Як КДБ Ярмошыну ў лужыну пасадзіў. Што цікавага ў абвінавачванні Бабарыкі?
Нагадаем, учора стала вядома, што экс-прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта і былому кіраўніку «Белгазпромбанка» Віктару Бабарыка прад’яўлена афіцыйнае абвінавачванне.
Заўважым, што пры затрыманні Віктара Бабарыка яму таксама інкрымінавалі частку 2 артыкула 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў. Аднак, як відаць з паведамлення КДБ, цяпер гэта абвінавачванне ўжо не актуальна. Чэкістам проста не атрымалася нічога «накапаць» па гэтай тэме, хаця, няма сумневаў, рылі вельмі заўзята.
Але сумленнаму чалавеку, нават калі ён банкір, прад’явіць па падатках аказалася няма чаго.
Пры гэтым, як заўважае the-village.me, менавіта абвінавачванне ў нясплаце падаткаў стала прычынай таго, што Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў Бабарыка кандыдатам у прэзідэнты.
На пасяджэнні ЦВК яго кіраўніца Лідзія Ярмошына заявіла, што да іх прыйшоў ліст ад КДК, у якім гаворыцца, што ў 2019 годзе Бабарыка атрымаў не менш за 450 тысяч долараў, якія не задэклараваныя.
«Асабіста мая прапанова — адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Бабарыка Віктару Дзмітрыевічу з-за неадпаведнасці прадстаўленай дэкларацыі аб даходах і маёмасці», — сказала Ярмошына. І яшчэ пажартавала, што хабары, нібыта, у дэкларацыю не ўносяцца.
Далей ЦВК аднагалосна прагаласаваў супраць рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.
Такім чынам, мала таго, што Бабарыку і так незаконна незарэгістравалі без рашэння суда, а толькі па нейкай паперцы з КДК, дык цяпер яшчэ і высвятляецца, што тая паперка аказалася «ліпай», і была прыдуманая толькі як падстава для нерэгістрацыі!
Таксама першапачаткова ўлады спрабавалі абвінаваціць Віктара Бабарыку ў дачы хабару, але ў выніку змянілі абвінавачванне на «атрыманне хабару», што гучыць яшчэ больш забаўна, паколькі даюць хабар чыноўнікам, як і атрымліваюць хабар чыноўнікі — за «патрэбнае» рашэнне па тым ці іншым пытанні. Хто і за што можа даваць хабар банкіру — пытанне ў нашай краіне, мабыць, рытарычнае.
Нагадаем, Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам былі затрыманыя 18 чэрвеня, калі збіраліся здаваць подпісы выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатуры Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах.