Дзень супрацоўніка КДБ Беларусі. Не віншуем

Некалі, магчыма, гэты дзень будзе называцца накшталт «Дзень успаміну садыстаў і злачынцаў, якія нішчылі Беларусь». Рэжым, аднак, сёньня ўшануе сваіх адданых служак. У буфэце КДБ вып’юць па сто, нехта атрымае грамату з рамкай, хтосьці зорку на пагон. Хто тыя людзі, якія з 1991 года ўзначальвалі страшэнную арганізацыю?

1_860_logo.png

З атрыманьнем незалежнасьці і да сёньняшняга дня дзесяць чалавек запісалі сябе ў гісторыю КДБ Беларусі.

Эдуард Шыркоўскі 1991-1994

szyrkouski.jpg

Прысутнічаў у Віскулях у 1991 годзе падчас падпісаньня Дамовы пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў, адкуль 7 і 8 сьнежня рэгулярна інфармаваў Міхаіла Гарбачова пра ход падзеяў, гатовы ў выпадку загаду да арышту «змоўшчыкаў» Станіслава Шушкевіча, Барыса Ельцына і Леаніда Краўчука.

25 студзеня 1994 на закрытым паседжаньні Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ скліканьня вызвалены ад займанай пасады разам з міністрам нутраных справаў Уладзімерам Ягоравым (будучым кіраўніком КДБ). Прычынай іх адстаўкі афіцыйна стала падпісаньне імі дазволу на экстрадыцыю былых лідараў літоўскай кампартыі Буракявічуса і Ермалавічуса, затрыманых 15 студзеня 1994 года ў Беларусі.

Дэпутаты апазыцыі БНФ, па сьведчаньні Сяргея Навумчыка, сапраўднай прычынай адстаўкі Шыркоўскага і Ягорава называюць іхняе супрацьстаяньне з тагачасным прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам. Напрыканцы 1993 года абодва міністры зьвярнуліся да парлямэнту з адкрытым лістом, дзе абвінавацілі атачэньне Кебіча ў неканстытуцыйных дзеяньнях, у прыватнасьці ў спробе прысабечыць КДБ. Неўзабаве яны былі вызваленыя ад пасадаў, а сьледам за імі і Станіслаў Шушкевіч.

Перад сьмерцю ў інтэрвію выказваў шкадаваньне, што не арыштаваў падпісантаў Белавежскіх пагадненьняў

Памёр і пахаваны ў Маскве.

Генадзь Лавіцкі 1994

lavicki_henadz.jpg

Лавіцкі пакіраваў КДБ усяго 4 месяцы. Пайшоў у адстаўку разам са сваім шэфам Вячаславам Кебічам, якога падтрымліваў на выбарах прэзідэнта ў 1994 годзе. Быў скіраваны Лукашэнкам з цэнтра сталіцы Беларусі амбасадарам у Ізраіль на амаль 10 гадоў. Каб не замінаў напэўна пабудове структуры татальнага зла, карупцыі і катаваньня.

Як узгадваў былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка: «У пачатку 90-х мы пазнаёміліся на хвалі абмеркаваньняў рэформы КДБ. Ён уважліва паставіўся да маіх прапановаў, пасьля чаго мы пачалі кантактаваць. Усе гэтыя гады ён заставаўся неабыякавым чалавекам. Мы рэгулярна абмяркоўвалі бягучую сітуацыю і мае артыкулы ў СМІ. Сыходзіліся ў меркаваньні, што спецслужбы павінны дбаць пра бясьпеку грамадзяніна, грамадзтва, дзяржавы, а не займацца палітычным вышукам, засяродзіўшыся на тым, як утрымаць уладу».

Памёр у 2013 годзе.

Уладзімер Ягораў 1994-1995

Пачынаючы з гэтай асобы няму сумневаў у безьлічы зьдзейсьненых злачынстваў у патрэбе дагадзіць і задаволіць Лукашэнку. Меркаваныя забойствы палітычных апанэнтаў, тысячы арыштаў добрасумелнных людзей і патрыётаў Беларусі, катаваньні ў засьценках КДБ і татальнае засяроджаньне на сачэньні за ўсімі, хто выклікае небясьпеку для рэжыму.

Менавіта Ягорава Лукашэнка першым прызначаў на пасаду кіраўніка КДБ. Ён пасьпеў папрацаваць дэпутат Вярхоўнага Савета Латвійскай ССР (!) ХІ скліканьня, дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІІ скліканьня, пасьля перайшоў у квазі парлямэнт, створаны Лукашэнкам замест зьнішчанага Вярхоўнага Савету. Там ён узначальваў Камісію па нацыянальнай бясьпецы (дзіцячы КДБ), замест сапраўднага, адкуль яго звольнілі напрыканцы 1995 года.

Менавіта Ягораў быў на пасадзе кіраўніка КДБ, калі адбывалася зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года.

У так званай палаце прадстаўнікоў засядаў да 2004 года. Уваходзіў у дэпутацкае аб'яднаньне «За саюз Украіны, Беларусі і Расіі».

