У Мінску пройдзе першы беларускі handmade-кірмаш-распродаж

Першы беларускі зімовы handmade-кірмаш-распродаж адбудзецца ў мінскім Jack Club 7 снежня.



afisha_kirmash_07_dec.jpg

Арганізатары кажуць, што кірмаш мусіць атрымацца канцэптуальным, бо выстаўляцца і прадавацца будуць рэчы з беларускім каларытам, якія цудоўна пасуюць да зімовага сезону: “Мы спадзяемся, што наведнікі змогуць набыць штосьці для сябе, або знайсці незвычайныя калядныя і навагоднія падарункі сваім блізкім”.

У межах мерапрыемства таксама плануюцца майстар-класы рамёстваў і народных спеваў. Завершыцца імпрэза вялікім сольным канцэртам фолк-рок гурта "Re1ikt".

Першы беларускі handmade-кірмаш збярэ майстроў, якія займаюцца рознымі рамёствамі: вырабам паштовак, рэчаў з дрэва, скрапбукінгам і інш. Некаторыя з іх правядуць майстар-класы па стварэнні цікавых дызайнерскіх падарункаў.

У музычнай частцы імпрэзы выступяць удзельнікі клуба традыцыйнага мужчынскага спеву “Дунай”, а таксама адбудзецца “Спеўны сход”, падчас якога ягоны кіраўнік Сяргей Доўгушаў з усімі ахвотнымі будзе вучыць беларускія калядныя песні.

Галоўнай музычнай падзеяй вечару стане канцэрт мінскага гурта "Re1ikt", які бліжэйшым часам плануе запісаць у Польшчы свой чацвёрты альбом, напалову складзены з перапрацаваных камандай народных песень беларусаў розных рэгіёнаў.

Мерапрыемства пройдзе 7 снежня у мінскім "Jack Club" (вул. Няміга, 12) з 14 да 22 гадзінаў.

Падрабязная інфармацыя і праграма тут: https://vk.com/pershyzimovyhandmade.

Уваход: 20 тысяч рублёў.

Да ўдзелу ў кірмашы запрашаюцца ўсе ахвочыя майстры і рамеснікі. Каб паўдзельнічаць у мерапрыемстве, тэлефануйце: +375 29 860-42-15 (Сяргей).