У сеціве пакажуць канцэрт беларускага гурта, удзельнікам якога далі па 15 сутак
Анлайн-канцэрт беларускага гурта «РСП» ( «Разбітае сэрца пацана») пакажуць 27 лютага на YouTube-канале «Краіна для жыцця». Мерапрыемства пройдзе ў рамках фестывалю #АртыстыПерамогі.
Кожную суботу на YouTube праходзяць анлайн-канцэрты з серыі #АртыстыПерамогі. У гэты раз у сеціве пакажуць выступ гурта РСП, усе ўдзельнікі якога 13 лютага былі затрыманыя на базе адпачынку «Агеньчык» у Смалявіцкім раёне і проста цяпер адбываюць пакаранне ў жодзінскім ізалятары. Пасля 15 сутак арышту яны выйдуць на волю толькі ў гэтую нядзелю: канцэрт, які пакажуць у суботу, у мэтах бяспекі быў запісаны загадзя.
Убачыць выступ артыстаў можна 27 лютага у 20.00 на YouTube-канале «Краіна для жыцця». Канцэрт бясплатны, але пры жаданні можна падтрымаць музыкаў тут.
Пасля выбараў артысты з «РСП» не раз выказваліся аб тым, што адбываецца ў Беларусі і актыўна выступалі на дваровых канцэртах. Удзельнікі калектыву Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка сталі героямі дакументальнага фільма «Кураж» Аляксея Палуяна, адабранага на кінафестываль Берлінале. Нядаўна ў яго з'явіўся трэйлер.
tut.by