«Афіцыйнаму Кіеву варта выказацца адносна Лукашэнкі». Яўген Магда — пра беларуска-ўкраінскія адносіны і іх перспектывы
«Гаварыць пра нармалізацыю адносінаў з Беларуссю Украіна павінна з тымі беларускімі грамадзянамі, хто публічна не асацыюецца з Лукашэнкам і яго падтрымкай агрэсіі супраць Украіны», — лічыць украінскі палітолаг.
Яўген Магда на партале «Наше мнение» аналізуе гісторыю беларуска-ўкраінскіх адносінаў і разважае над іх перспектывамі.
Адносіны Беларусі і Украіны пасля распаду Савецкага Саюза могуць служыць выдатнай ілюстрацыяй для «Казкі пра страчаны час». Дзяржавы, якія маюць больш за 1000 кіламетраў агульнай мяжы, вельмі мала ведаюць адна пра адну, а апошнія гады сталі перыядам заняпаду двухбаковых адносін. Пачатак расійскай шырокамаштабнай агрэсіі супраць Украіны развёў Беларусь і Украіну па розныя бакі лініі фронту, і гэта вельмі сур'ёзны выклік для абодвух народаў.
Прыцягнення больш няма
Масавыя пратэсты 2020 года ў Беларусі знішчылі сімпатыі да Лукашэнкі з боку ўкраінскага грамадства і абрынулі палітычныя двухбаковыя адносіны. Праўда, палітычны крызіс у суседзяў не перашкодзіў украінскім уладам купляць у Беларусі ў 2021 годзе бітум, бензін і электраэнергію, умацаваўшы пазіцыі Лукашэнкі на $3 млрд пазітыўнага сальда гандлю з Украінай. Пасля 24 лютага 2022 года, калі расійскія войскі ўварваліся з тэрыторыі Беларусі ва Украіну, эканамічны кампанент двухбаковых адносінаў амаль знік. Абвал паказчыкаў двухбаковага гандлю відавочны яшчэ да апублікавання афіцыйных даных, але самае галоўнае — выпарыўся давер Уладзіміра Зяленскага і яго каманды да Лукашэнкі.
Імкненне Аляксандра Лукашэнкі адначасова адыгрываць ролю тылавіка Пуціна і прапаноўваць Мінск у якасці пляцоўкі для перамоў (па старой памяці) выклікае хіба толькі горкую ўсмешку. Аднак нельга выключаць і варыянту завяршэння вайны, пры якім Лукашэнка можа захаваць рычагі кіравання Беларуссю пад акампанемент уласных галашэнняў «Я — ахвяра пуцінізму». Зрэшты, да гэтага яшчэ трэба дажыць, бо Расія не мае намеру спыняць сваю агрэсію. Але афіцыйнаму Кіеву варта публічна выказацца ў дачыненні да Лукашэнкі і яго планаў па палітычным выжыванні.
Лукашэнка і іншыя
Для лепшага разумення характару адносінаў Беларусі і Украіны нагадаю адзін факт: у ліпені 1994 года прэзідэнтамі гэтых краін сталі Аляксандр Лукашэнка і Леанід Кучма. Абодва — пад лозунгамі аднаўлення эканамічных адносінаў з Расіяй, аднаўлення пазіцый рускай мовы, хуткага паляпшэння дабрабыту грамадзян. Кучма прабыў прэзідэнтам дзве кадэнцыі, сышоў з пасады пасля Аранжавай рэвалюцыі, двойчы вяртаўся ў склад трохбаковай кантактнай групы. Увесь гэты час Лукашэнка працягваў трымаць у руках рычагі кіравання Беларуссю.
Відавочна, Украіне неабходна сфармаваць палітыку ў дачыненні да Беларусі. Мушу прызнаць, што выразная палітыка ў дачыненні да суседзяў для афіцыйнага Кіева выглядае непад'ёмнай задачай на працягу практычна ўсяго перыяду пасля распаду СССР. На падсвядомым, падобна, узроўні, пераадольваючы ўласныя комплексы, Украіна шукае паразумення ў Вашынгтоне і Брусэлі (да 2014 года — і ў Маскве, з песні слоў не выкінеш), пры гэтым Мінск, Кішынёў і іншыя сталіцы дзяржаў-суседзяў застаюцца моцнымі арэшкамі. Нагадаю, што з Беларуссю і Малдовай Украіна мае больш чым 1000-кіламетровыя межы, але далёка не ідэальныя адносіны і да 24 лютага 2022 года.
