Час кульгавых рашэнняў

Ва ўмовах расколатага грамадства любое стратэгічнае рашэнне ўлады можа быць толькі часовым.

Ва ўмовах расколатага грамадства любое стратэгічнае рашэнне ўлады можа быць толькі часовым.
Лічыцца, што апошняму генеральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову не хапала рашучасці і палітычнай волі. Адсюль пастаянныя кіданні з адной крайнасці ў другую пры прыняцці рашэнняў, вынікам якіх і стала «найвялікшая катастрофа XX стагоддзя». Падмацую сказанае цытатай з самай аўтарытэтнай беларускай крыніцы: «С Горбачёвым мы встречаемся часто, я ему говорю: главная причина того, что произошло в распаде Советского Союза, то, что у нас не было сильного волевого человека, который бы осуществлял свои функции по конституции».
Нам пашанцавала: такі чалавек у Беларусі ёсць. Акрамя неабходных для паспяховага палітыка асобасных якасцяў, ён валодае шматгадовым досведам дзяржаўнага кіравання і глыбокімі тэарэтычнымі ведамі па ўтрыманні ўлады. Мяркуйце самі: «Ленин как учил? «Власть чего-то стоит, если она умеет защищаться». И это правильно. Говорят: «Он узурпировал власть». Подождите, ребята. Я узурпировал власть? А меня народ для чего избрал? Чтобы я, извините, сидел и смотрел, как страну перевернут?»
Сінтэз замест альтэрнатывы
2011-ы абвешчаны ў рэспубліцы Годам прадпрымальнасці. Як той казаў, не дзеля карысці, а выключна з мэтай стварэння новага аблічча беларускай эканомікі, разняволення ініцыятывы і дзелавой актыўнасці. Калі мне памяць не здраджвае, дык прараб перабудовы ў свой час таксама паклаў нямала высілкаў на «актывізацыю чалавечага фактару». Гэтак жа, як «адзіны палітык» (АП), Гарбачоў апеляваў да тэарэтычнай спадчыны заснавальніка савецкай дзяржавы, але не для таго, каб нагадаць калегам па Палітбюро аб прынцыпах утрымання ўлады, а для вяртання да «ленінскай пастаноўкі пытання пра максімум дэмакратызацыі сацыялістычнага ладу, пры якім чалавек пачуваецца гаспадаром і творцам». Магчыма, у гэтым і палягала яго галоўная памылка.
У палітыцы фармавання ў савецкага чалавека пачуцця гаспадара і творцы Гарбачоў бачыў альтэрнатыву андропаўшчыне з яе беспаспяховымі спробамі павялічыць эфектыўнасць эканомікі за кошт узмацнення вытворчай дысцыпліны. Але там, дзе прараб перабудовы бачыў альтэрнатыву, АП спрабуе знайсці магчымасць для сінтэзу. Я не памыліўся. Аўтар Указу №43 «Аб абвяшчэнні 2011 года Годам прадпрымальнасці» і прыхільнік Юрыя Андропава — адна і тая ж асоба. Для чытачоў, што ўсумніліся, прывяду адпаведную цытату: «У нас есть советский опыт времен Андропова. Нравится это кому-то или нет, но примерно так мы должны заставить каждого работать».
Ёсць такі базавы прынцып арганізацыі армейскага жыцця: не ведаеш — навучым, не хочаш — прымусім. Гэты прынцып і спрабуе АП перанесці з армейскай казармы ў заводскія цэхі, навуковыя лабараторыі, банкаўскія офісы. Калі перанос будзе паспяховы, мы станем сведкамі стварэння гістарычнага прэцэдэнту па разняволенні ініцыятывы і дзелавой актыўнасці шляхам прымусу!
