ідзе галасаванне за рэзалюцыю. У рэзалюцыі прагучалі як традыцыйныя патрабаванні: адмена дэкрэту і свабодныя выбары, свабоду палітвязням, так і агучана патрабаванне адмены сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў.
15.10 Акцыя скончылася. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Пакуль затрыманых няма.