Бяда «дзяржаўных людзей»

Ёсць падзеі асабістыя, а ёсць падзеі грамадска важныя. Безумоўна, для нас «асабістай» падзеяй гэтага тыдня стаў наезд сілавікоў на нашу рэдакцыю. Але паколькі рэдактар і яе намеснік — Колб і Пульша — знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаванні, выдаваць мы нічога не будзем. Дый гэтага, уласна кажучы, і не патрабуецца.

_sport___stadyen___dynama___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__5__logo.jpg


Фраза «Ну вы ж самі ўсё разумееце» працуе ў абодва бакі. Калі ў нейкую рэдакцыю прыйшлі сілавікі — адразу ўсё зразумела, таму што проста так яны нікуды не ходзяць. І калі яны прыйшлі, а ў адказных асобаў рэдакцыі падпіска аб невыдаванні — па адміністрацыйных справах такіх паперак не бяруць. Значыць, прыходзілі ў межах крымінальнай справы.
Якой крымінальнай справы? А ці важна гэта, калі ў краіне «часам не да законаў»? Тым больш, што ніякае Міністэрства інфармацыі не блакавала сайт «Новага Часу» ды не выносіла газеце новых папярэджанняў, з чаго высновы адпаведныя: новых артыкулаў для справы не прыдумалі.
Гэта значыць — «Вы самі ўсё разумееце». Урэшце, у кожным чалавеку можна знайсці нешта добрае, калі хораша яго абшукаць.
Больш важныя грамадскія справы. На мінулым тыдні медыкаў нарэшце прарвала. Тэлеграм-каналы і незалежныя сайты пачалі публікаваць іх поўныя болю паведамленні пра тое, наколькі цяжкая сітуацыя з covid-19 у краіне і наколькі бездапаможнае Міністэрства аховы здароўя з яго статыстыкай. У мінулым аглядзе мы пісалі пра плюсы абавязковага масачнага рэжыму, а на гэтым тыдні Міністэрства аховы здароўя нават абвясціла аб прыпыненні планавых аглядаў. Зразумела, зроблена было гэта не ад добрага жыцця, а ад таго, што бальніцы забітыя кавіднымі пацыентамі ў цяжкім стане, а медыкаў у краіне і на тры дні не засталося.
І вось Лукашэнка праводзіць нараду па барацьбе з кавідам. Ну, як з кавідам? Падчас нарады па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне ён падкрэсліў, што сабраў чыноўнікаў «для абмеркавання пытанняў лячэння людзей», а не барацьбы з covid-19.
Праўда, з таго, што паведамлялі пра гэтае дзейства афіцыйныя СМІ, стала канчаткова зразумела, што стратэгіі барацьбы з пандэміяй у галаве ў пакуль кіраўніка Беларусі як не было, так і няма. Спачатку ён наехаў на чыноўнікаў, што яны прыходзяць да яго без масак і ПЦР-тэстаў. Потым запатрабаваў адмяніць узмацненне жорсткасці масачнага рэжыму. Потым заявіў, што вакцынавацца трэба, і смяротнасць сярод вакцынаваных амаль нулявая. А потым сказаў, што сам прышчэпіцца толькі тады, калі будзе распрацаваная беларуская вакцына ад covid-19. Ну, паказаў, так бы мовіць, прыклад.
І напрыканцы даручыў міністру аховы здароўя вярнуцца да практыкі папярэдніх хваляў пандэміі, калі ўводзіліся абмежаванні на правядзенне масавых мерапрыемстваў, маскі насіць рэкамендавалася, а для прадаўцоў крам і некаторых іншых катэгорый работнікаў яны былі абавязковымі. Таксама былі патрабаванні аб наяўнасці дэзінфектантаў, захаванні дыстанцыявання і гэтак далей. Праўда, у першую хвалю каронавіруса лячыць народ рэкамендавалася гарэлкай, трактарамі і козачкамі. Мабыць, калі так было ў папярэднія хвалі, то і цяпер гэтыя ж рэкамендацыі застаюцца актуальнымі.
А ведаеце, можа, гэта і слушна. Таму што, калі ўзровень даверу ў народа да ўлады падае ніжэй за плінтус, народ слухае падобныя прамовы, і робіць наадварот. Сказаў Лукашэнка, што жорсткі масачны рэжым непатрэбны — значыць, людзі будуць насіць маскі. Не хоча ён вакцынавацца — чэргі ў пунктах вакцынацыі павялічацца. Бо лозунг «паслухай кіраўніцтва і зрабі наадварот» у нашай сітуацыі — самы дзейсны спосаб ужо нават не жыцця, а выжывання.
Да таго ж, будзем шчырымі: гэтыя даручэнні проста невыканальныя. Ну, ён загадаў аднавіць планавыя агляды. Ад гэтага ў Беларусі стане больш дактароў? Або рэзка з’явяцца месцы ў бальніцах? Зразумела, не. Проста Лукашэнка ў чарговы раз вырашыў паказаць сябе «абаронцам простых людзей ад чынавенскага сваволля», — і ў чарговы раз прамазаў, не адгадаўшы іх патрэбы. Такое рашэнне прывядзе толькі да павелічэння нагрузка на сістэму аховы здароўя — на ўрачоў, на бальніцы. А значыць — чэргі ў паліклініках не паменеюць, а паболеюць. А лекары — таксама людзі. Яны і цяпер працуюць па 12 гадзін у сутках, і яны таксама хварэюць, ім таксама трэба адпачываць. А калі яны будуць, дзякуючы ўказанням Лукашэнкі, працаваць яшчэ больш... Куды ўжо больш, панове?
Лекары зваляцца ад стомы, і «пытанні лячэння людзей», пра якіх, кшталту, «паклапаціўся» Лукашэнка, устануць з яшчэ большай вастрынёй.
Чаму ж сістэма працуе не на карысць, а на згубу? Ды таму, што вырашаць пытанні ў любой сферы павінны прафесіяналы. А прафесіяналы ў непрафесійнай сістэме не ўжываюцца. Вось, напрыклад, Лукашэнка прызначыў міністрам юстыцыі Сяргея Хаменку, які раней быў намеснікам міністра ўнутраных спраў і кіраўніком Дэпартамента аховы МУС — гэта значыць, сістэмы, якая разумее закон у вельмі вузкім яго разрэзе. Пры гэтым сам Хаменка адзначыў, што яму прыйдзецца навучыцца асобным пытанням. Але, як сказаў ён жа, яго недахоп ведаў і вопыту кампенсуецца тым, што ён «дзяржаўны чалавек».
«Дзяржаўны чалавек у любой іпастасі дзяржаўны чалавек», — заявіў Хаменка.
Вось шчыра: смешна і нязручна. Уявіце, што прыходзіць у фірму прэтэндэнт, уладкоўвацца, да прыкладу, праграмістам. Яго пытаюцца «На якіх мовах кодзіце»? А ён адказвае: «Мне трэба навучыцца, але затое я дзяржаўны чалавек». Або — у разрэзе сённяшняй сітуацыі — хто-небудзь захоча, каб яго аперыраваў не хірург, а «дзяржаўны чалавек»?
Намеснікам кіраўніка Акадэміі навук таксама прызначаны «дзяржаўны чалавек» з КДБ. Цікава, якую беларускую вакцыну ад covid-19 ён зможа стварыць, і ці рызыкне ўсё ж такі Лукашэнка ёй прышчапіцца, як абяцаў?