Насуперак усім ныцікам
Зразумела, за часам натхнення прыходзіць час нейкага расчаравання. Узрушаныя «рэвалюцыяй подпісаў» беларусы ўрэшце ўсвядомілі, што тых, хто супраць дзейнага кіруючага рэжыму, — шмат. Што яны, беларусы, аб’яднаўшыся, маюць шанец перамагчы. Але пасля з’яўлення гэтага феномену, у «міжвыбарчае зацішша» з усіх куткоў палезлі ныцікі.
Узяць, напрыклад, вядомы мем «Саша 3%». Лукашэнка сказаў: «Хіба вы верыце, што ў дзейнага кіраўніка рэйтынг можа быць 3%?». І ўслед за ім нармальны, падавалася б, палітолаг піша: «Трэба быць клінічным ідыётам, каб пераканаць сябе, што рэйтынг Лукашэнкі 3%». На яго думку, 3% — гэта «прымітыўны мабілізацыйны фэйкавы месідж у камунікацыйнай бурбалцы Facebook з яго 8% аўдыторыі».
Па-першае, дзіўна, што гэта пішацца ў той самай «камунікацыйнай бурбалцы Facebook з яго 8% аўдыторыі». Па-другое, «Саша 3%» узнік не «ў бурбалцы», а з апытанняў на TUT.BY i onliner.by. Унікальных наведвальнікаў у аднаго TUT.BY — больш за два мільёны на дзень (67% беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту ў чэрвені 2020 года — паводле Яндэкс.Метрыкі). Па-трэцяе, калі Мінінфармацыі забараніла апытанкі «За каго вы будзеце галасаваць», TUT запусціў іншую галасавалку кшталту: «Што вам больш падабаецца? Дранік? Трактар? World of Tanks?». І «Трактар» усё роўна набраў 3%.
Можна колькі заўгодна казаць, што гэта — «нерэлевантная лічба», што апытанка ў інтэрнэце не з’яўляецца нармальным сацыялагічным даследаваннем, і што ў нас няма незалежнай сацыялогіі. Яе сапраўды няма. Але мы ведаем, на якія лічбы спасылаемся, кажучы пра 3%. А вось на якія лічбы спасылаюцца тыя, хто сцвярджае, што рэйтынг дзейнага кіраўніка дзяржавы БОЛЬШЫ за 3%? У нас жа ў краіне няма незалежнай сацыялогіі! На чым грунтуецца сцвярджэнне, што 3% — гэта «прымітыўны фэйкавы месідж»? На выслоўі, што «гэтага не можа быць, таму што не можа быць ніколі»? Такі сабе аргумент.
Вельмі нудотныя і «наезды» на нашу эміграцыю. Падаецца, ужо паўгода прайшло, як нябожчык Юрый Зісер напісаў свае дыскусійныя 12 азначэнняў сапраўднага беларуса, сярод якіх было: «Сапраўдны беларус эмігруе ў Літву ці Польшчу і адтуль праз Facebook вучыць тых, хто застаўся, як ім Радзіму любіць». За гэты час можна ўжо было суцішыцца, але дзіды вакол дыяспары ломяцца дагэтуль. Тыя, хто застаўся, лічаць эмігрантаў (згодна з савецкім стэрэатыпам) ледзьве не здраднікамі. Маўляў, з’ехалі па лепшае жыццё — дык не вучыце нас, як жыць.
Але перш, чым адмаўляць эмігрантам у праве на выказванне і меркаванне, задумайцеся, што зрабіла эміграцыя для Беларусі. Ці ведалі б мы пра бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», каб не эміграцыя? Апошнія «эмігранцкія» акцыі збіралі ад некалькіх соцень да тысячаў чалавек — і гэтыя людзі таксама маюць права галасаваць на замежных участках.
Ці здолелі б мы ўзімку гэтага года адстаяць сваю незалежнасць толькі мінскімі акцыямі? Калі б не было антыінтэграцыйных пікетаў пад беларускімі ды расійскімі амбасадамі ў Польшчы, ЗША, Ізраілі, Вялікабрытаніі, у «сталіцы ЕС» — Бруселі дый шмат дзе яшчэ? Ці не зрабіла эміграцыя даволі значны ўнёсак у захаванне нашай незалежнасці ЦЯПЕР?
Да таго ж — звонку бачна тое, чаго мы можам і не заўважаць знутры. Так што не трэба сварыцца з беларусамі замежжа. Верагодна, яны бачаць нешта не так, як мы ўнутры краіны, але ў гэтым і карысць.
Самае прыкрае, што ныцікі транслююць сваю нуду на навакольнае асяроддзе, забіваючы ў людзях энтузіязм і пачуццё еднасці. Падавалася б, мы за гэтыя паўгода пабачылі фенаменальную для Беларусі еднасць і салідарнасць. І гэта выяўлялася не толькі ў чэргах, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Гэта і кампаніі дапамогі медыкам, і кампаніі за хатняе навучанне, і распрацоўка дыстанцыйнага навучання… Беларусы, аб’яднаўшыся, саматужна зрабілі тое, чаго не здолела зрабіць дзяржава. Але гэта проста не бярэцца пад увагу. Нам кажуць, што «ў нас не атрымаецца», проста таму, што «не атрымаецца».
«Ныццё» — гэта не «скепсіс», і нават не «песімізм». Збольшага, гэта спроба пачухаць пачуццё ўласнай важнасці. Але дрэнна, што гэтыя пачухоны робяцца ў асноўным за кошт абясцэньвання працы іншых — тых, хто стаяў у пікетах ды збіраў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, тых, хто стаяў у чэргах да гэтых пікетаў, тых, хто ладзіў акцыі салідарнасці, тых, хто ў іх удзельнічаў, тых, хто дапамагаў розным ініцыятывам і персанальна людзям праз краўдфандынг ці асабіста. Тых, хто верыць у лепшае, і галоўнае — працуе дзеля гэтага «лепшага».
Што рабіць з ныцікамі? Напэўна, трэба сапраўды пакінуць іх у «камунікацыйнай бурбалцы Facebook». Калі пад іх уплывам апускаюцца рукі — узгадайце тыя самыя чэргі з подпісамі. Ныцік — адзін, а нармальных людзей, якія выйшлі з сацсетак у рэальнасць, — багата. Хай гэтая рэальнасць іх шакавала — але больш народу зразумела, у якой краіне яны жывуць, і што ў гэтай краіне трэба нешта мяняць.
Далей нам усім спатрэбіцца еднасць, салідарнасць і аптымізм. Тая самая салідарнасць, якую мы дэманстравалі ў 2020-м ужо шмат разоў. Насуперак ныцікам — зможам паўтарыць?