Дыфузная незадаволенасць

Ад любові да нянавісці — адзін крок, таму той, хто яшчэ ўчора быў увасабленнем дабра, можа сёння ўспрымацца як абсалютнае зло.

Чалавек не ў стане жыць без трох рэчаў: вады, ежы і міфаў. З вадой і ежай усё зразумела, але для чаго homo sapiens — так званаму чалавеку разумнаму — патрэбныя міфы, якая яму ад іх карысць?

Ад любові да нянавісці — адзін крок, таму той, хто яшчэ ўчора быў увасабленнем дабра, можа сёння ўспрымацца як абсалютнае зло.
Чалавек не ў стане жыць без трох рэчаў: вады, ежы і міфаў. З вадой і ежай усё зразумела, але для чаго homo sapiens — так званаму чалавеку разумнаму — патрэбныя міфы, якая яму ад іх карысць?
Міфы абараняюць розум чалавека ад перанапружання шляхам спрашчэння рэальнасці. Бліснула, напрыклад, маланка і грымнуў гром, але ў народа няма пытанняў. Гэта Зеўс-грамоўнік угневаўся. Неабходна прынесці яму ахвяру — і можна плыць далей, не раздзіраючы свой розум сумневамі з нагоды сапраўднай прыроды гэтай грознай нябеснай з’явы.
Развіццё навукі не адмяніла масавай патрэбы ў міфах. Працаёмкая гэта справа — па бібліятэках бегаць. Жыццё кароткае, і радасцю пазнання спіс даступных чалавеку задавальненняў не абмяжоўваецца. Таму лозунгу «Больш міфаў добрых і розных!» дэвальвацыя не пагражае. Актуальны ён і сярод прафесійных аналітыкаў, якія перыядычна забаўляюцца пошукам карэляцыі паміж узроўнем прыбыткаў беларусаў і іх схільнасцю да палітычнага пратэсту.
Voice і exit
Пра тое, што такая карэляцыя існуе ў жывой прыродзе, нам перыядычна нагадваюць тэлерэпартажы з «гарачых кропак». Геаграфія іх шырокая і не абмяжоўваецца краінамі з незавершанай мадэрнізацыяй. Сёння акцыі пратэсту захлынулі радзіму дэмакратыі — Грэцыю. У мінулым годзе на плошчы выходзілі мільёны абураных французаў.
У краінах Паўночнай Афрыкі дэманстрантаў не спыняюць ні дубінкі, ні кулі. Лік ахвяр ідзе на тысячы. У такога жорсткага супрацьстаяння ёсць свая прычына. Яно магчыма толькі ў грамадствах з невысокай вартасцю чалавечага жыцця. Такімі, у прыватнасці, з’яўляюцца грамадствы, што знаходзяцца «ў стадыі хуткага перасялення сельскага насельніцтва ў гарады» (Міхаіл Дзмітрыеў, палітолаг). Беларусы-гараджане гэту стадыю мінулі ў гады пасляваенных пяцігодак, таму калі яны і здольныя на пратэст, то выключна ў негвалтоўных формах. Іншая справа — прадстаўнікі сілавых структур, сярод якіх гараджан у другім пакаленні можна па пальцах пералічыць.
З Паўночнай Афрыкай разабраліся. Паспрабуем зараз разабрацца з няздольнасцю беларусаў-гараджан канкураваць з грэкамі і французамі. Фармат «Азбукі паліталогіі» патрабуе чарговай цытаты. У маёй кампутарнай калекцыі файл «цярпенне-пратэст» адзін з самых аб’ёмных. Пачну з публіцыста Марата Гельмана: «Як рэагуюць індывіды або цэлыя краіны на крызісы? Паводле Альберта Хіршмана, ёсць дзве асноўныя мадэлі: «пратэст» (voice) і «сыход» (exit). Пратэст — гэта актыўнае процідзеянне крызісным з’явам, спроба з імі змагацца… Сыход — гэта выхад у нейкае іншае вымярэнне, у іншую прастору, эміграцыя, нарэшце».
Пра папулярнасць сярод беларусаў «сыходу» нам увесь час нагадваюць сацыёлагі НІСЭПД. У сакавіку бягучага года пра сваю гатоўнасць пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства заявілі 45% рэспандэнтаў. У спрыяльным 2006 годзе колькасць антыпатрыётаў была істотна ніжэйшая — 34%. Эканамічная падаплёка такога зруху відавочная. Сакавіцкае апытанне было праведзена да пачатку праблем з набыццём наяўнай валюты. Не здзіўлюся, калі сёння колькасць ахвочых выехаць на ПМЖ перавысіць палову. Зразумела, што сярод антыпатрыётаў пераважаюць маладыя людзі (65% у сакавіку).
