Алкаголь, мікракрэдыты, Стамбул. Новыя факты з пакручыстай біяграфіі былога суддзі Шміта

Контрвыведка і пракуратура Польшчы падазраюць, што суддзя Томаш Шміт, які ўвесну ўцёк у Беларусь, супрацоўнічаў з выведкаю Беларусі як мінімум год, піша «Белсат» са спасылкай на «Gazeta Wyborcza».

Томаш Шміт на фестывалі нацыянальных культураў. Горадня, Беларусь. 9 чэрвеня 2024 года. Фота:  Tomasz Szmydt / Telegram

Томаш Шміт на фестывалі нацыянальных культураў. Горадня, Беларусь. 9 чэрвеня 2024 года. Фота:  Tomasz Szmydt / Telegram

Журналісты выдання «Gazeta Wyborcza» паразмаўлялі з інфарматарам, які ведае дэталі расследавання польскіх пракуратуры і контрвыведкі пра дзейнасць Томаша Шмыта, і з асобамі, якія са Шмытам кантактавалі апошнім часам.

Збеглага суддзю падазраюць у працы на выведку Беларусі са з’яўлення Шмыта на прэс-канферэнцыі ў Беларусі 6 траўня. Паводле крыніцы выдання, Шмыт прыехаў у Беларусь праз пераход «Тэрэспаль – Берасце» яшчэ 28 красавіка – у першы дзень свайго запланаванага адпачынку. Як усе, доўга стаяў у заторы перад мяжою, перайшоў за 24 гадзіны. Ды гісторыя сувязяў Шмыта з Беларуссю пачынаецца задоўга да таго дня.

Ён ужо бываў у Беларусі – і загадкава лятаў у Турэччыну

Высновы контрвыведкі і пракуратуры паказваюць, што Шміт, імаверна, усталяваў кантакт з лукашэнкаўскімі службамі як мінімум за год да выезду з Польшчы. У службах пацвердзілі, што суддзя першы раз паехаў у Мінск год таму, быў у Беларусі з 7 да 10 чэрвеня 2023-га

А ў снежні 2023 года, незадоўга да Калядаў, Шмыт паляцеў на два дні ў Стамбул. Другая вандроўка выклікае падазрэнні, бо турэцкую сталіцу называюць «горадам шпіёнаў», асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Да таго ж, Шміт выбраў не курортны горад і наўрад ці збіраўся на экскурсію ў Стамбул, куды тураператары прадаюць паездкі звычайна на 5–6 дзён. За два дні ў Турэччыне Шміт мог сустрэцца з сувязным выведкі Беларусі.

Раней партал Onet.pl заяўляў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі некалькі месяцаў ведала пра сувязі Шміта з Беларуссю і збіралася арыштаваць за шпіянаж. Але крыніца выдання заяўляе, што з’яўленне Шміта ў Беларусі сталася нечаканасцю для польскіх спецслужбаў, пра гэта заяўлялі і польскія ўлады. Паводле крыніцы, да 6 траўня Шміта не падазравалі ў супрацы з лукашэнкаўскімі спецслужбамі. Усё ж Польшча не таталітарная краіна, усіх паездак грамадзянаў не адсочваюць.

Ён быў у цяжкім фінансавым становішчы – мо і сам шукаў супрацы з замежнаю выведкаю

Цяпер расследавальнікі думаюць, што вербаванню Шміта магло спрыяць ягонае «драматычнае» фінансавае становішча. Ён меў добрыя заробкі як суддзя, але меў і высокія выдаткі: здымаў у Варшаве кватэру за 4 тысячы злотых на месяц (гэта амаль тысяча долараў) і плаціў высокія аліменты на трох дзяцей ад мінулага шлюбу; не меў маёмасці, але меў пазыкі, у тым ліку мікракрэдыты («chwilówki»). Магчыма, ён сам шукаў кантактаў з беларускім бокам.

