Беларуса дэпартавалі з Польшчы. Ён перайшоў на беларускі бок, дзе чакалі сілавікі і прапаганда. Што адбываецца?

Беларуса Дзмітрыя Смактуновіча 11 чэрвеня выправадзілі з Польшчы за парушэнне правілаў знаходжання ў Еўрасаюзе: яго ВНЖ у Літве анулявалі. Як даведаўся Павел Латушка, адной з галоўных прычынаў дэпартацыі стала супрацьзаконная дзейнасць Смактуновіча, звязаная з садзейнічаннем у нелегальным перасячэнні беларуска-польскай мяжы мігрантамі. Мужчына казаў, што ў Беларусі яму пагражае пераслед праз грамадзянскую пазіцыю. Па апошняй інфармацыі, Дзмітрый усё ж перайшоў на беларускі бок.

Скрыншот: Наша Ніва

Скрыншот: Наша Ніва

Гісторыю Зміцера распавяла MOST яго жонка Наталля.

Дзмітрыю 40 гадоў, ён родам з Бабруйска. З канца 2019 года беларус працаваў вадзіцелем-дальнабойшчыкам у Еўропе, атрымаў часовы ВНЖ у Літве. Але перыядычна вяртаўся ў Беларусь з рэйсаў, апошні раз быў на радзіме ў 2022 годзе.

У лютым 2023 года Дзмітрый перабраўся ў Польшчу, а праз месяц да яго пераехала і жонка Наталля з трыма дзецьмі. Амаль год мужчына легальна прапрацаваў у таксі ў Беластоку — плаціў падаткі і рабіў сацыяльныя выплаты ў ZUS.

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе. Фота MOST

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе. Фота MOST

11 чэрвеня 2024 года паліцыя спыніла беларуса для праверкі дакументаў. Высветлілася, што ў яго быў ануляваны літоўскі ВНЖ.

— Раніцай ён традыцыйна выехаў таксаваць. У 07:40 напісаў, каб я ехала на працу самастойна. Яго спыніла паліцыя для праверкі і ён можа затрымацца. У мужа быў дазвол на працу, так што мы ні пра што не падазравалі, — распавяла Наталля.

У 10.30 Наталлі патэлефанаваў супрацоўнік польскай пагранслужбы і паведаміў, што Дзмітрый знаходзіцца на пагранпераходзе ў Цярэспалі. І ў іх дакументы на яго дэпартацыю.

— Не растлумачылі чаму, проста паведамілі. Спыталі, ці ўсё я зразумела. Размаўлялі са мной па-руску, з акцэнтам. Не далі мне з ім паразмаўляць. Яму не далі забраць з машыны рэчы, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і этапавалі на пагранпераход. Там яму падсунулі дакументы. З польскім у яго не вельмі добра. І ён усё падпісаў.

Пасля гэтага памежнікі адвялі Дзмітрыя ў нейтральную зону паміж Беларуссю і Польшчай. Зміцер застаўся на мосце праз раку Буг, якая падзяляе Беларусь і Польшчу.

Пачакаўшы, пакуль зменіцца змена польскіх памежнікаў, Дзмітрый спрабаваў звярнуцца да іх і папрасіць аб міжнароднай абароне. Натальля кажа, што ў Беларусь яму вяртацца нельга праз грамадзянскую пазыцыю. Аднак гэта аказалася безвынікова.

У 01:42 Дзмітрый папрасіўся ў беларускі аўтобус і здолеў даехаць да польскага памежнага пераходу. Да 03:00 яму ўдалося патрапіць да польскіх памежнікаў, але ў 06:30 яго зноў вывезлі ў нейтральную зону.

Як стала вядома MOST, нагодай для затрымання магло стаць тое, што мужчына перавозіў мігрантаў, якія нелегальна ўязджаюць у Польшчу з беларускага боку. Наталля кажа, што яго затрымлівалі за гэта яшчэ ў красавіку 2023 года, тады ён супрацоўнічаў са следствам, дзякуючы яго дзеянням удалося выйсці на іншых удзельнікаў канала перавозкі. Судзімасць пагашана. А зараз прычынай дэпартацыі стала менавіта ануляванне ВНЖ у Літве.

