«Чорныя панядзелкі» і беларускі выбар
«Чорны панядзелак» падняў беларусаў на нервы. Некаторыя пачалі казаць пра дэвальвацыю, як у 2014 ці нават у 2011 годзе. Паніка на рынках узнікла з-за ўсё той жа нафты, пра якую мы столькі ўжо казалі, што чуць пра яе не хочацца.
Што адбылося? Адбылося моцнае падзенне цэнаў на нафту з-за таго, што не было дасягнутае пагадненне паміж Расіяй і АПЕК. АПЕК намагалася абмежаваць здабычу сыравіны. Расія і Казахстан, які да яе далучыўся, на такое абмежаванне не пагадзіліся.
У выніку ўжо ў пятніцу кошт барэля нафты знізіўся да 45 долараў. У суботу дзяржаўная нафтавая кампанія Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco абвясціла беспрэцэдэнтнае зніжэнне цэнаў на сваю прадукцыю для кліентаў на ўсіх рынках. Партыі гатунка Arab Light з адгрузкай у красавіку патаннелі на 6 долараў для Азіі, на 7 долараў — для ЗША і на 8 долараў — для Еўропы, дзе саудаўская нафта канкуруе з расійскай Urals. І амаль адначасова заявіла пра павелічэнне здабычы сыравіны да 10–11 мільёнаў барэляў у суткі супраць 9,7 мільёна цяпер.
Да таго ж у справы ўлез той самы, што таксама ўжо набіў аскому, каронавірус. З-за хваробы ў свеце ўводзяцца каранціны, спыняюцца прадпрыемствы (асабліва ў Кітаі), адмяняюцца авіярэйсы. Адпаведна — не маецца патрэбы ў паліве і сыравіне. То-бок, попыт на нафту зніжаецца натуральным чынам, тым самым зніжаючы кошт.
Як вынік — ф’ючарсныя цэны барэля нафты знізіліся да крытычнага паказніку ў 30 долараў.
Апошні раз такія кошты былі ў 1991-м — годзе, калі разваліўся СССР. Некаторыя эксперты кажуць, што танная нафта стала ці не апошнім штуршком, які запусціў працэс гэтага развалу.
Беларусі, нібыта, павінна быць добра, што кошты на нафту ўпалі ніжэй за плінтус. Прынамсі, цяпер Аляксандр Лукашэнка з поўным правам можа казаць, што Расія хацела прадаваць нам нафту па коштах, вышэйшых за сусветныя. Да таго ж цяпер сапраўды нягегла выглядаюць патрабаванні расійскіх пастаўшчыкоў сыравіны наконт нейкай «прэміі» за пастаўкі таннай нафты ў Беларусь. Бо яна сама па сабе — танней няма куды. А «прэміі» апошнім часам і былі асноўным пытаннем спрэчак.
Але тое, што карысна Лукашэнку, не азначае карысці для краіны. Танная нафта цалкам лагічна вядзе да таго, што таннеюць і нафтапрадукты — ці не асноўны наш экспартны тавар. Танныя нафтапрадукты — менш валюты ад экспарту, менш паступленняў у бюджэт.
Пры гэтым сітуацыя зусім не азначае, што ў Сінявокай стане больш танным бензін. Па меркаванні, напрыклад, эканаміста Барыса Жалібы, канцэрн «Белнафтахім», наадварот, заявіць, што «ў час крызісу нашым нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам патрэбная падтрымка», і кошт паліва будзе расці, а не зніжацца.
Мы аказаліся ў дзіўнай рэальнасці, калі і дарагая нафта — кепска, і танная — таксама кепска.
Але больш за ўсё ў гэтай сітуацыі нас павінны непакоіць паводзіны «стратэгічнага партнёра» — Расіі. Туды мы адпраўляем каля 60% нашага экспарту, а па некаторых пазіцыях (напрыклад, па сельскай гаспадарцы) і ўвогуле 90%. Даходы ж Расіі амаль цалкам завязаныя на газ і нафту — таму любы істотны скачок ці падзенне коштаў на сыравіну імгненна адбіваецца на расійскім рублі. Падае кошт нафты — падае і расійскі рубель, а значыць, узрастае кошт беларускіх тавараў. А калі беларускія тавары істотна даражэюць, іх, зразумела, перастаюць набываць. Зноў жа, падае экспарт — і ў выніку падае беларускі рубель.
У нас не адбылося паўнавартаснага «чорнага панядзелка» толькі таму, што ён прыпаў на 9 сакавіка. Па расійскім працоўным раскладзе гэты дзень быў выходным — за 8 сакавіка, які быў у нядзелю. Біржы і банкі там не працавалі напоўніцу, і ў нечым гэта нівелявала паніку, дало расійскаму Цэнтрабанку час на рэакцыю: магчымасць супакоіць насельніцтва і выдаткаваць з рэзерваў валюту для «папераджальнага продажу на ўнутраным рынку» дзеля стабілізацыі сітуацыі «і зніжэння валацільнасці фінансавых рынкаў ва ўмовах значных зменаў на сусветным рынку нафты».
То-бок, ад глабальнага падзення беларускі рубель (як і расійскі) уратаваў выключна шчаслівы збег абставінаў і датаў.
Што будзе ў эканоміцы надалей? Гэта, безумоўна, залежыць ад таго, наколькі ўстойлівым будзе час «таннай нафты» і на колькі ён зацягнецца. У аўторак цана нафты крыху адыграла панядзелкавы абвал і склала 37 долараў за барэль, што ўсё роўна нізка. Вядомы фінансавы аналітык Вадзім Іосуб сцвярджае, што пік уздзеяння падзення нафтавых коштаў мы адчуем месяцы праз тры-чатыры. У любым выпадку, беларуская ўлада, што б ні казаў Нацбанк, будзе трымаць айчынную валюту ад маштабнага падзення — прынамсі, да прэзідэнцкіх выбараў. А вось што далей…
Па розуме, нам трэба пераходзіць ад «нафтавай» эканомікі да інавацыйнай. Аднак такі пераход наўрад ці магчымы без правядзення рэальных рынкавых рэформаў і структурнай перабудовы эканомікі. А гэта — міна запаволенага дзеяння пад рэжым асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі.
Без рэформаў жа мы вырачаныя на далейшыя «чорныя панядзелкі». І зноўку ва ўлады атрымліваецца тая рэальнасць, дзе «і так кепска, і так кепска». Але ж некалі выбар зрабіць давядзецца. І чым раней — тым лепш.