БДІПЧ АБСЕ заклікала Беларусь увесці мараторый на пакаранне смерцю

Дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Міхаэль Георг Лінк заклікаў Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на прывядзенне ў выкананне смяротнай кары ў якасці першага кроку на шляху да яе поўнай адмены.

000020_34960_big.jpg


Заява, апублікаваная на сайце арганізацыі, стала рэакцыяй на выкананне ў Беларусі смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Іванова (за жорсткае забойства чалавека), а таксама на рашэнне Вярхоўнага суда пакінуць у сіле смяротны прысуд Сяргею Хмялеўскаму (за забойства трох чалавек). Пра абодва факты стала вядома 6 мая.
"Цалкам відавочна, што шляхам адмены смяротнага пакарання большасць дзяржаў — удзельніц АБСЕ прызналі па сваёй сутнасці жорсткі, бесчалавечны і зняважлівы характар смяротнага пакарання", — заявіў кіраўнік БДІПЧ АБСЕ.
Ён нагадвае, што гэтае пытанне было ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі, якая прайшла ў сакавіку ў Мінску і была арганізаваная Міністэрствам замежных спраў Беларусі, пастаянным прадстаўніком ААН у Беларусі і пасольствам Вялікабрытаніі.
"Я перакананы, што прывядзенне ў выкананне прысуду ў дачыненні да Сяргея Іванова супярэчыць сусветнай тэндэнцыі да адмены гэтага віду пакарання, з'яўляецца непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці", — заявіў Лінк.
Раней, нагадаем, з падобнымі заявамі выступілі Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы.
Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне. З моманту набыцця краінай незалежнасці да расстрэлу былi прыгавораныя больш за 400 чалавек, Аляксандр Лукашэнка памілаваў з іх ліку толькі аднаго асуджанага. Пасля вынясення кожнага смяротнага прысуду Савет Еўропы, Еўрасаюз і праваабарончыя арганізацыі традыцыйна заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання і абвясціць мараторый на гэты від пакарання.
Паводле звестак праваабаронцаў, смяротнай кары зараз таксама чакаюць Іван Кулеш (жорсткае забойства трох чалавек) і Генадзь Якавіцкі (жорсткае забойства аднаго чалавека). Прысуды аб выключнай меры пакарання ў дачыненні да іх набылі моц.
Андрэй Серада, БелаПАН