Еўрадэпутат пра супрацьдзеянне Лукашэнку: «Усё гучней ідуць размовы пра тое, каб ён быў прыцягнуты да трыбуналу»

Еўрапейскі саюз пашырыў юрыдычныя магчымасці наступных санкцый, і ўжо ідзе гаворка пра 6 пакет. Аднак дата яго прыняцця і канкрэтны змест пакуль застаюцца невядомымі. Пра падрабязнасці наступных крокаў Еўрапейскага саюза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі распавядае еўрадэпутат ад Літвы Андрус Кубілюс.

Андрус Кубілюс. Фота: 1tv.ge

Андрус Кубілюс. Фота: 1tv.ge


Паводле еўрадэпутата, наступныя санкцыі будуць звязаныя з міграцыйным крызісам на мяжы з ЕС, які ў першую чаргу арганізаваны рэжымам Лукашэнкі.
«Тое, што было прынята сёння, гэта важна, бо гэта стварыла юрыдычныя магчымасці прымаць новыя канкрэтныя санкцыі, якія патрэбныя для таго, каб авіякампаніі або міжнародныя аэрапорты Беларусі былі б прымушаныя не прымаць гэтую хвалю мігрантаў, якую і арганізуе сам рэжым Лукашэнкі. Створана юрыдычная аснова для такіх крокаў, а цяпер будуць рабіцца гэтыя канкрэтныя крокі», — кажа еўрадэпутат.
Андрус Кубілюс упэўнены, што апошнія падзеі на мяжы з Беларуссю паспрыялі кансалідацыі еўрапейскіх краін у плане вырашэння міграцыйнага крызісу, які распачаўся яшчэ ўлетку.
«Мы з лета, калі пачалася гэтая гібрыдная вайна супраць ЕС і Польшчы, многа гаварылі пра тое, што трэба спыняць мігрантаў. Але сітуацыя змянілася, калі Лукашэнка з Мінска прыгнаў гэтыя тысячы мігрантаў на мяжу з Польшчай, дзе яны цяпер ствараюць лагеры. І, вядома, гэта аб’яднала ўвесь Еўрапейскі саюз, і таму ЕС пачаў працаваць больш зладжана і эфектыўна. Таму тыя санкцыі, якія будуць уводзіцца супраць авіякампаній і, магчыма, супраць аэрапортаў, я думаю, спыняць тую міграцыйную хвалю, якую Лукашэнка арганізаваў».
Галоўны ўдар Еўрапейскі саюз плануе нанесці па самім Лукашэнку, якога плануюць прыцягнуць да трыбуналу.
«На гэтым ЕС не спыніцца. Некалькі тыдняў таму Еўрапарламент вельмі выразна запатрабаваў заняцца самай галоўнай прычынай таго, чаму гэтыя міграцыйны крызіс узнік, і гэта сам Лукашэнка. Таму ўсё гучней ідуць размовы пра тое, каб ён быў прыцягнуты да трыбуналу, і пачаліся канкрэтныя абмеркаванні яго злачынстваў у міжнародным судзе справядлівасці ў Гаазе. І над гэтым трэба вельмі старанна працаваць, і, я думаю, што гэтая работа пачынаецца».
Андрус Кубілюс засяроджвае ўвагу на тым, што ўлада Лукашэнкі цяпер захоўваецца выключна пры дапамозе Расіі, таму Еўрапарламент плануе націснуць і на Пуціна.
«Калі казаць пра Еўрапейскі парламент, то гэта абмяркоўвалася зусім нядаўна — два тыдні таму. Была прынятая рэзалюцыя, паводле якой зноў прапануецца ствараць ціск на рэжым Лукашэнкі і прэзідэнта Расіі Пуціна. Бо прычына таго, чаму Лукашэнка ўсё яшчэ застаецца пры ўладзе, — гэта тое, што яго падтрымлівае Пуцін. У гэтым плане патрэбная паслядоўная праца, пра гэта мы многа гаворым».