«Адмовішся — будуць праблемы на працы». Як беларусаў прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку
У чацвер, 14 лістапада, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за яго ўжо сабралі больш за 700 тысяч подпісаў. Ён дадаў, што прапаноўваў завяршыць збор, але супраць выступіў кіраўнік яго адміністрацыі Дзмітрый Круты (тут можна пасмяяцца). Між тым многіх беларусаў прымушаюць ставіць подпісы «добраахвотна-прымусова». Прычым не толькі за Лукашэнку, але і за яго спарынг-партнёраў.
Дзмітрый (усе імёны змененыя) працуе ў прыватнай краме ў Мінску, піша «Люстэрка». На працягу двух дзён на прадпрыемства прыходзілі сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Кіраўніцтва крамы было не супраць збору подпісаў супрацоўнікаў на працоўным месцы.
— Раней я шмат чуў пра падобныя выпадкі, але асабіста з такім нахабствам сутыкнуўся ўпершыню. Прычым здзіўленыя нават тыя калегі, якіх можна назваць лукашыстамі, — абурана кажа Зміцер. — Учора і сёння да нас прыходзілі збіраць подпісы, і мяркуючы з таго, што нельга было адмовіцца, — самі ведаеце за каго. Калі ў кагосьці з супрацоўнікаў не было з сабой пашпарта, зборшчыкі бралі неабходныя дадзеныя з аддзела кадраў, іх уносілі ў табліцу і прасілі распісацца.
Беларусаў прымушаюць ставіць подпісы за вылучэнне не толькі Аляксандра Лукашэнкі, але і «альтэрнатыўных» кандыдатаў. Пра гэта распавядае Вольга, якая працуе ў адным з прыватных прадпрыемстваў Віцебска. Са слоў жанчыны, многія з яе калег баяцца пакідаць аўтограф за «канкурэнтаў» Лукашэнкі.
— Нас сабраў кіраўнік І сказаў па чарзе прыйсці з пашпартам у яго кабінет, — распавядае Вольга. — Ён ніяк палохаў, не ўгаворваў, проста сказаў, што трэба, і ўсё. Прапаноўваў пакінуць подпісы за двух прэтэндэнтаў: Лукашэнку і таго, які ідзе ад Камуністычнай партыі (Сяргея Сыранкова). Многія калегі цалкам добраахвотна распісваліся за першага, але за камуніста — не. Усе баяцца магчымых звальненняў, як гэта было пасля мінулых выбараў, калі падпісанты за іншых палітыкаў падпадалі пад рэпрэсіі.
З прымусовым зборам подпісаў за яшчэ адну «альтэрнатыўную» прэтэндэнтку Вольгу Чамаданаву (яшчэ да выхаду з гонкі) сутыкнулася Алена. Жанчына працуе ў адным з дзіцячых садкоў Гомеля.
— Як нам сказалі, усіх кіраўнікоў устаноў адукацыі абавязваюць збіраць подпісы. Нашаму дырэктару дасталася Чамаданава, кіраўніцтву адной з суседніх школ — Лукашэнка, — распавядае Алена. — Усе, каму дастаўся Лукашэнка, перадаюць паперы па іншых установах, каб кіраўнікі сабралі подпісы менавіта за яго.
Па словах беларускі, збор подпісаў за вылучэнне Вольгі Чамаданавай праходзіў «у добраахвотна-прымусовай манеры».
— Нас усіх сабралі быццам бы на нараду, дзе пераканаўча прасілі паставіць подпіс за Чамаданаву, але пры гэтым сказалі, што прымусіць нас не могуць, — тлумачыць суразмоўца. — Але на справе атрымалася так, што тых, хто подпіс не паставіў, выклікалі ў кабінет. І настойліва прасілі гэта зрабіць, аргументуючы тым, што мы працуем у дзяржструктуры і атрымліваем заробак, жывем пад мірным небам і гэтак далей. Казалі, што калі мы не ставім подпіс, то не хочам працаваць, не паважаем кіраўніка і вельмі моцна яго падстаўляем. Яшчэ казалі, што калі нам нешта не падабаецца, то мы можам з'язджаць у Польшчу. Былі крыкі і эмоцыі, загадным тон. У многіх нашых супрацоўнікаў дзеці пасля 2020 года з'ехалі ў Амерыку і Польшчу. Але нават ім нічога не ўдалося зрабіць, прыйшлося падпісвацца.
Супрацоўнік аднаго з прыватных банкаў мінчук Вадзім мяркуе, што пасля адмовы ставіць подпіс за Лукашэнку ён за крок ад звальнення.
— Супрацоўнікаў майго аддзела сабрала кіраўніцтва банка, сказалі, што ў тых, хто цяпер не паставіць подпіс за дзейную ўладу, будуць праблемы на працы, — з трывогай у голасе кажа мужчына. — Я вырашыў не падпісвацца, пасля чаго да мяне падышлі людзі з праўлення нашага банка. Яны сказалі, што ўсім, хто адмовіўся, будзе дрэнна, што гэта дарога на выхад. Наўпрост пра звальненне не казалі, але вельмі празрыста намякалі на гэта. Нават цікава, ці дадуць мне пасля адмовы дапрацаваць да канца кантракту або звольняць за якое-небудзь фармальнае парушэнне.
Пакідаць подпісы за вылучэнне Лукашэнкі прымушаюць і студэнтаў. Віталь вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Кажа, просьба ўзяць удзел у падпіснай кампаніі паступіла ад старасты групы.
— Стараста напісаў паведамленне ў чат нашай групы, сказаў, што ўсім неабходна падысці ў дэканат з пашпартамі, — распавядае хлопец. — Першапачаткова пра мэту гэтага візіту нічога не гаварылася. Ужо на месцы нас паставілі перад фактам: хутка выбары, а наш універсітэт падтрымлівае Лукашэнку, таму дэканат збірае подпісы за вылучэнне яго ў кандыдаты. Адразу нам казалі, што ўсё гэта добраахвотна, хто хоча, той і падпісвае. Але подпісаў, вядома ж, было няшмат. Мабыць, рэктарату гэта не спадабалася, таму вырашылі прымушаць. Праз пару дзён куратар маёй групы папрасіў усіх хлопцаў з інтэрната спусціцца да яго на сустрэчу з пашпартамі, таксама не называючы прычыны. Сказаў усім падпісаць, інакш пачнуць выклікаць на гутаркі, пытацца прычыны і пад роспіс браць тлумачальную аб прычынах адмовы.
Віталь кажа, што з падобным сутыкнуліся і студэнты іншых факультэтаў БДЭУ.
— Да майго таварыша, старасты групы з іншага факультэта, проста на занятак прыйшоў намеснік дэкана, — працягвае суразмоўца. — Яго просьба была аналагічнай, толькі ён адразу пакінуў падпісны ліст ужо для ўсёй групы. І пасля папрасіў выкладчыка, які вёў пару, расказаць, «які добры Аляксандр Рыгоравіч».