Дзярждэпартамент ЗША: міграцыйным крызісам Мінск спрабуе адцягнуць увагу ад парушэнняў супраць беларусаў
ЗША асудзілі «спробы рэжыму Лукашэнкі жорстка і бесчалавечна арганізоўваць плыні нелегальнай міграцыі», якія мелі на мэце адцягнуць сусветную ўвагу «ад жудасных парушэнняў, якія ён працягвае ўчыняць супраць беларусаў», паведамляе «Свабода».
Злучаныя Штаты асуджаюць спробы Мінска адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад парушэнняў у дачыненні сваіх грамадзян праз арганізацыю міграцыйнага крызісу на ўсходняй мяжы ЕС. Пра гэта заявіла намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаннях грамадзянскай бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека Узра Зея.
«Мы асуджаем спробы рэжыму Лукашэнкі жорстка і бесчалавечна арганізоўваць плыні нелегальнай міграцыі праз мяжу, каб адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад жудасных парушэнняў, якія ён працягвае ўчыняць супраць беларусаў», — сказала Зея на прэс-канферэнцыі ў пятніцу ў Вільні.
«Мы прызнаём абавязак літоўскай дзяржавы і іншых краін, якія сутыкнуліся з дзеяннямі Беларусі, ахоўваць сваю мяжу», — дадала яна.
Прадстаўніца ЗША пахваліла Літву за шчодрую падтрымку дэмакратычнаму руху Беларусі і дапамогу дысідэнтам, а таксама выказала падтрымку імкненню беларусаў ствараць «дэмакратычную, свабодную і квітнеючую будучыню».
Яна асудзіла Беларусь за парушэнні правоў чалавека, а таксама затрыманні па палітычных матывах, і заклікала вызваліць палітвязняў.