Замацуем тэму «сыходу» яшчэ адной цытатай: «Разумееце, у нас механізм пратэсту крыху іншы, чым, напрыклад, у Польшчы. Нашай культуры ўласцівыя формы пратэсту, калі актыўныя і нязгодныя людзі заўсёды папросту сыходзяць з зоны дзеяння непрымальных для іх нормаў. Так, напрыклад, фармавалася казацтва — спачатку прыгонныя беглі на Поўдзень, потым у Сібір. Цяпер у нас сыход на Захад. Калі ёсць магчымасць сысці, з’ехаць чыста фізічна, то сацыяльна актыўная частка насельніцтва сыходзіць, і база для актыўнага пратэсту мінімізуецца» (Наталля Ціханава, сацыёлаг).
«У нас» — гэта ў Расіі. А ў нас, у Беларусі, эканамічна актыўныя грамадзяне сотнямі тысяч збягаюць за межы «беларускай эканамічнай мадэлі развіцця», у тым ліку і ў Сібір. Пра гэта я пісаў у папярэдняй «Азбуцы паліталогіі».
Алкагалізм як сродак адаптацыі
Не савецкаму чалавеку, у адрозненне ад прыгоннага селяніна, бегчы было куды. Для пратэсту нават у форме сыходу неабходна альтэрнатыва, якой будаўнік камунізму быў цалкам пазбаўлены. Пазбаўлены ён быў і крытэраў для незадаволенасці. Апошняе заўсёды адносна. Таму для фармавання незадаволенасці патрэбныя ўзоры, якія дазваляюць чалавеку суадносіць сапраўднае з жаданым. Адсюль «жалезная заслона». Без яе разбурэння была б немагчымая «величайшая катастрофа XX века». Рэкамендую чытачам «НЧ» перагледзець фільм «Брыльянтавая рука». Ён якраз пра гэта.
Здольнасць беларуса трываць, калі меркаваць па шматлікіх анекдотах, — важная рыса нацыянальнага характару. Звернемся за тлумачэннем да сацыёлага Льва Гудкова: «Чаму гэта так важна, што трыванне становіцца адным з элементаў самаідэнтычнасці? Што гэта за такая ананімная сіла, якая дзейнічае з пастаяннымі высілкамі ды прымушае пакутаваць і пераносіць штосьці відавочна дрэннае? Гэта, зразумела, не надвор’е, не клімат. Гэта сацыяльныя акалічнасці арганізацыі жыцця, якія абарочваюцца ўсведамленнем сябе як аб’екта чужога і негатыўнага ўздзеяння, адмова ад уласнай волі. Вы разумееце, што тут адбываецца інверсія негатыўных рысаў ва ўласныя пазітыўныя вартасці?»
Беларус у якасці «чалавека цярплівага» канчаткова сфармаваўся ва ўмовах прымусовай савецкай аднадушнасці. Пазбаўлены легітымнай магчымасці выяўляць незадаволенасць, ён у адказ на пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча тужэй зацягваў пояс. Гэта значыць, аддаваў перавагу не стратэгіям пратэсту і сыходу, а стратэгіі пасіўнай адаптацыі, якая зніжае асабістыя запыты. Але паніжэнне асабістых запытаў нават у форме бытавога рэчызму — гэта прамы шлях да дэградацыі асобы.
Алкагалізацыя насельніцтва — толькі адзін з індыкатараў дэградацыі асобы. Крытычную норму, якая складае, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 8 літраў чыстага алкаголю на сярэднестатыстычнага жыхара, беларусы даўно перасягнулі. Пракаментую сказанае афіцыйнай статыстыкай: «Продаж лікёра-гарэлачных вырабаў у 2009 годзе ў параўнанні з 2008-м павялічыўся на 14,4%, слабаалкагольных напояў — на 3,8%, піва — на 6,3%». Вось вам і рэакцыя на крызіс. І гэта пры росце рэальных прыбыткаў у крызісным 2009 годзе ўсяго толькі на 2,9%!
