Паўла Белавуса асудзілі на 15 сутак
Сёння адбыўся суд над заснавальнікам Symbal.by Паўлам Белавусам. Суддзя Ю.С. Шут прысудзіў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 24.23 ч.1 КаАП «Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».
Нагадаем, Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада за тое, што ён перасылаў на «Белпошце» кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, якую 31 сакавіка гэтага года ўлады прызналі экстрэмісцкай.
17 лістапада яго судзілі па двух артыкулах КаАП: 19.11 («Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць») і 19.12 («Незаконны выраб і (або) распаўсюджванне методык або іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў»). У той дзень справу адправілі на дапрацоўку.
Тэрмін адліку сённяшняга прысуду ідзе ад 15:40 18 лістапада.