За беларускай музыкай: у Мінск прыедуць мэнэджары з Нямеччыны і Францыі

Адкрыты прыём заявак ад беларускіх артыстаў на першы шоўкейс-фестываль Iskra Showcase Weekend, які адбудзецца 23-24 лістапада ў Мінску. Паглядзець на беларускіх музыкаў і распавесці пра шляхі поспеху ў Еўропе прыедуць прадстаўнікі буйных фестываляў і букінг-агенты з Нямеччыны і Францыі.

iskrashowcase_afisha_hor.jpg

Шоўкейс-фестывалі ў Еўропе даўно сталі папулярнай формай наладжвання сувязяў паміж артыстамі і музычнай бізнес-супольнасцю. Праз іх прасцей патрапіць на фестываль у іншай краіне, прасцей знайсці агента і свой шлях да гледача, што пацвярджаюць прыклады беларускіх музыкаў, якія выступілі на шоўкейсах у краінах ЕС, Расіі, Украіне. У Беларусі такіх мерапрыемстваў, па сутнасці, не было.
У межах Iskra Showcase Weekend у Мінск прыедуць: Наталля Падабед – кіраўніца More Zvukov Agency (Нямеччына), еўрапейскі агент Onuka, «ДахаБраха», Oligarkh, Shortparis ды інш.; Франсуа Адзіж’е – прадстаўнік фестывалю Europavox (Францыя) і аднайменнай сеткі фестываляў-партнёраў у 6 іншых краінах; Крысціан Морын – куратар міжнароднага фестывалю Pop-Kultur (Нямеччына); Жан-Мішэль Дзюпа – букер фестываляў Stereolux і Le Printemps de Bourges (Францыя). На мерапрыемства таксама будуць запрошаныя беларускія арганізатары фестываляў і канцэртаў, прадстаўнікі клубаў.
Музыкі могуць падаць заяўку на ўдзел у канцэртнай праграме Iskra Showcase Weekend да поўдня 10 кастрычніка з дапамогай анлайн-формы. Абіраць удзельнікаў мерапрыемства будуць ты ж замежныя эксперты, якія прыедуць у Мінск. Акрамя канцэртаў яны выступяць з адукацыйнымі лекцыямі. Квіткі на канцэрты і лекцыі паступяць у продаж пазней.
Арганізатарамі Iskra Showcase Weekend з’яўлюцца: Інстытут імя Гётэ ў Мінску, Амбасада Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, культурны цэнтр «Корпус», праект Experty.by. Пры падтрымцы Фонду нямецка-французскага культурнага супрацоўніцтва.
Паводле прэс-рэлізу