Незадаволенасць, як любіў падкрэсліваць класік рускай сацыялогіі Юрый Левада, — «найбольш распаўсюджаны і найменш вызначаны від сацыяльных настрояў». Незадаволенасць «чалавека цярплівага» айчыннага ўзору накіравана як бы на ўсіх (ад уласнага становішча да галоўнага начальніка), але ў той жа час практычна не накіраваная нікуды. Такі тып незадаволенасці ў сацыялогіі прынята называць «дыфузным». Ён не ўяўляе пагрозы для ўлады, а, наадварот, служыць важным элементам захавання палітычнага status quo.
Ад любові да нянавісці…
Чэрвеньскае апытанне НІСЭПД зафіксавала своеасаблівую ракіроўку на электаральнай дошцы: колькасць беларусаў, якія давяраюць «адзінаму палітыку» (АП), склала 33,6%, а тых, хто не давярае, — 53,8%. У снежні вынік быў адваротны: 55,0 і 34,1%. Колькасная змена — у наяўнасці, а як наконт якаснай? Альтэрнатывай дыфузнай незадаволенасці з’яўляецца палітычны ўдзел, гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за становішча ў краіне. Які працэнт палітычных дэзерціраў (якія пакінулі ранейшую «большасць», быццам пацукі карабель, што тоне) гатовыя да такой адказнасці? Цікавае пытанне, пагадзіцеся.
Зноў звярнуся па дапамогу да класіка расійскай сацыялогіі: «Настроі ўсеагульнай і дыфузнай незадаволенасці — абавязковы прадукт усякай «эпохі перамен», калі традыцыйныя рамкі існавання падарваныя, а новыя арыентацыі смутныя, сродкі для іх рэалізацыі адсутнічаюць, ілюзіі руйнуюцца і г. д.». У чым на сённяшні дзень палягае невыразнасць новых арыентацый? Для мяне асабіста — у глыбіні трансфармацыі, на якую здольныя палітычныя дэзерціры.
Тут напрошваецца каментар. Няроўнасць, якая разумеецца як парушэнне прынцыпу справядлівасці, спараджае незадаволенасць. Гэта натуральна. Аднак услед за нямецкім палітолагам Ральфам Дарэндорфам неабходна адрозніваць няроўнасць забеспячэння і няроўнасць правоў. Тыповага прадстаўніка беларускай «большасці» праблема няроўнасці правоў не турбуе. Яна яму абыякавая. Ён цалкам згодны з АП у тым, што «подлинная демократия — это гарантированный государством уровень жизни».
Сёння такіх гарантый дзяржава выдаць яму не ў стане. Адсюль рост дыфузнай незадаволенасці, у тым ліку і незадаволенасці самім АП. Але ці здольная гэта незадаволенасць перайсці з пэўнай асобы на аўтарытарную палітычную мадэль, канкрэтнай асобай створаную?
Апошняе апытанне НІСЭПД адназначнага адказу на гэта пытанне не дало. З аднаго боку, падзенне рэйтынгаў АП (электаральнага і даверу) суправаджалася ракіроўкай колькасці прыхільнікаў і апанентаў курсу развіцця краіны: колькасць першых са снежня па чэрвень скарацілася з 54,2 да 26,1%, колькасць другіх павялічылася з 32,2 да 61,8%. Але, з іншага боку, сіметрычнага росту рэйтынгу даверу апазіцыйных партый не здарылася: снежань — 16,3%, чэрвень — 20,1%.
Беларусы, хоць і не ўхваляюць курс развіцця краіны, тым не менш не спяшаюцца прылічваць сябе да апазіцыі. У чэрвені на пытанне: «Ці лічыце Вы сябе ў апазіцыі да цяперашняй улады?» станоўчы адказ далі 25,8% рэспандэнтаў, адмоўны — 60,3%. Не адзначаецца і прыкметнага росту пратэстных настрояў. Дэкларуюць сваю гатоўнасць прымаць удзел у мітынгах і пікетах сёння 16%. Гэта ўсяго толькі на 1 працэнтны пункт больш, чым у спрыяльным 2006 годзе адразу пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў.
Ад любові да нянавісці, як вядома, ляжыць дыстанцыя ў адзін крок. Пераходы падобнага кшталту называюць інверсійнымі. Класічны прыклад такога пераходу беларусы мелі магчымасць назіраць на прыкладзе стаўлення рускіх да Барыса Ельцына. Інверсія не прадугледжвае паўтонаў. Той, хто яшчэ ўчора быў увасабленнем дабра, пачынае ўспрымацца як абсалютнае зло. Зразумела, што такая пераацэнка прыроды чалавека не змяняе, таму апошняя і канчатковая перамога над Злом апынаецца толькі чарговым звяном інверсійнага ланцуга.