Юрый Дракахруст: «У вакне магчымасцяў не толькі адкрываюцца шансы, але ўзрастаюць і рызыкі»

Бунт «вагнераўцаў» працягнуўся крыху больш за суткі. Цяпер эксперты спрабуюць рэканструяваць падзеі і патлумачыць прычыны і наступствы. Як сітуацыя выглядае сёння? Ці выйграў Лукашэнка ад сваёй ролі ў ім? Ці не паспяшаліся дэмсілы Беларусі заявіць пра «мабілізацыю» сваіх прыхільнікаў і ці не нанесла ім гэта шкоды?

У Рунэце ацанілі выратавальную ролю Лукашэнкі ў падзеях 23-24 чэрвеня

У Рунэце ацанілі выратавальную ролю Лукашэнкі ў падзеях 23-24 чэрвеня

Усё гэта «Філін» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

— Да канца карціна пакуль не зразумелая, і нечаканасці яшчэ могуць адбывацца, — зазначае аналітык. — Прынамсі, сёння расійская пракуратура паведаміла, што насамрэч крымінальная справа супраць Прыгожына не спынена, а гэта азначае, што, магчыма, формула нам не да канца была сказана альбо яна мяняецца па ходзе справы.

Акрамя таго, невядома, дзе Прыгожын. Ні ў Беларусі, ні ў Расіі ён пакуль не назіраецца. Таму пэўныя пытальнікі вакол сітуацыі (што гэта было) застаюцца. І падзеі яшчэ не скончаны, не расстаўлены апошнія кропкі.

Аглядальнік не схільны да версій, у якіх гаворка ідзе пра гульню Пуціна, мудрагелістую «шматхадовачку», які быццам бы сам мог падбіць Прыгожына «зладзіць путч», каб правесці праверку на лаяльнасць.

— Канспіролагі прыдумляюць, навошта гэта магло быць патрэбна Пуціну — але я ў гэта не веру. Бо відавочныя мінусы, страты для Крамля — як бы гэта сітуацыя не вырашылася. Нават калі, умоўна кажучы, Прыгожына ўжо на свеце няма і ва ўсім ёсць пэўны прысмак аперэткі — тым горш для Крамля.

Бо ў расійскай палітычнай культуры ўлада — гэта сакральны інстытут. І калі яе ўчорашні паплечнік можа так размаўляць і так сябе паводзіць, яго то абвяшчаюць мяцежнікам, то кажуць, што ўсё даравана, то зноў высвятляецца, што справа не скончана — усё гэта падрывае аўтарытэт, легітымнасць і сакральнасць улады.

Гэта кепска для Крамля. І лічыць, што Пуцін усё разыграў… Для таго, каб што? Зняць Шайгу ён мог і так у любы момант. Таму, паўтаруся, я не веру ў канспіралагічныя тэорыі.

Што да матывацыі самога Прыгожына, аналітык прыгадвае шэраг падобных прыкладаў у сусветнай і расійскай гісторыі: імперскі генерал Валенштэйн падчас Трыццацігадовай вайны, Мусаліні і ягоны марш на Рым, расійскія дзеячы XVIII стагоддзя — Мініх, графы Арловы.

— Гэта людзі з куражом, авантурысты з вайсковай сілай за плячыма, якія адчуваюць слабасць улады: «Цар жа несапраўдны». Такія рысы ўласцівы і Прыгожыну (хоць сам ён і паўтарае ў свежым аўдыязвароце, што не меў мэты звяржэння існага рэжыму — «Ф»).

Глядзіце таксама

Юрый Дракахруст дадае яшчэ адну красамоўную дэталь: паводле чэрвеньскага сацапытання расійскага агенцтва «Romir», Прыгожын увайшоў у пяцёрку самых папулярных у Расіі людзей. І нельга выключаць, што прыхільна ставілася да яго і частка расійскіх эліт, мэтай якіх было не пасадзіць Прыгожына на трон, але запусціць ланцуг кадравых змен у Крамлі.

— Для мяне, дарэчы, будзе вельмі паказальна, што будзе з падтрымкай вайны пасля гэтага путчу — мой прагноз, што яна знізіцца, хоць і не ўпадзе, канешне, да нуля.

— А якой вам бачыцца роля Лукашэнкі ў гэтых падзеях? Ці можна яго лічыць адзіным бенефецыярам, альбо атрыманыя выгоды сумнеўныя?

