Алег Гайдукевіч паехаў у Данецк. Цяпер ва Украіне яму пагражае крымінальная справа

Паводле звестак амерыканскага радыё, прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім», на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны накіравалася цэлая дэлегацыя сяброў ЛДПБ.

1572811666_217_0_2946_2047_1920x0_80_0_0_3d60eb08ef5c446ff25231ec0ede2625.jpg


Кароткае відэа, як мяркуецца, запісанае ў Данецку, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч выклаў у сваім фэйсбуку ранкам 9 чэрвеня. У ім ён сцвярджае, што прыехаў туды ў якасці кіраўніка дэлегацыі ЛДПБ.

«Мы знаходзімся ў цэнтры Данецку, — кажа Гайдукевіч на апублікаваным відэа. — Літаральна за некалькіх сотняў мэтраў ад нас учора (тут жывуць мірныя людзі) ляцелі ракеты. Мы абавязкова паглядзім усё сваімі вачамі, у нас ганаровая місія. Вельмі прыемная, у тым ліку і гуманітарная. Мы паглядзім усё самі».

Па роліку нельга зразумець, дзе менавіта знаходзіцца кіраўнік ЛДПБ. На фоне відэа толькі зялёныя дрэвы, ніякіх будынкаў, якія маглі б дазволіць лакалізацыю. Відэа Гайдукевіча апублікаваў яшчэ адзін сябра ЛДПБ, Руслан Мізула.

Па неафіцыйнай інфармацыі, акрамя Гайдукевіча, у дэлегацыю могуць уваходзіць яшчэ як мінімум шэсць беларусаў з ЛДПБ, сярод якіх дэпутаты Мінскага гарсавету, былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Мяркуецца, што беларуска-расійская дэлегацыя магла прыехаць на тэрыторыю так званай «ЛНР» праз памежны пункт «Ізварына» на расійска-ўкраінскай мяжы ў першыя дні чэрвеня. У Алега Гайдукевіча былі запланаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам «ЛНР» і нават сумесная прэс-канферэнцыя, аднак у адкрытых крыніцах пацвярджэнняў гэтаму ні сам дэпутат, ні прадстаўнікі сепаратыстаў не публікавалі.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, наведванне акупаваных тэрыторый Украіны без адмысловага дазволу ўкраінскіх уладаў з’яўляецца крымінальным злачынствам.

Афіцыйны Мінск незалежнасці самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» не прызнае.