Памёр у 2016 годзе. Як і зь яго папярэднікамі, і верагодна наступнікамі, разьвітваліся ў менскім клюбе імя Дзяржынскага.

Уладзімер Мацкевіч 1995-2000

mackevicz_5.jpg

Мацкевіч затрымаўся на пасадзе даволі доўга. Менавіта пры ім адбыўся фактычны захоп Беларусі хунтай Лукашэнкі, калі з дэмакратычных інстытуцый не функцыянавала амаль ніводная. У 1999 годзе былі выкрадзеныя і меркавана забітыя апазыцыйныя лідары Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Красоўскі. Менавіта з гэтымі падзеямі зьвязаная і адстаўка Мацкевіча. Грунтоўнае дасьледваньне тых падзеяў яшчэ чакае свайго часу. Але з таго, што вядома, зразумела, што 22 лістапада 2000 году — старшыня КДБ Беларусі Мацкевіч падпісаў пастанову аб ужываньні прэвэнтыўнага затрыманьня тэрмінам на 30 дзён у дачыненьні камандзіра воінскай часткі №3214 Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Урывак з гэтага дакумэнта:

«У матэрыялах апэратыўнай распрацоўкі маюцца пэўныя дадзеныя аб тым, што Паўлічэнка Дзьмітры Валер’евіч зьяўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы, якая займаецца выкраданьнямі і фізычным зьнішчэньнем грамадзянаў. У прыватнасьці, кіраваная Паўлічэнка Д. В. злачынная група датычная да забойства 5 жніўня 2000 года Самойлава Г. В., лідэра незарэгістраванай Беларускай рэгіянальнай арганізацыі «РНЕ», а таксама да забойстваў іншых асобаў.

Прымаючы да ўвагі, што знаходжаньне Паўлічэнкі Д. В. на волі можа прывесьці да зьдзяйсьненьня ім і чальцамі ўзначаленай ім злачыннай групы іншых асабліва небясьпечных гвалтоўных злачынстваў, кіруючыся пунктам 1.8 Дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1997 г «Аб неадкладных мерах па барацьбе з тэрарызмам і асабліва небясьпечнымі гвалтоўнымі злачынствамі» пастанавіў ужыць у дачыненьні Паўлічэнкі Дзьмітрыя Валер’евіча прэвэнтыўнае затрыманьне тэрмінам на 30 (трыццаць) сутак».

Таксама Мацкевіч зьвярнуўся да Лукашэнкі з прапановай арыштаваць Віктара Шэймана. Але ў рассьледваньні галоўнае не выйсьці на саміх сябе.

Дзьмітры Паўлічэнка быў арыштаваны па загадзе Генэральнага пракурора Алега Бажэлкі, але праз суткі вызвалены з нутранай турмы КДБ на асабісты загад Лукашэнкі.

27 лістапада, праз месяц, Мацкевіч быў зьняты з пасады.

Пасьля адстаўкі паехаў на адпачынак у якасьці амбасадара ў Югаславію і Босьнію з 2001 па 2008 год. Потым разьмеркаваўся на працу ў Маскву, адкуль вярнуўся ў родную старонку працаўніком Газпрамнафты з 2015 года.

Леанід Ерын 2000-2004

eryn.webp

Ерын быў першым кіраўніком КДБ Беларусі перыяду незалежнасьці, хто зьяўляўся этнічным расейцам. У 2001 годзе Ерын заявіў, што падрыхтоўку патэнцыйных назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта з выкарыстаньнем сродкаў міжнародных арганізацыяў беларускія органы дзяржбясьпекі разглядаюць як прыкмету вярбоўкі беларускіх грамадзянаў. «Гэта сапраўдная шпіёнская вярбоўка» – заявіў галоўны шпіён краіны на той час.

У красавіку 2004 года Ерын паведаміў аб выманьні ў беларускай апазыцыі 100 тысяч даляраў «расейскіх грошай». У 2004 годзе КДБ быў арыштаваны беларускі палітык Міхаіл Марыніч, пазней прысуджаны да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

У чэрвені 2004 года Ерын прадставіў так званаму парлямэнту новы закон аб дзейнасьці КДБ, які даваў спецслужбе шырокія паўнамоцтвы.

Але потым дазволіў сабе недаравальную вольнасьць і самастойнасьць. Падчас пратэстаў апазыцыі пасьля Рэферэндуму 2004 года, Ерын выйшаў паразмаўляць да пратэстоўцаў каля будынку КДБ. Ён нават запрасіў лідэра арганізацыі «Малады Фронт» Паўла Севярынца і журналістаў у службовы кабінэт паразмаўляць.

Севярынец да дабра КДБ не давядзе. Неўзабаве Лукашэнка адправіў Ерына ў адпачынак, а 18 лістапада 2004 года ў адстаўку. Сам чэкіст пераехаў у Маскву, дзе працуе на расейскую чыгунку (афіцыйна).

