Такое кіно: Ніхто ж не чакаў, што царства настолькі слабае!

Паход Вагнера: Нулявы эпізод. Задумваўся драматычны серыял, але сцэнар перапісвалі па ходзе здымак. Хто ж думаў, што народ, які нібыта падтрымлівае ўладу на восемдзясят адсоткаў, не знойдзе людзей хаця б на адну барыкаду, а будзе сустракаць наймітаў кветкамі і чыпсамі, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

1515829442181976354.png

Як і ты, я, вядома, быў вельмі расчараваны ўбачаным. Вось зусім расчараваны. Ну крыўдна ж, так? Ты настроіўся паглядзець серыял кшталту «Гульні тронаў», а замест яго табе паказалі кароткаметражны артхаус. Фу так рабіць!

Вось хіба што гэта быў нулявы эпізод. І той, пра каго думалі, што ён галоўны персанаж, на самай справе наогул ніякі не персанаж, а звычайны найміт. А галоўныя персанажы ўвесь гэты час мільгалі на заднім плане. І ў іх планы зусім не ўваходзіла пасадзіць на трон героя другога плана.

Можа, сапраўдныя персанажы, як, зрэшты, і амерыканская разведка, чакалі, што нулявы эпізод атрымаецца крыху больш драматычным і крывавым. Што па дарозе да трона ў наймітаў здарыцца пара батальных сцэн. Што народ, які падтрымлівае ўладу на восемдзясят адсоткаў, знойдзе людзей хаця б на адну барыкаду. Што які-небудзь мірны міністр з запэцканымі чарніламі пальцамі акажацца сапраўдным героем і царскім абаронцам.

Таму што законы жанру. Таму што задумваўся драматычны серыял, а не гэтая ваша камедыя становішчаў. Таму што ідэя была ў тым, каб пратэсціраваць слабасці царства і паказаць, што царства слабае. Загнаць цара ў далёкі бункер, каб усе ўбачылі, што ён не можа даць рады нават уласным наймітам. Падарваць яго ўладу і кармавую базу.


Глядзіце таксама

Але ніхто ж не чакаў, што царства настолькі слабае! Што міністры з запэцканымі чарніламі пальцамі злятуць на поўдзень, як тыя гусі. Што народ, які падтрымлівае на восемдзясят адсоткаў, будзе сустракаць наймітаў кветкамі і чыпсамі. І што ўсё царскае войска адвернецца ўбок. Тыпу, а нас тут не стаяла. І гэта я не кажу ўжо пра галоўнага царскага генерала, які да сённяшняй раніцы наогул не адсвечваў.

Карацей, для сапраўдных галоўных персанажаў усё пайшло не зусім па плане. Таму што, калі ўсё ідзе занадта добра, гэта таксама можа быць дрэнна. І калі перадавыя атрады наймітаў былі ў чатырох гадзінах ад Масквы, стала ўжо зразумела, што яны туды прыйдуць, возьмуць тое, што там няправільна ляжыць і такі пасадзяць на трон героя другога плана. І што потым з гэтым рабіць?

Таму герою другога плана было загадана спыніцца. А герой другога плана — звычайны найміт. Загадалі спыніцца, ён і спыніўся, калі было загадана. Проста, у адрозненне ад нас з табой, найміт ведаў, што без падтрымкі галоўных персанажаў, якія мільгалі на заднім плане, ніякага трона ён не возьме. А нават калі і возьме, то доўга на ім не ўседзіць.

І паколькі эпізод перапісвалі па ходзе здымак, то прыйшлося прыцягваць розных сумніўных персанажаў, каб прыдумаць гэтаму сюжэтнаму павароту хоць нейкае тлумачэнне. А той персанаж, якога прыцягнулі, і рады куды-небудзь прыцягнуцца. Таму што інакш яму б, можа, наогул ніякай ролі не дасталося, акрамя залежнай.

І ведаеш, я лічу, што нягледзячы на правальны нулявы эпізод серыялу ўсё ж такі можна даць другі шанец. Нават калі ўрэшце атрымаецца артхаус з элементамі чорнай камедыі. Мы ж з табой не ў серыяле жывём. Вынік важнейшы за эстэтычную асалоду.