Як даведаўся  Павел Латушка, паводле інфармацыі, прадстаўленай Надбужанскім аддзелам пагранічнай службы Польшчы, адной з галоўных прычын выправаджэння грамадзяніна Беларусі Дзмітрыя Смактуновіча з тэрыторыі Польшчы з'яўлялася яго супрацьзаконная дзейнасць, звязаная з садзейнічаннем у нелегальным перасячэнні беларуска-польскай мяжы мігрантамі.

Паводле апошняй інфармацыі, якую атрымала «Медыязона», дэпартаваны Дзмітрый Смактуновіч усё ж перайшоў на беларускі бок. Па стане на 11:30 12 чэрвеня зараз ён праходзіць мытны кантроль. 

«Ён не ведаў, што ён нелегал, нам ніхто не паведаміў»

У нейтральнай зоне стаялі беларускія аўтобусы. Было некалькі беларусаў, якія спачувалі, якія накармілі Дзмітрыя і далі яму зарадзіць тэлефон. Акрамя таго, ён прасіўся пагрэцца.

Мужчына лёгка апрануты — на ім куртка, футболка і лёгкія штаны — тое, у чым яго затрымалі з раніцы. Прывезці яму рэчы Наталля не можа — яна яшчэ не атрымала ВНЖ у Польшчы і не можа пакідаць краіну.

— Ён не ведаў, што ён нелегал, нам ніхто не паведаміў, — тлумачыць сітуацыю Наталля.

Пакуль муж чакае на нейтральнай паласе, Наталля пачала пошук юрыстаў.

— Юрысты мне кажуць, што калі б ён не падпісваў дакументы, то ў яго былі б шанцы, можна было б падключыць адваката, але зараз шанцаў няма. Але як не? Павінна быць нейкае выйсце! …Мы простыя людзі, зорак з неба не хапаем, па-шчыраму працуем і плацім падаткі, і хочам тут застацца.

Як стала вядома MOST, Дзмітрый быў занесены ў Літве ў спісы нядобранадзейных грамадзян, з-за гэтага яго ВНЖ анулявалі. Натальля лічыць, што такое рашэньне прынялі з-за таго, што ў 2003 годзе ён працаваў дзяжурным у папраўчай калёніі. Яна кажа, што тады гэта бачылася спосабам пабудаваць ільготнае жытло. Але з жыллём не атрымалася, і Дзмітрый звольніўся. Прапрацаваў у калоніі мужчына менш за тры гады.

— Калі ён падаваўся ў Літве на ВНЖ, ён указаў у сваёй біяграфіі такія дадзеныя — гэта ж было амаль 20 гадоў таму, ён быў малады і толькі прыйшоў з войска. Пару гадоў папрацаваў і звольніўся. І потым усё жыццё займаўся прадпрымальніцтвам, перавозкамі, — распавядае Наталля.

«Кіроўцы аўтобусаў перадалі, што яго ўжо чакаюць»

Дзмітрый актыўна каментаваў падзеі 2020 года ў сацсетках. Пасля апошняга ад'езду з Беларусі яму прыйшла позва з ваенкамата. Да яго маці прыходзілі людзі, якія цікавіліся мужчынам. А потым з ім звязаліся знаёмыя «з органаў» і рэкамендавалі па магчымасці не прыязджаць у Беларусь, таму што на яго ёсць нейкія матэрыялы.

Кіроўцы аўтобусаў перадалі Дзмітрыю, што на беларускім баку яго ўжо чакаюць супрацоўнікі КДБ.

Наталля кажа, што ў нейкім плане ён «сам спаліўся»: на тым баку зразумелі, што калі чалавек з такой упартасцю не хоча вяртацца ў Беларусь, значыць, ёсць прычыны яго затрымаць.

— Але з іншага боку, гуляць у рускую рулетку і ўязджаць у Беларусь таксама было нельга.

Як стала вядома MOST, з беларускага боку мяжы працуе беларускае тэлебачанне.

Між тым польскі бок перакрыў мост, каб мужчына не спрабаваў прарвацца ў Польшчу. Так ён аказаўся замкнёным у нейтральнай паласе.

Жонка Дзмітрыя распавяла выданню «Мост», што ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь, калі да польскага боку мяжы «прывезлі балоны са слёзатачывым газам».

Мужчыну сказалі, што не дапусцяць да яго адваката.