Беларускія трактары ў егіпецкай пустыні шукаюць выйсця для эканомікі Лукашэнкі

Нядаўна так званы прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка злётаў у Егіпет — але не на курорт, а з афіцыйным візітам. Падмацоўваў сувязі з брацкім егіпецкім народам.

_belarus_selskaja_haspadarka_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__logo.jpg

Крывы рэйс эканом-класам 

Спярша некалькі агульных каментароў па візіце: ён афіцыйны, што прадугледжвае максімум пратакольных фармальнасцей і гасціннасці. Набор знакаў увагі вызначаецца дзяржавай, якая прымае, з разлікам на ўзаемнасць. З таго, што трапіла ў кадр у егіпецкім выпадку — дывановая дарожка ля трапа прэм'ерскага самалёта, ганаровая варта, аркестр, выкананне гімнаў і прэм'ер-міністр Егіпта, які ўласнай персонай прыбыў у аэрапорт для цырымоніі сустрэчы калегі з Беларусі.

Візіт адметны тым, што ён першы ў гісторыі двухбаковых адносінаў на прэм'ерскім узроўні. Пры гэтым кантакты кіраўнікоў дзяржаў, а тым больш на іншых менш значных узроўнях здараліся неаднаразова, але пра гэта крыху пазней, піша былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19».

Шлях з Мінска да Каіра з улікам неабходнасці аблёту зусім не блізкі, займае 6-7 гадзін лета. «Эмбраер» кампаніі «Белавія», які дастаўляў кіраўніка ўрада, не можа прарабіць такі шлях без дазапраўкі, а ўрадавыя «Боінгі» 737 і 767, якімі карыстаецца Лукашэнка і якім такія пералёты па сілах, Галоўчанку недаступныя — не той тарыфны план. Ёсць, праўда, яшчэ бізнес-джет «Бамбардзье», які часам транспартуе прэм'ера, але не гэтым разам. Магчыма, з-за даўжыні спісу асоб з суправаджэння, не сумяшчальнай з салонам джэта. 

Таму стандартны пасажырскі «Эмбраер» і вымушаная пасадка ў Сочы для дазапраўкі. Прычым на шляху ў Каір Галоўчанка скарыстаўся дазапраўкай для сустрэчы з мэрам Сочы, а вось як Раман Аляксандравіч прабавіў час на зваротным шляху, пакуль бакі самалёта запаўняліся газай, засталося загадкай. 


Глядзіце таксама

Дарэчы, даставіўшы кіраўніка беларускага ўрада ў Мінск, прэм'ерскі борт вярнуўся да сваіх штодзённых функцый і рэйсавай праграмы: калі верыць флайтрадару, «Эмбраер» адправіўся са звычайнымі пасажырамі ў Санкт-Пецярбург. Вось які блізкі прэм'ер у Беларусі да народа і які далёкі яго начальнік.

Праграма Галоўчанкі ў Егіпце была стандартнай для падобнага кшталту візітаў: палітычная частка ў выглядзе перамоў і сустрэч ва ўрадзе і парламенце, а таксама дзелавая — наведванне прадпрыемстваў і ўдзел у бізнес-форуме. Паведамляецца, што форум прынёс дамоўленасці на 12 млн. дрлараў, траціну гэтай сумы сабраў кантракт на пастаўку трактароў. 

Хутчэй за ўсё, гэтыя пагадненні былі б падпісаныя і без форуму, і без візіту, але для пашырэння ўзаемадзеяння і з'яўлення новых кантактаў форум і візіт, несумненна, важныя.

Кідаецца ў вочы адсутнасць сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі з прэзідэнтам Егіпта. Такія сустрэчы называюцца візітам ветлівасці госця да кіраўніка дзяржавы. Магчыма, прэзідэнта Егіпта на момант прыезду беларускага прэм'ера не было ў Каіры або ў краіне. Магчыма, такой сустрэчы не прадугледжвае егіпецкі пратакол, хоць гэта ўяўляецца малаверагодным, але нельга выключаць. Бачных прычын не прымаць кіраўніка беларускага ўрада ў прэзідэнта Егіпта няма.

