Чаму Лукашэнка раптам загаварыў пра прэзідэнцкія выбары?

Аляксандар Лукашэнка заклікаў «супакоіцца» тых, хто хоча яго «адшыхтаваць». «Лукашэнку абраў беларускі народ, ён стане прэзідэнтам, калі ён гэтага захоча», — заявіў кіраўнік Беларусі ўчора ў Маскве на прэсавай канферэнцыі па выніках саміту Еўразійскага эканамічнага савету. 



luka_vybary.jpg

Чаму Лукашэнка раптам загаварыў пра прэзідэнцкія выбары? Каму адказваў беларускі кіраўнік, з кім ён вёў завочную палеміку? На гэтыя пытанні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
—У Маскве Аляксандар Лукашэнка завочна адказаў тым, хто хоча яго «отстроить». З кім завочна дыскутаваў беларускі кіраўнік, каму ён адказваў, адкуль ідзе гэтая пагроза?
— Паказальна, што Лукашэнка найперш думае пра выбары, хаця фармальна на саміце гаварылі пра эканоміку, мытныя бар’еры, пастаўкі прадуктаў. Але акурат гэтыя пытанні звязаныя ў ягоным усведамленні з наступнай прэзідэнцкай кампаніяй. Бо чым горай будзе сітуацыя ў эканоміцы, тым цяжэй будзе весьці гэтую кампанію, і тым болей будзе спакуса ў ягоных праціўнікаў калі не адхіліць яго ад улады, то «отстроить».
У ягоным адказе (хаця фармальна ён згадаў пра ўвесь свет) была палеміка з нейкімі неназванымі расійскімі палітолагамі і журналістамі. Але я думаю, што стрэмкай у Лукашэнкі сядзела недыпламатычнае выказванне расійскага амбасадара Расіі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, які выказаў сумнеў, што ўвогуле беларускі прэзідэнт пойдзе на наступныя выбары. І гэта было ўспрынята як такі званочак ад Масквы. Дык вось, прагучаў «наш адказ Чэмберлену» — маўляў, нічога ў вас не атрымаецца, усё адно пайду на выбары і выйграю.
— Чаму Лукашэнка вырашыў, што ўжо можна гаварыць пра выбары? Здавалася, дагэтуль ён намагаўся пра выбары шмат не казаць, паказваючы сябе як кіраўніка, які перш за ўсё клапоціцца пра эканоміку. А тут у разгар валютнага крызісу ён узгадвае выбары. Ці гэта наўмысна ці тут проста эмацыйная рэакцыя?
— Я думаю, тут пэўны ланцужок. Выйсце з эканамічнага крызісу (ці хаця б адцягванне пэўных наступстваў) палягае праз тое, што Масква ў нейкай форме павінна дапамагчы. А перамовы на гэты конт сёння, мяркуючы па ўсім, былі цяжкія. Сам расійскі рынак сціскаецца, рубель таннее — вось што падкошвае беларускі экспарт. А зноў даваць новыя крэдыты і датацыі Масква, як выглядае, надта не рвецца.
З гэтага вынікае, што выбарчая задача для Лукашэнкі становіцца ўсё болей вострай. І ён прагаворвае тое, што яго найперш непакоіць. Ён ужо думае пра наступныя выбары, пра тое, што здарыцца праз 11 месяцаў, а можа быць, і хутчэй. Бо на тле сённяшняй сітуацыі версія пра набліжэнне выбараў не здаецца ўжо такой фантастычнай.

svaboda.org