— Мяркуючы па ўсім, ён сапраўды выйграў — прынамсі, акурат цяпер. Ён аказаўся асобай, якая прадухіліла грамадзянскую вайну ў Расіі. Ці выканаў ён гэтую ролю насамрэч — можа быць, і не. У лепшым выпадку ён быў пасярэднікам, а не самастойным гульцом. Але калі гэты яго імідж замацуецца — для Лукашэнкі тое карысна.

Прычым Прыгожын пра «працягнутую Лукашэнкам руку дапамогі» сказаў толькі сёння. Але раней гэта пацвердзіў Крэмль. І ўсе расійскія афіцыйныя каналы, усе медыя паказалі, што Лукашэнка пэўную ролю ў працэсе адыграў. Дый і заходні друк, хай і больш акуратна, таксама гэта засведчыў.

Ускосным паказчыкам гэтага, мяркуе Юрый Дракахруст, можна лічыць заяву Рады бяспекі РБ. У адрозненне ад Пуціна, які казаў пра «мяцеж» і «цяжкае злачынства», у Беларусі сказалі пра «смуту».

— А ў смуце як быццам усе вінаваты і ніхто невінаваты. Пры ўсіх кніксенах у бок Крамля і «заўсёднай падтрымцы СВА», па сутнасці напісана, што правых у тым канфлікце няма, уключаючы Пуціна. То-бок пасля размовы з Пуціным беларускі рэжым не падтрымаў яго версію. Пасыл быў такі: хлопцы, пагарачыліся тыя і тыя, давайце неяк дамаўляцца. Сэнс гэтай заявы не супярэчыць магчымай ролі Лукашэнкі.

Але, калі казаць пра доўгатэрміновыя наступствы, то ў Крамлі, канешне, могуць і затаіць крыўду на тую ролю, якую Лукашэнка адыграў у мінулую суботу. Менавіта на тое, што ягоны пасыл не адпавядае словам Пуціна — не «мяцеж і здрада», а «ўсё складана, усё неадназначна». І ў выніку «малодшы брат» мірыў «старэйшых» і як быццам аказаўся разумнейшым за іх. І гэта ўсе бачылі.

Глядзіце таксама

Так што, калі хваля цяперашняга «перавароту» сціхне, то яшчэ вялікае пытанне: ці запомніцца паслуга, ці тое, што Лукашэнка, мякка кажучы, паставіў Пуціна ў нязручнае становішча і прадэманстраваў нейкую самастойную ролю.

Аднак гэта дакладна не заўтра, праз пэўны час. А ў кароткатэрміновым перыядзе на далейшую падтрымку, у тым ліку грашовую, ён можа смела разлічваць. Прынамсі, на працягу некалькіх месяцаў.

— Заява Пяскова пра тое, што «Прыгожын сыйдзе ў Беларусь», выклікае насцярогу: ці не атрымае ад гэткага «падарунка» краіна новыя праблемы і рызыкі?

— Так, бо невядома, як, з кім Прыгожын «сыйдзе». Не думаю, што яго адпусцілі б з усім «Вагнерам»: не таму, што дбаюць пра беларускую незалежнасць, а таму, што калі ёсць ваенізаванае, падпарадкаванае пэўным людзям падраздзяленне, якое фактычна зладзіла мяцеж, то пакідаць яго з той жа арганізацыяй і з тымі ж начальнікамі блізу сваіх меж — вельмі небяспечна.

Мяркую, што іх расфарміруюць і часткова загоняць пад кантракт. І магчыма, што ПВК Вагнера больш не будзе існаваць ці будзе функцыянальна выкарыстоўвацца ў Сірыі, у Афрыцы — не на галоўным фронце для Расіі.

— Ці паспяшаліся тыя, хто палічыў сітуацыю не акном, але шчылінай магчымасцей?

— Складана сказаць. У той момант здавалася, што нейкія шансы гэта дае. Але ў акне магчымасцей не толькі адкрываюцца шанцы, але ўзрастаюць рызыкі і ёсць варыянты пагаршэння.

І ў кароткатэрміновым перыядзе для дэмакратычных сіл Беларусі сітуацыя хутчэй пагоршылася. Да таго ж канкрэтных крокаў на зямлі не было — прагучалі пэўныя заявы, але рэакцыі грамадства, водгуку я не ўбачыў.

Глядзіце таксама