У беларускім выпадку праграма візітаў высокіх гасцей з Егіпта, якія прыязджалі ў Мінск, у прыватнасці, міністра замежных спраў у 2017 годзе і спікера парламента ў 2018-м уключалі сустрэчу з Лукашэнкам. І ў гэтым сэнсе беларускі бок мог разлічваць на ўзаемнасць.

Пустыня, пераараная беларусамі

Супрацоўніцтва паміж краінамі мае даўнюю гісторыю, больш старую, чым узрост незалежнай Беларусі і дыпадносінаў. Яна сыходзіць каранямі ў савецкія часы. 

Напрыклад, першыя беларускія трактары даехалі да Егіпта яшчэ ў 1965 годзе. З таго часу МТЗ паставіў у гэтую краіну звыш 40 тысяч трактароў. Прычым у магутнасным дыяпазоне 80-90 конскіх сіл трактарам «Беларус» паводле стану на 2020 год належала да 80% егіпецкага рынку. 

Дыпламатычныя адносіны былі ўстаноўленыя 1 лютага 1992 года шляхам апублікавання спецыяльнага камюніке ў Мінску, Каіры і Маскве. Яго тэкст быў узгоднены загадзя, таксама загадзя быў абумоўлены фармат устанаўлення дыпадносінаў. Прысутнасць Масквы звязаная з тым, што беларускае МЗС вяло камунікацыю з Каірам праз амбасаду Егіпта ў Расіі, якая з тых часоў і па гэты дзень адказная за супрацоўніцтва з Беларуссю — амбасадар Егіпта ў РФ акрэдытаваны на Рэспубліку Беларусь па сумяшчальніцтве. 

На пачатку 2020-га замаячыла цень адкрыцця амбасады Егіпта ў Мінску: егіпцяне быццам бы адважыліся, беларускі бок пагадзіўся і прапанаваў участкі пад яго. Аднак дыпмісіі дагэтуль няма. 

Амбасада Беларусі ў Каіры адкрылася ў жніўні 1997-га і стала першым беларускім дыппрадстаўніцтвам у Афрыцы. Першым амбасадарам у Егіпце быў Ігар Ляшчэня, які ўжо ў якасці амбасадара ў Славакіі асудзіў гвалт пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Гэта адзін з самых прафесійных дыпламатаў незалежнай Беларусі.


Глядзіце таксама

Гісторыя кантактаў на вышэйшым узроўні вядзецца з чэрвеня 1998 года — першага афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет. У 2015-м кіраўнікі дзяржаў сустрэліся на палях сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Затым у 2017-м і 2020-м адбыліся яшчэ два візіты Лукашэнкі ў Каір.

Адзіны прыезд прэзідэнта Егіпта ў Беларусь адбыўся ў чэрвені 2019-га. Цяпер ёсць разлікі на новы: Галоўчанка заявіў, што ў Мінску чакаюць кіраўніка гэтай арабскай дзяржавы з візітам у адказ (адказ на прыезд Лукашэнкі ў Каір у лютым 2020-га).

Адносіны паміж краінамі ахопліваюць практычна ўсе сферы: ад узаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, гандлю і кааперацыі да бяспекі, адукацыі і турызму. 

Егіпет, у прыватнасці, трымае другі радок па папулярнасці як турыстычны напрамак для беларусаў, саступаючы Турцыі: у 2023 годзе егіпецкія курорты наведалі 77 тысяч турыстаў з Беларусі. Для параўнання: у 2021 годзе ў Егіпет з'ездзілі 200 тысяч турыстаў, адпраўленых беларускімі турфірмамі. Пікавы паказчык быў дасягнуты ў 2019-м — 258 тысяч.

