Беларусь бяднее, але баіцца пратэставаць
У панядзелак толькі каля 400 прадпрымальнікаў пратэставала ў Гродна супраць указаў Лукашэнкі.
Рост тарыфаў за камунальныя паслугі, жорсткія законы, глыбокая рэцэсія — Беларусь бяднее, але баіцца пратэставаць. Аб гэтым піша ў польскай «Gazeta Wyborcza» Анджэй Пачобут.
У панядзелак толькі каля 400 прадпрымальнікаў пратэставала ў Гродна супраць указаў Лукашэнкі, якія ўвялі патрабаванне сертыфікацыі тавараў. Базары стаяць пустыя, прадаўцы не працуюць, паколькі іх праца стала нелегальнай, але баяцца выйсці на вуліцу пратэставаць.
Тым часам прычын для пратэстаў становіцца ўсё больш. Беларускі ВУП упаў за год на 4,3%, частка прадпрыемстваў працуе 3–4 дні ў тыдзень. Прычынай калапсу стала падзенне цаны нафты, паколькі галоўны даход Беларусь атрымлівае ад нафтаперапрацоўкі. Таксама скараціўся расійскі рынак, які дагэтуль ахвотна прымаў беларускую прадукцыю.
У гэтым месяцы рэзка выраслі кошты жыллёва-камунальных паслуг. Ацяпленне кватэры, вада, карыстанне ліфтам падаражэлі на 25–40%. У сувязі з гэтым Лукашэнка заявіў, што ён абураны новымі тарыфамі на паслугі, і загадаў арыштаваць дзясятак-другі чалавек, адказных за рост тарыфаў ЖКП. «І тады ўсё стане на свае месцы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
«Лукашэнка гуляе ролю добрага цара, мудрыя загады якога перайначваюць дрэнныя баяры», — каментуе падзеі палітолаг Аляксандар Класкоўскі.