У год беражлівасці і “Зубы на далоні”
24 лютага на сядзібе БНФ адбылася прэзентацыя чарговага, 21-га па ліку (эй, дзе вы, прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінэса!) альбому “Зубы на далоні” легендарнага беларускага барда Андрэя Мельнікава.
Як адзначыў перад пачаткам імпрэзы ініцыятар і мэнэджэр праекта Алесь Мазанік, задума дапамагчы вядомаму барду выдаць дыск са студыйнымі запісамі належыла таксама і грамадскай дзеячцы Валерыі Чарнаморцавай. Алесь далей распавядае: “Разам з Андрэем мы склалі праграму з новых песень, стварылі альбомную канцэпцыю і выдалі наклад дыска “Зубы на далоні”, які цяпер усе ахвотныя могуць набыць на сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3)
Бард Андрэй Мельнікаў і мэнэджэр дыска Алесь Мазанік
Пад час працы над альбомам Андрэя Мельнікава “Зубы на далоні” ў нас саспеў план выдання DWD-MP3-дыска, які б абагульніў ўсю папярэднюю творчасць барда, уключаў лепшыя песні, якія былі выдадзеныя на папярэдніх 20 альбомах у Беларусі і ў Польшчы.”
Прэзентацыю свайго новага альбома Андрэй Мельнікаў пабудаваў у форме “падарожжа” па трэках новага дыска, з філасофска-рэлігійнымі абагульненнямі, цікавымі назіраннямі і гісторыямі з асабістага жыцця. За расповедамі ішлі песні, за песнямі — успаміны, словы ўдзячнасці і павагі тым сябрам, якія дапамаглі здзейсніцца яго мары.
Ну а тыя, хто ў гэты выходны завітаў на Сядзібу з задавальненнем паслухалі канцэртныя варыянты новых песень Андрэя. Як і альбом, канцэрт распачаўся рэтраспектыўнай песней “Калі ты быў малады”, якую бард не так даўно ўпершыню выставіў у інтэрнэт і так зазнаў яго перавагі. Агульную ўвагу слухачоў прыцягнула і кампазіцыя на гітарычную тэму “Машэка”, у якой, як зазначыў аўтар можна заўважыць алюзіі на творчасць Уладзіміра Караткевіча, а таксама вытокі нацыянальнага характара беларусаў. Але на дыску прадстаўлены толькі аўтарскія творы Андрэя Мельнікава, але і песні на словы польскага барда часоў “Салідарнасці ”Яцэка Качмарскага ў сваім і Андрэя Хадановіча перакладах (“Касандра”, “Разьбітыя атрады”), класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (“Агеньчык”), паэта Анатоля Сыса (“Песня пра сына”). Гэтыя і іншыя песні Андрэя Мельнікава яскрава прагучалі ў гэты дзень, як адзнака вартасці творчасці барда і яго новага альбома.
Падарунак удзячнай слухачцы
Аўтарам на прэзентацыі была выканана і трошкі спрэчная песня “Янка Купала”, якая спявалася на мелодыю савецкага хіта “Что тебе снится, крейсер «Аврора»? Слухачы сустрэлі твор прыхільна, засведчыўшы, што пачуццё гумару іх не пакінула. Настальгія па месцам, з якімі звязаны старонкі біяграфіі Андрэя Мельнікава (а гэта Ворша і Гомель), аўтар узнавіў у песнях з настальгічнай мелодыкай — “Ворша” і “Раён Сельмаш”. Але сапраўднае эмацыянальнае ўзрушэнне чакала слухачоў, калі загучала музычная кампазіцыя А. Мельнікава “Літва” на верш Адама Міцкевіча з паэмы “пан Тадэвуш” у перакладзе Наталлі Арсеньневай. Гэты твор і на дыску можна лічыць праграмным.
Мэнэджэр праекта і выдавец дыска Андрэя Мельнікава “Зубы на далоні” Алесь Мазанік нагадаў, што гэтая прэзентацыя адбываецца ў рамках дня памяці выдатнага беларускага дзеяча нацыянальнага Адраджэння ХХ стагоддзя, гісторыка Міхася Чарняўскага, які не так даўно адышоў ад нас.
28 лютага адбудзецца вечарына, на якой будуць успамінаць незабыўнага М. Чарняўскага, а таксама адбудзецца дабрачынная акцыя па збору сродкаў на помнік гісторыку і выданне кнігі гісторыка “Не бойцеся ахвяраў і пакут”, прысвечанай трагічнаму лёсу расстралянага НКУС змагара за незалежную Беларусь Расціслава Лапіцкага. У рамках гэтай памятнай сустрэчы адбудзецца новы канцэрт Андрэя Мельнікава.