Самы кароткі шлях на Поўдзень ляжыць праз Захад

Ключавы напрамак супрацоўніцтва паміж краінамі — эканамічны. Хоць узаемны гандаль не ўражвае вялікімі лічбамі. Паводле вынікаў 2023 года тавараабарот пераваліў за 100 млн., з якіх, праўда, 75 млн. — гэта беларускі экспарт. 

У гісторыі двухбаковых адносінаў бывала, што тавараабарот скочваўся да 9 млн. (2003 год), так што 100 млн. агульнага гандлю і 75 млн. экспарту ў санкцыйную пару — гэта нядрэнны вынік. Рэкордным для беларускага экспарту быў 2014 год: тады Беларусь паставіла ў Егіпет прадукцыі на 134 млн. долараў. Матывы візіту Рамана Галоўчанкі ў Каір у тым, каб яшчэ больш нарасціць пастаўкі з прыцэлам на суседнія краіны рэгіёна.

На Блізкім Усходзе было дзве дзяржавы, якія разглядаліся Беларуссю на ролю трампліна ў свет гандлю з арабскімі і афрыканскімі краінамі. Гэта Сірыя і Егіпет. Абедзве краіны Лукашэнка ўпершыню наведаў у 1998 годзе — з розніцай у некалькі месяцаў. Абедзве краіны маюць выгаднае геаграфічнае становішча, з абедзвюма краінамі ў Беларусі завязаўся інтэнсіўны палітычны дыялог. Аднак вайна ў Сірыі спрасціла выбар, выключыўшы яе як варыянт да лепшых часоў. 

Ідэя Мінска, якую быццам бы падзяляў і падтрымліваў Каір у дасанкцыйную эпоху, заключалася ў тым, каб выходзіць з агульнай прадукцыяй на еўразійскі, арабскі і афрыканскі рынкі. Прыкладамі агульнай прадукцыі з'яўляюцца створаныя ў Егіпце сумесныя вытворчасці грузавікоў «МАЗ» і трактароў МТЗ, зборачная лінія «Амкадор» і не толькі. Рэалізацыі гэтай ідэі павінна дапамагчы зона свабоднага гандлю ў Афрыцы з удзелам Егіпта і заключэнне аналагічнага пагаднення паміж Егіптам і ЕАЭС, якое пакуль яшчэ ў перагаворным працэсе. 


Глядзіце таксама

Аднак ёсць і тое, што так ці інакш стрымлівае гэтыя задумы і іх удзельнікаў. А менавіта заходнія санкцыі ў дачыненні да Беларусі і цяжкасці з лагістыкай праз страту доступу да партоў краін Балтыі і Украіны, якія забяспечвалі самыя аптымальныя варыянты дастаўкі ў рэгіён. 

Сам па сабе санкцыйны шлейф Беларусі не з'яўляецца падставай для краін «далёкай дугі» рваць адносіны, але і фарсіраваць іх таксама. Тым больш, калі гэта спалучана з ускладненнямі, напрыклад, для ўласных сувязей з заходнім светам. У прыватнасці, Егіпет па-ранейшаму зацікаўлены ў захаванні стратэгічных адносінаў з ЗША як ключавым саюзнікам і важным эканамічным партнёрам і наўрад ці стане рызыкаваць імі дзеля кааперацыі з Беларуссю ў стварэнні збожжавых хабаў, калі такая небяспека ўзнікне.

Праблема не вырашаецца беларускім візітам у Егіпет або егіпецкім у Беларусь. Для гэтага Мінску трэба знайсці агульную мову з ЗША і ЕС. Спыненне рэпрэсій і вызваленне людзей з турмаў — тое, што не патрабуе сродкаў і намаганняў, але з вельмі высокай доляй верагоднасці паслужыць паразуменню. А гэта, у сваю чаргу, аблегчыць для Беларусі ўвасабленне планаў з Егіптам і многімі іншымі важнымі краінамі «далёкай дугі», звязанымі супрацоўніцтвам з заходнім светам.