Вучань Рыкарда Муці — за дырыжорскім пультам у Вялікім
Да Дня ўсіх закаханых Вялікі тэатр Беларусі дорыць сваім гледачам сапраўдны падарунак. У гэты вечар 14 лютага на сцэне — шэдэўр Р. Леанкавала — опера «Паяцы», за дырыжорскім пультам — Уладзімір Авадок, вучань і асістэнт маэстра Рыкарда Муці.
Калі сусветна вядомы дырыжор Рыкарда Муці вырашыў адкрыць сваю школу — Італьянскую оперную акадэмію ў Равэне, жадаючых патрапіць туды было не злічыць. З двухсот музыкаў з усяго свету выбралі 10. У ліку гэтых 10-ці быў і Уладзімір Авадок, беларускі піяніст і дырыжор (выпускнік Акадэміі музыкі вучыўся ў сапраўдных майстроў па фартэпіяна — Людмілы Шаламенцавай і Арыядны Гужалоўскай — і па дырыжыраванні — Генадзя Праваторава, Вячаслава Воліча, Юрыя Сіманава, Васіля Сінайскага). У далейшым з 10-ці шчасліўчыкаў Рыкарда Муці абраў толькі чатырох асістэнтаў, разам з якімі і працаваў над пастаноўкай «Фальстаф» Дж. Вердзі, апошняй і самай складанай операй італьянскага кампазітара. А ў 2017-м Авадок стаў дырыжорам-пастаноўшчыкам опернай трылогіі Равэна-фестывалю, дзе разам з рэжысёрам Крысцінай Мадзавілані-Муці працаваў над операмі «Тоска», «Паяцы» і «Сельскі гонар». Італьянскі часопіс Connessi all'Opera пісаў у рэцэнзіі на оперу «Паяцы»: «Найлепшых адзнак заслугоўвае моладзевы аркестр і дырыжор Уладзімір Авадок. Дзіўна, як малады маэстра, не італьянец, прадэманстраваў глыбокае веданне партытуры і адрадзіў у сваім чытанні, вольным ад спрактыкаваных штампаў, яе дасканаласць... Верагодна, Уладзімір Авадок адкрыў скарб ведаў Рыкарда Муці, у якога ў 2015 годзе ён вучыўся ў Італьянскай опернай акадэміі».
У цяперашні час Уладзімір Авадок з'яўляецца дырыжорам Белтэлерадыёкампаніі і выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ён працуе з аркестрамі Расіі, Літвы, Венгрыі, Італіі і інш. У яго рэпертуары — оперы «Фальстаф», «Травіята», «Аіда», «Макбэт» Дж. Вердзі, «Тоска», «Багема» Дж. Пучыні, «Сельскі гонар» П. Масканьі, «Паяцы» Р. Леанкавала, «Вяселле Фігара» В.-А. Моцарта і інш.
Дадамо, што ў гэты вечар 14 лютага галоўныя партыі ў оперы Р. Леанкавала «Паяцы» выканаюць: народныя артысты Беларусі Настасся Масквіна (Неда), Сяргей Франкоўскі (Каніа), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (Тоніа), Уладзімір Громаў (Сільвіа), лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрый Гарадзецкі (Бепа).
Паводле прэс-рэлізу