Галоўная ўмова не выконваецца

На фоне жорсткіх прысудаў удзельнікам мітынгу 19 снежня, пагаршэння эканамічнай сітуацыі, асуджальнай палітыкі Захаду прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка, пачалі рабіць публічныя піяр-заявы пра гатоўнасць да дыялогу з Еўропай, ЗША.

Гульня ў «добрага-злога» кіраўніка Беларусі прадказальная і прагназуецца станам эканамічнай мэтазгоднасці. Як толькі краіну накрыла хваля фінансавай ліхаманкі, змоўнікі-ворагі сталі сябрамі.



096d3a817a272647f4ada2d6d733a8fb.jpg

На фоне жорсткіх прысудаў удзельнікам мітынгу 19 снежня, пагаршэння эканамічнай сітуацыі, асуджальнай палітыкі Захаду прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка, пачалі рабіць публічныя піяр-заявы пра гатоўнасць да дыялогу з Еўропай, ЗША.
Гульня ў «добрага-злога» кіраўніка Беларусі прадказальная і прагназуецца станам эканамічнай мэтазгоднасці. Як толькі краіну накрыла хваля фінансавай ліхаманкі, змоўнікі-ворагі сталі сябрамі.
Ужо асуджаныя восем чалавек (трэба сказаць, не са спісу лідараў) па абвінавачванні ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках 19 снежня мінулага года, з іх шасцёра атрымалі розныя тэрміны зняволення. Еўрасаюз і ЗША ў адказ прыгразілі адлучыць ад заходніх дабротаў беларускі рэжым і нават увялі «чорныя спісы» неўязных грэшнікаў. На раз — перакваліфікацыя крымінальнага абвінавачання дзесяці фігурантам справы «аб масавых беспарадках» на больш мяккі артыкул.
Следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама завершана папярэдняе расследаванне крымінальнай справы, заведзенай у дачыненні да грамадзян Беларусі — арганізатараў і ўдзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. «Паводле высновы следства, атрыманы вычарпальныя доказы аб спробе змены Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасці ставілі канчатковай мэтай ажыццяўленне дзяржаўнага перавароту. У ходзе расследавання крымінальных спраў устаноўленая роля і ступень удзелу кожнага фігуранта ў падзеях, што адбыліся», — адзначылі ў МУС.
Для развіцця драмы абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў пакінулі чатыром асобам — экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, Дзмітрыю Усу і Андрэю Саннікаву. Аналагічнае абвінавачванне прад’яўлена былому міліцыянту Аляксандра Класкоўскаму, у яго «бонусам» як былому чалавеку гэтай сістэмы абвінавачванні па арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 382 Крымінальнага кодэкса Беларусі («самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы»).
Не паспелі нядаўнія змоўнікі, арганізатары «дзяржаўнага перавароту» палякі асэнсаваць свой новы статус у Беларусі, як Лукашэнка назваў іх «сваімі людзьмі, якія заўжды яго падтрымлівалі». Хаця зусім нядаўна беларускі лідар гаварыў пра захопніцкія амбіцыі Польшчы: «У Польшчы некаторыя спяць і бачаць: мяжа не там, мяжа каля Мінска... Сталін не там мяжу правёў!» Маўляў, Польшча актыўна ўдзельнічае ў планах Захаду па змене ўлады, маючы свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі.
Услед за Лукашэнкам прадстаўнікі вышэйшых эшалонаў улады пачалі расказваць байкі пра збалансаванасць заходняга і ўсходняга вектараў знешняй палітыкі. Напрыклад, старшыня верхняй палаты парламенту Анатоль Рубінаў заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі, у актывізацыі адносін з Саветам Еўропы, АБСЕ і Еўрасаюзам. «Еўропа ідзе на повадзе ў беларускай апазіцыі, якая паразітуе на здаровым целе дзяржавы», — знайшоў крайняга Рубінаў у незадаволенасці міжнароднай супольнасці рэпрэсіямі ўладаў супраць апазіцыі. Ён выказаў упэўненасць, што «ў бліжэйшыя гады нашы адносіны з Еўропай нармалізуюцца».
Такі паварот найперш можна патлумачыць пагрозай эканамічнага краху беларускай эканомікі, да ўсяго, калі Еўропа адасобілася ад «апошняга дыктатара», ён апынуўся сам-насам з Расіяй. А яна ў сваю чаргу хоць і абяцае стабілізацыйны крэдыт, але цяпер не часы Ельцына — за абяцанкі-цацанкі нічога не робіцца.
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі звяртае ўвагу на перамовы міністраў замежных спраў Беларусі і Украіны Сяргея Мартынава і Канстанціна Грышчанкі, што адбыліся ў Мінску напрыканцы сакавіка. Прэс-служба МЗС Беларусі паведаміла, што сустрэча прайшла «ў адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі». Бакі абмеркавалі «актуальныя пытанні двухбаковых беларуска-ўкраінскіх адносін».
«Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, спікер Вярхоўнай рады Украіны Уладзімір Літвін выказвалі ідэю дапамагчы наладзіць кантакты з Захадам, аднак улады Беларусі не хочуць бачыць пасярэднікаў, — зазначае Якаўлеўскі. — Грышчанка ў дадзеным візіце выконваў такую ж ролю, як летась міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнберг. Ён, відаць, даў зразумець, што ніхто не можа Лукашэнку забараніць ехаць у Кіеў на канферэнцыю па чарнобыльскай тэматыцы, але яго прысутнасць там непажаданая. Кіеў зараз значна бліжэй да Брусэля, чым да Мінска». Эксперт прызнае, што ўлады Беларусі цяпер спрабуюць наладзіць манеўры на знешнепалітычнай арэне, але намеру выканаць галоўную ўмову дыялогу — выпусціць палітвязняў — не маюць.
«Не зусім зразумела, хто гэты дыялог будзе весці, калі нават кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, які быў галоўным правадніком палітыкі ў заходнім кірунку, цяпер у спісе неўязных у Еўропу», — падкрэслівае Якаўлеўскі.