Для людзей маладых і ўжо хаця б таму не зведаўшых на сабе дысцыплінарных інавацый, нагадаю: з прыходам Юрыя Андропава да кіраўніцтва КДБ у 1967 годзе барацьба з іншадумствам у СССР была пастаўлена на «навуковую» аснову. Галоўным ноў-хаў для барацьбы з «адмарозкамі» таго часу (дысідэнтамі), стала «карная псіхіятрыя», якая дазваляла ставіць беспрэцэдэнтны ў сусветнай медыцынскай практыцы дыягназ «шызафрэнічны сіндром агрэсіўнага антысаветызму». У тых, каму гэты экзатычны дыягназ быў пастаўлены, не ўзнікала праблем са шпіталізацыяй. У спецыялізаваных клініках, створаных пад патранажам МУС, для іх заўсёды знаходзілася месца.
Пра дэмакратыю, прусакоў і рынак
Спроба сумясціць несумяшчальнае, апісаная вышэй, — толькі адна з ілюстрацый стылю кіравання, які імкліва набірае рэйтынгавыя пункты на вяршыні ўладнай «вертыкалі». Шуганне з адной крайнасці ў іншую — яго візітная картка. Зрэшты, так было заўсёды, проста часавыя прамежкі паміж узаемавыключальнымі рашэннямі, вызначэннямі, заявамі сёння максімальна сціснуліся.
Вось, да прыкладу, выступае АП з пасланнем. На календары 21 красавіка. Кажучы пра перспектывы, якія адкрываюцца, ён пераконвае дэпутатаў, якія сабраліся ў Авальнай зале, што для іх увасаблення ў жыццё «у нас есть и возможности, и силы, и самое главное — желание». Праходзяць два дні. Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч спрабуе высветліць у міністра эканомікі Мікалая Снапкова прычыну зрыву плану па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Праблем з адказам у міністра не ўзнікае: «У нас заўсёды быў адказ на гэта пытанне… неабходна практычнае выкананне паказчыкаў. Для гэтага трэба толькі адно — жаданне».
Не, нездарма АП вырашыў звярнуцца да досведу спецыяліста па «карнай псіхіятрыі». Без творчага засваення напрацовак андропаўскіх умельцаў у беларускіх чыноўнікаў наўрад ці сфармуецца ўстойлівае жаданне прыцягваць прамыя замежныя інвестыцыі.
Але выпадак з жаданнямі — прыватны. У жаданняў лёс такі — змяняцца пад уздзеяннем знешніх абставінаў. Несувымерна большымі разбуральнымі наступствамі нам пагражае адмова ад курсу, абранага яшчэ на досвітку будаўніцтва «беларускай эканамічнай мадэлі развіцця». Ну як тут не пагадзіцца з наступнай заўвагай: «Мы правильным путем шли. И как только начали играться в некую демократию, вот мы и получили результат».
А не трэба было «играться». Не трэба было кідацца. Няўжо досвед Гарбачова нічому не навучыў? Дзе дапускаецца дэмакратычнае паслабленне, там, нібы прусакі са шчылін, пачынаюць выпаўзаць разумнікі, якія «основываясь на непонятных теориях свободного рынка, раздают эту валюту кому попало: иди на биржу, бери сколько хочешь, обменивай». Давялося вяртацца да кіравання ў звыклым ручным рэжыме. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць, ён быў прагназаваным, што і зафіксавалі чэргі ў абменных пунктах.
Сыты галоднаму не таварыш
Ёрнічаць у такім ключы — справа няхітрая, тым больш што за фактурай далёка хадзіць не трэба. Аднак жанр «Азбукі паліталогіі» патрабуе падвесці пад шматлікія факты і факцікі тэарэтычны падмурак. Для гэтага мне давядзецца засядлаць свайго любага коніка і ў чарговы раз звярнуцца да тэмы расколу беларускага грамадства. «Раскол, — сцвярджае гісторык Аляксандр Ахіезер, — ёсць няздольнасць у грамадстве прымаць цэласныя, значныя рашэння, якія ахопліваюць істотныя бакі жыцця грамадства. Рашэнні, што прымаюцца, уяўляюць сабой няпэўнай даўжыні ланцуг, у якім кожнае рашэнне карэктуе, адмяняе, абмяжоўвае папярэдняе і само, у сваю чаргу, становіцца ахвярай наступнага».