Высновы службаў таксама паказваюць, што Шміт злоўжываў алкаголем, і відавочцы назіралі яго ў прыгнечаным настроі. Гэта звязвалі з ранейшаю «гэйтарскай аферай» («afera hejterska»), у якой бралі ўдзел Шміт і ягоная былая жонка. Спачатку яны збіралі і распаўсюджвалі кампрамат на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы, але затым Шміт перайшоў на іншы бок і стаў пацвярджаць высновы медыяў пра скандал, нават выступіў на паседжанні парламенцкага камітэту юстыцыі, праз што ад яго адвярнуліся былыя калегі.

Крыніца польскага выдання адкідвае версію, быццам Шміт уцёк ад магчымага затрымання ў межах расследавання «гэйтарскай аферы»: ён меў судовую недатыкальнасць, якую перад затрыманнем яшчэ трэба было б зняць, што немагчыма зрабіць таемна ад падазраванага.

Пакуль польскія расследавальнікі не знайшлі пацверджанняў таго, што Шмыт збіраў і перадаваў беларускім службам інфармацыю, атрыманую ў сувязі з выкананнем ім абавязкаў суддзі. Агенцтва ўнутранай бяспекі правяло ператрус у ягоным кабінеце ў варшаўскім судзе, канфіскавала камп’ютар і носьбіты інфармацыі. Таксама аглядалі ягоную кватэру.

Адметная дэталь: кватэра выглядала так, нібы Шмыт збіраўся вярнуцца. Ён пакінуў вопратку, касметыку, нататнікі, камп’ютар і носьбіты інфармацыі. Чаму ён вырашыў не вяртацца і стацца часткаю лукашэнкаўскай прапагандысцкай машыны – дасюль няясна.

Можа, Шміт проста не вытрымаў напружання і ўцёк, чым мог здзівіць нават беларускі бок, разважае «Gazeta Wyborcza». Раней арганізацыя былых беларускіх сілавікоў «BYPOL» выказвала такую здагадку: у нейкі момант Шміт спалохаўся выкрыцця і вырашыў уцячы, без узгаднення са сваймі куратарамі ён прыехаў у Мінск, чым вельмі іх раззлаваў.

Не здаваўся пуціністам ці лукашыстам

Польскія спецслужбы таксама аналізуюць выступы Шміта ў беларускай і расійскай прапагандзе ды ягоныя допісы ў сацыяльных сетках. Прыйшлі да высновы, што Шміт не вядзе сацсетак сам: некаторыя допісы відавочна кепска перакладзеныя на польскую мову. А да публічных выступаў інтэнсіўна рыхтуецца пад кантролем рэжымнай выведкі.

Знаёмыя Шміта расказалі выданню, што суддзю цікавілі краіны на ўсходзе ад Польшчы, расійская мова і культура, «русская душа». Ён выказваў, хай і крытычна, захапленне Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам, бо тыя «дасягаюць сваіх мэтаў». Ды следства апытала два дзясяткі сведак, не пачула ад іх прыкметаў менавіта прарасійскіх настрояў Шміта. Наадварот, ён здаваўся чалавекам, які падтрымлівае Украіну.

Адною з першых апытаных у следстве была грамадзянка Украіны Алена К., якая да нядаўна была спадарожніцаю Шміта. Спачатку польскія медыі выказвалі здагадкі, што жанчына магла і завербаваць суддзю. Але яна засталася ў Польшчы, не хавалася. Яна пацвердзіла, што была ў стасунках са Шмітам, суддзя некаторы час жыў у яе. Кажа, рассталіся, бо «перасталі пасаваць адно аднаму», але захавалі добрыя адносіны.

Алена сцвярджае, што Шміт быў таямнічы, мала расказваў пра сябе, таму яна нават не ведала, навошта і да каго ён ездзіў у Беларусь. Разам з тым яшчэ да расстання Шміт паехаў з Аленай у ейную родную вёску ва Украіне, пара збірала там бульбу.