Актывіст пафарбаваў плот каля амбасады Беларусі ў Варшаве і адмовіўся плаціць штраф у «фонд спецслужбаў Лукашэнкі»
Суд Варшавы абавязаў актывіста Міхала Вайцяшчука выплаціць амбасадзе Беларусі 3 000 злотых за пафарбаваны ў жніўні 2020 года плот. Актывіст адмаўляецца плаціць беларускаму рэжыму і ўжо аплаціў штраф іншай арганізацыі — Беларускаму дому ў Варшаве.
Міхал Вайцяшчук 11 жніўня 2020 года ў знак салідарнасці з беларусамі намаляваў шырокую паласу чырвонай фарбай уздоўж белага плота амбасады Беларусі ў Варшаве. Ягоны пратэст адбыўся праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія былі сфальсіфікаваны, паведамляе «The Warsaw».
Адвакаты амбасады заявілі, што фарбаванне плота нанесла шкоду ў памеры 97 000 злотых. Справа дайшла да суда, і ўрон быў ацэнены ў 9 000 злотых. Суд умоўна спыніў крымінальны пераслед Вайцяшчука з выпрабавальным тэрмінам у адзін год, абавязаў яго ліквідаваць урон і выплаціць амбасадзе 300 злотых. Аднак бок абвінавачання падаў апеляцыю з патрабаваннем выплаціць 9 000 злотых за пашкоджаны плот. У выніку суд другой інстанцыі замест 300 абавязаў Вайцяшчука выплаціць 3 000 злотых. Прысуд быў вынесены ў красавіку 2022 года.
Нядаўна акруговы суд Варшавы ўдакладніў у актывіста, ці выплаціў ён прадпісаную суму. У сваім лісце Вайцяшчук адказаў адмоўна і ў рэзкай форме патлумачыў, чаму амбасада Беларусі не можа разлічваць на прызначаныя судом 3 000 злотых.
«Па ўласнай волі я не ўнясу ніякіх грошай у фонд спецслужбаў Лукашэнкі»
«Я хацеў бы ласкава паведаміць, што не выканаў свайго абавязацельства па пакрыцці шкоды «пакрыўджанай амбасадзе Беларусі ў Польшчы», таму што не магу ўявіць сабе сітуацыю, у якой я б выконваў абавязацельства перад амбасадай таталітарнай дзяржавы. Па ўласнай волі я не ўнясу ніякіх грошай у фонд спецслужбаў Лукашэнкі, для маскіроўкі званых дыпламатамі, якіх даўно трэба было выслаць з Польшчы і ЕС.
У лісце Вайцяшчук нагадвае аб фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, хвалі пратэстаў і, нарэшце, аб супрацоўніцтве Беларусі з Расіяй у сувязі з уварваннем ва Украіну. Ён таксама прыклаў актуальны спіс палітвязняў, у якім амаль 1500 імёнаў.
Актывіст таксама дадаў: «Памятаючы пра свой абавязак перад амбасадай Беларусі, якая часова знаходзіцца пад унутранай акупацыяй злачынцы Лукашэнкі, я магу паступіць адзіным маральным і кансэнсусным спосабам, то-бок заплаціць прысуджаную суму ў 3 000 злотых Беларускаму дому ў Варшаве, звычайна званаму сярод беларусаў «незалежнай амбасадай Беларусі».
Ён паведаміў, што ўжо перавёў прысуджаную суму ў вышэйзгаданую арганізацыю і прыклаў квітанцыю аплаты да ліста.