У беларускага расколу сацыякультурныя карані. Ён падзяліў грамадства на тых, хто ўжо ў нейкай ступені засвоіў ліберальныя каштоўнасці, галоўнай з якіх з’яўляецца свабода, і на тых, хто адчувае рэальную патрэбу ў апецы з боку «моцнай дзяржавы». Ва ўмовах расколу любы рэальны палітык, нават калі ён мае статус адзінага, асуджаны на прыняцце «кульгавых» рашэнняў, г. зн. рашэнняў, якія прымаюцца ў апісанай вышэй логіцы.
У расколатым грамадстве любое рашэнне, якое задавальняе адзін з яго бакоў, аўтаматычна генеруе пачуццё непрымання ў процілеглага боку. Калі АП заяўляе, што «мы наелись демократии, мы наелись рынка», то пад займеннікам першай асобы адзіночнага ліку «мы» ён мае на ўвазе не толькі сябе асабіста, але і беларускую «большасць».
Падзеі 19 снежня прымусілі АП публічна прызнаць факт расколу беларускага грамадства. Здавалася, яшчэ крыху — і мы станем сведкамі другога прышэсця палітыкі ў найноўшай гісторыі Беларусі (першае адбылося напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя). Але выпрабаванне палітыкай АП не вытрымаў. Дзейнасць па руцінным узгадненні інтарэсаў «большасці» і «меншасці» апынулася па-за межамі яго асабістых магчымасцяў.
Пасланне–2011 зафіксавала вяртанне да канцэпцыі адзінага народа, але гэта адзінства дасягнутае не за кошт кампрамісу, а за кошт адмаўлення «меншасці» ў праве на існаванне. Прынята чарговае «кульгавае» рашэнне. Зразумела, што не канчатковае. У рэальнасці «меншасць» нікуды не знікла, спроба ж ігнараваць яе інтарэсы толькі павялічыць раскол у грамадстве.
Дэзерціры працоўнага фронту
Лёс большасці прадказальнікаў — трапляць пальцам у неба. Верагоднасць такога зыходу асабліва вялікая, калі будучыня фармуецца на падставе «кульгавых» рашэнняў. Але лозунг, пад якім нам давядзецца жыць і працаваць хуткім часам, зразумелы. Ён запазычаны ў Джорджа Оруэла: «Дысцыпліна, таварышы, жалезная дысцыпліна! Вось лозунг сённяшняга дня! Варта зрабіць адзін няслушны крок — і ворагі адолеюць нас!»
Вы скажаце, што ён дрэнна спалучаецца з Дырэктывай №4. Згодны, але чаму ён павінен з ёй спалучацца? Дырэктыву №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ніхто не адмяняў. Кадры, здольныя ажыццяўляць маніторынг стану працоўнай дысцыпліны ў маштабах усёй народнай гаспадаркі, ёсць. Яны ўжо атрымалі адпаведныя ўказанні і распачалі працу. Вынікі маніторынгу не трымаюцца ў сакрэце. Чытайце прэсу, глядзіце навіны па тэлебачанні.
Найбольш прасунутым чытачам «НЧ» рэкамендую звярнуцца да сур’ёзных кніг па гісторыі. Напрыклад, да Ключэўскага: «Прыгонныя адносіны распаўсюджваліся на ўсё больш шырокія пласты насельніцтва. Усе вольныя людзі, не прыдатныя да ваеннай службы, абавязаны былі запісацца ў сяляне ці дваровыя, каб «гулякі за рамяство прыняліся і ніхто б без справы не бадзяўся». Гэты фрагмент — цытата з указу Пятра I.
Праблема ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны была актуальная пры першым расійскім імператары і яго наступніках. Для яе рашэння секлі галовы, рвалі ноздры, кляймілі і высылалі ў Сібір. Рашучыя меры дазволілі рэзка скараціць колькасць «праздношатающихся», ды і як ёй ні скараціцца, калі да канца кіравання Ганны Іаанаўны цэнтральная частка Расіі абязлюдзела. Толькі ў Літву за 10 гадоў яе кіравання збегла каля 250 тысяч чалавек. Не выключана, што сярод чытачоў «НЧ» ёсць нашчадкі дэзерціраў працоўнага фронту. Цікава, у якіх краінах будуць жыць ці ўжо жывуць іх дзеці?