Сьцяпан Сухарэнка 2005-2007

suharenka.jpg

У 2005 годзе, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2006 года, Сухарэнка заявіў, што апазыцыя стварыла ў Вілейскім і Крупскім раёнах Менскай вобласьці ваенізаваныя лягеры па падрыхтоўцы баевікоў, якія павінны былі на выбарах арганізаваць масавыя беспарадкі.

У 2006 годзе Сухарэнка заяўляў, што па сцэнары апазыцыі плянавалася падчас мітынгу ў цэнтры Менска прывядзеньне ў дзеяньне выбуховых прыстасаваньняў, пазьней ён заявіў, што ў дзень выбараў рыхтаваліся выбухі ў чатырох школах, а апанэнты Лукашэнкі плянавалі атруціць ваду. у сталічным вадаправодзе пры дапамозе дохлых пацукоў.

Такім быў казачным фантастам Сьцяпан. Менавіта пры ім была гвалтоўна разгромленая Плошча-2006, а адзін з кандыдатаў у прэзідэнта – Аляксандар Казулін, арыштаваны і засуджаны на гады.

Пасьля працы ў КДБ, як і некаторыя папярэднікі, высланы ў ссылку ў амбасаду Беларусі, у дадзеным выпадку, у Армэніі з 2008 па 2015 год. Наступным месцам працы чэкіста быў Беларускі банк Разьвіцьця.

Юры Жадобін 2007-2008

zadobin.jpg

Усяго год пратрымаўся на пасадзе кіраўніка КДБ Жадобін. Пасьля адстаўкі стаў галоўным у міністэрстве мілітарызацыі Беларусі. Жадобін нарадзіўся ва Ўкраіне, але спатрэбіўся рэжыму ў Беларусі.

Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка наступным чынам ахарактарызаваў галоўнага на той час чэкіста: «Калі ён стаў старшынём КДБ, Жадобін нічым сябе ня выявіў. Наадварот, у афіцыйны Дзень Незалежнасьці ў Менску адбыўся выбух, і ўся адказнасьць за гэта павінна была легчы на старшыню КДБ. Ніякіх «выбітных» заслугаў, акрамя скандалу з пошукам амэрыканскіх «шпіёнаў», за ім ня стаіць. Раней Жадобін быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта, так што Лукашэнка яго ніколі ад сябе не адпускаў».

Вадзім Зайцаў 2008-2012

zajcau.jpg

Зайцаў, як і яго папярэднік, нарадзіўся ва Ўкраіне. У студзені 2021 года была апублікаваная яго размова з двума людзьмі ад 11 красавіка 2012 года, дзе размова вялася сярод іншага і аб арганізацыі забойстваў былога кіраўніка СІЗА-1, які выдаваў так званы «расстрэльны пісталет» Паўлічэнку Алега Алкаева, палкоўніка Уладзімера Барадача, журналіста Паўла Шарамета. Апошняга зьбіраліся забіць шляхам выбуху бомбы, што і было зроблена ў Кіеве ў 2016 годзе. Лукашэнка нібыта вылучыў на такія апэрацыі больш за 1,5 мільёны даляраў, сцьвярджае Зайцаў на запісе.

Таксама ва ўцечцы абмяркоўваецца стварэньне «роты дзевак» для негалоснага сачэньня за апанэнтамі Лукашэнкі.

Экспертыза пацьвердзіла сапраўднасьць голасу былога кіраўніка КДБ Беларусі. Экспертызу замовіў тэлеканал «Current Time».

Менавіта пры Зайцаве адбыўся жорсткі разгром Плошчы-2010 і наступныя арышты лідэраў апазыцыі і былых кандыдатаў у прэзідэнты.

Пасьля КДБ падпрацоўваў на кабельным тэлебачаньні «Космас ТБ».

Валер Вакульчык 2012-2020

vakulczyk_1.jpg

Вакульчык апынуўся самым верным Лукашэнку гэбістам. 8 гадоў на чале КДБ кажа пра шматлікае, калі не пра ўсё. Сваёй пасады Валер пазбавіўся 3 верасьня 2020 года, калі пасьлявыбарныя пратэсты былі ў разгары.

З верасьня 2020 года зьяўляецца інспэктарам па Берасьцейскай вобласьці, адкуль і паходзіць родам.

Былы прэзідэнт Лукашэнка наступным чынам выказаўся пра Вакульчыка: «Ніхто да яго паловы (тэрміну) нават не змог вытрымаць на гэтай гарачай пасадзе. Вельмі надзейны, адданы дзяржаве і народу чалавек, старанны, прыстойны».

Іван Церцель з 3 верасьня 2020

cercel_1.png

З працай гэтага гэбіста знаёмыя тысячы палітвязьняў і дзясяткі тысячаў затрыманых, зьнявечаных, і тых, хто атрымалі глыбокія маральныя траўмы за гэты час людзей.

Менавіта пры ім пры нявысьветленых абставінах загінулі ў зьняволеньні Алесь Пушкін, Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч і іншыя, а таксама забіты Раман Бандарэнка.