На мой погляд, гаварыць пра нармалізацыю адносінаў з Беларуссю Украіна павінна з тымі беларускімі грамадзянамі, хто публічна не асацыюецца з Лукашэнкам і яго падтрымкай агрэсіі супраць Украіны. Такіх нямала ў беларускай эміграцыі, і самай заўважнай, безумоўна, з'яўляецца Святлана Ціханоўская. Яна (на жаль ці на шчасце — падкажа час) не ўпісваецца ў псіхатып зразумелага партнёра для Уладзіміра Зяленскага. Але ад гэтага, нават ва ўмовах расійска-ўкраінскай вайны, не становіцца менш актуальным пытанне «Якім павінен быць украінска-беларускі дыялог?».
Усе жанры, акрамя сумнага
Ва ўмовах, калі палітычны і эканамічны кампанент адпалі, застаюцца кантакты грамадзянскага ўзроўню — звычайных грамадзян, экспертаў, грамадскіх арганізацый. Варта разумець, што ва Украіне пасля 24 лютага 2022 года многія грамадзяне Беларусі, якія ўцяклі ад Лукашэнкі, адчулі сябе некамфортна і вымушаныя былі пераехаць у дзяржавы ЕС. Аднак гэта не падстава спрэс адмаўляцца ад дыялогу.
Хоць Украіну цяжка назваць лідарам па частцы рэформ нават на постсавецкай прасторы, аднак па тэмах развіцця мясцовага самакіравання, дэкамунізацыі і прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці беларуска-ўкраінскі дыялог мог бы быць прадуктыўным. Далёка не ўсе ўкраінскія рэцэпты будуць прыдатныя для Беларусі і яе грамадзян, але ўлічваць досвед суседзяў было б карысна.
Мы можам цалкам выразна і абгрунтавана прымаць удзел у фарміраванні наратыву Балта-Чарнаморскага рэгіёна, які павінен стаць альтэрнатывай ідэалогіі «рускага свету». Стан адносінаў Украіны з Польшчай і Літвой, якія падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы, дазваляе прапаноўваць эфектыўны квартэт па супрацьдзеянні імперскім намерам Крамля.
Нашым народам неабходна рэзка павялічыць аб'ём ведаў адно пра аднаго. Адпаведныя праграмы ў эфірах украінскага грамадскага вяшчання і беларускіх незалежных медыя дазволілі б пераадолець варожасць, якая абапіраецца на неразуменне сітуацыі ў беларуска-ўкраінскіх адносінах. Сакралізацыі патэнцыйнай сустрэчы двух лідараў варта прапанаваць альтэрнатыву ў выглядзе пастаяннага экспертнага дыялогу #BYUA1084 па самых розных тэмах двухбаковых адносін. У аснове яго назвы — працягласць беларуска-ўкраінскай мяжы, а тэмамі абмеркавання маглі б стаць актуальныя праблемы двухбаковых адносінаў: ад блакавання банкаўскіх картак грамадзян РБ ва Украіне да момантаў, якія аб'ядноўваюць гісторыі двух народаў. Нам неабходна правесці ў тым ліку інвентарызацыю двухбаковых прэтэнзій. І першым крокам у гэтым пытанні магло б стаць стварэнне сумеснага праекта па супрацьдзеянні дэзінфармацыі, а таксама і інфармаванні грамадзян Беларусі і Украіны пра жыцці адно адных.
Разуменне таго, што без дэмакратычнай Беларусі няма бяспечнай Еўропы, павінна стаць базавым для палітычнага кіраўніцтва Украіны. Без яго нам не ўдасца прасунуцца на шляху ў тысячу крокаў, які чакае беларускае і ўкраінскае грамадства. Без скарачэння адлегласці ў паразуменні мы рызыкуем проста не пачуць адно аднаго, і гэта будзе крыўдна.