Ціханоўская напісала калонку ў «Washington Post», у якой паведаміла, што паедзе ў ЗША на інаўгурацыйным тыдні
Святлана Ціханоўская разлічвае, што амерыканскі Сенат прыме Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі да канца гэтага году. Нагадаем, 18 лістапада дакумент ухваліла Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША і перадала ў Сенат гэтага заканадаўчага органа.
Як піша Ціханоўская, законапраект пашырыць кола тых, хто можа трапіць пад санкцыі ў адпаведнасьці з заканадаўствам ЗША за саўдзел у рэпрэсіях. У той жа час ён акажа падтрымку незалежным СМІ і тэхналогіям для абыходу дзяржаўнай цэнзуры.
«Доступ да інфармацыі — самая моцная зброя, якую мы маем. Спробы Лукашэнкі здушыць свабодны паток інфармацыі і схаваць свае жорсткія рэпрэсіі ня могуць застацца без адказу», — заявіла палітык.
«Мы ўдзячныя Еўрапейскаму Звязу і ЗША за іх рашучую маральную і тэхнічную падтрымку, — падкрэсліла Ціханоўская. — Мы цэнім намаганні цяперашняй амерыканскай адміністрацыі, якая нядаўна пашырыла санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў у нашай краіне. Я асабіста ўдзячная намесніку дзяржсакратара Стывэну Бігану за сустрэчу са мной і гатоўнасьць дапамагчы беларускаму дэмакратычнаму руху».
Ціханоўская таксама адзначыла, што за апошні месяц ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да 59 беларускіх чыноўнікаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, але, паколькі беларускі народ працягвае выходзіць на вуліцы, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я і эскалацыю гвалту з боку дзяржавы, ёсьць неабходнасць ва ўзмацненні міжнароднай падтрымкі. «Дзеянні Кангрэсу ў Вашынгтоне дадуць дадатковы эфект, падахвочваючы Брусэль даць уласны рашучы адказ», — лічыць палітык.
Яна паведаміла, што плануе наведаць сталіцу ЗША на інаўгурацыйным тыдні (18-24 студзеня 2021 году; Джо Байдэн прынясе прысягу прэзыдэнта 20 студзеня), каб «асабіста падзякаваць цяперашняй адміністрацыі за дапамогу народу Беларусі». «У той жа час я спадзяюся на развіцьцё трывалых адносін з новай адміністрацыяй, каб палегчыць пераход Беларусі да дэмакратыі», — адзначыла Ціханоўская.
3 снежня Сьвятлана Ціханоўская афіцыйна заявіла пра гатоўнасьць узначаліць краіну ў пераходны пэрыяд, нагадвае «Радыё Свабода».
Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі быў прадстаўлены кангрэсменам Крысам Смітам, які з'яўляецца таксама аўтарам папярэдніх актаў аб дэмакратыі ў Беларусі ад 2004, 2006 і 2011 гадоў. Прапанова аб пераглядзе Акту аб дэмакратыі была ўхваленая без пярэчанняў.
Акт пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША да ўвядзеньня новых санкцыяў у дачыненьні да краіны, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 года і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».
«Прэзыдэнт можа накласці візавыя санкцыі ў дачыненні да любога замежніка, які зяўляецца сябрам ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, з'яўляецца дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, з'яўляецца службовай асобай Саюзнай дзяржавы ці з'яўляецца расійскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэннях правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі», — гаворыцца ў тлумачэньні да законапраекту.