У Ізраілі смяюцца з анекдотаў пра Лукашэнку
Фалькларыстка Настасся Астапава чытала лекцыі пра беларускі палітычны фальклор у Ізраілі. Няўжо гэтая тэма сапраўды там цікавая? Пра гэта Андрэй Расінскі пагутарыў са спадарыняй Настассяй.
Настасся Астапава: Да Беларусі ёсць цікавасць, але больш таму, што на яе тэрыторыі жыло шмат габрэяў. Сярод маіх студэнтаў у Ізраілі не было іхніх нашчадкаў, але гэта цэнтр па вывучэнні фальклору і этнаграфіі, яны займаюцца тым, што тычыцца розных краін.
Андрэй Расінскі:Так студэнты пра Беларусь практычна нічога не ведалі?
Настасся Астапава: Ведалі, што адбывалася напрыканцы ХІХ стагоддзя, на пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, вядомы габрэйскі фалькларыст Анскі (1863– 1920) паходзіў з Віцебскай губерні, яго працы вядомыя ў Ізраілі. Пра сучаснасць ведалі менш.
Андрэй Расінскі: Якая была рэакцыя на вашы лекцыі, і што здзівіла слухачоў?
Настасся Астапава: Здаецца, самая вялікая рэакцыя была на лекцыю пра «пацёмкінскія вёскі». Студэнты проста не разумелі, чаму людзі ў Беларусі ладзяць паказуху, калі прыязджае Лукашэнка ці нейкі іншы чыноўнік — навошта гэта ўвогуле патрэбна? Студэнты мне казалі, мы ў Беларусі павінны пачаць з таго, што ў наступны раз, калі Лукашэнка прыедзе, нічога спецыяльна не рыхтаваць. І гэта ўжо будзе пачатак дэмакратыі. Вось гэты маленькі ўчынак будзе пачаткам чагосьці новага, калі самі людзі адмовяцца сваімі паводзінамі падтрымліваць паказуху і будаваць пацёмкінскія вёскі.
Яшчэ цікава, наколькі ў нас рознае разуменне беларускага гумару. Гэта я бачыла таксама раней, калі працавала ў ЗША ці Еўропе: калі калегі чулі, што я займаюся беларускім гумарам, яны часта пачыналі распавядаць габрэйскія анекдоты з цыклу «Мінск—Пінск», вельмі папулярныя на пачатку ХХ стагоддзя і па сённяшні дзень звязаныя з беларускім габрэйствам на захадзе. Але ў сучаснай Беларусі ніхто іх увогуле не ведае, ніхто не распавядае. Сталі папулярныя зусім іншыя анекдоты, палітычныя.
Андрэй Расінскі: А вы не маглі бы расказаць анекдот з цыклу «Мінск—Пінск»? Вельмі цікава…
Настасся Астапава:Ну, напрыклад, такі.
На платформе стаіць габрэй, яго сустракае другі габрэй і пытаецца:
— Куды ты едзеш?
— У Мінск?
— А чаму ў Мінск?
— Я казаў табе, што еду ў Мінск, але ж на самой справе я еду ў Пінск. Цягнік едзе ў Мінск, але я хачу ў Пінск.
Бачыце, нам яны ўвогуле не смешныя. Трэба тлумачыць, што гэты анекдот грае са стэрэатыпамі — пра габрэйскую хітрасць, выкрутлівасць.
Андрэй Расінскі:А што найбольш слухачоў здзівіла з беларускіх сучасных анекдотаў?
Настасся Астапава: Напэўна, тое, наколькі папулярныя ў нас палітычныя анекдоты. Часта ж лічыцца, што залаты век палітычнага анекдота — савецкі, пасля анекдот памёр.
Андрэй Расінскі:Так анекдот памірае?
Настасся Астапава: Нядаўна чытала інтэрв’ю Юрыя Дракахруста, які піша, што сапраўдны анекдот быў за савецкім часам, а цяперашні анекдот памірае, бо толькі паўтарае сюжэты савецкіх часоў. Для вучонага гэта проста смешна. Па-першае, я бачу, што анекдоты распавядаюць — і ёсць новыя анекдоты. Час, канешне, таксама змяняецца, і вось гумар усе больш у інтэрнэце — то ў дэматыватарах, то ў цытатах Лукашэнкі.
Па-другое, любы фалькларыст скажа вам, што звычайная справа, калі мы выкарыстоўваем адны і тыя ж сюжэты. Такая прырода чалавека, што калі нам нешта лёгка запомніць, то мы паўтараем гэта зноў і зноў. Таму, напрыклад, адны і тыя ж казачныя сюжэты, іcнуюць ад Мексікі да Беларусі, і гэта не таму, што ў мексіканцаў ці беларусаў няма фантазіі: сюжэт цікавы, просты і ўсім падабаецца. Таму і савецкія анекдоты проста перарабляюцца на новыя беларускія анекдоты. Сталін змяняецца на Лукашэнку.
І так не толькі з савецкімі анекдотамі. Напрыклад, анекдот:
Ляцяць на самалёце Ельцын і Кучма. Кучма пытаецца ў Ельцына:
— Як вы думаеце, Барыс Мікалаевіч, калі наш самалёт разаб’ецца, хто будзе болей плакаць: украінцы ці рускія?
— Нууу, мяркую, беларусы.
— А чаму?
— Дык таму, што з намі
Лукашэнкі няма.
У другіх версіях анекдота сумна будзе ўкраінцам, таму што іх прэзідэнта не было ў самалёце. Але гэты анекдот таксама распавядаўся пра савецкі і, больш за тое, нямецкі народ у гітлераўскі час.
На самай справе, 80% анекдотаў, якія я запісала, маюць варыянты ад савецкіх да кубінскіх, мексіканскіх ці егіпецкіх. А першая фіксацыя ўсім вядомага анекдота «вось і дакажы потым, што я не вярблюд» — увогуле, у персідскіх крыніцах 12 стагоддзя, але ў гэтым нічога такога няма, гэта агульнае правіла. Больш за тое, палітычныя анекдоты настолькі папулярныя, што з’яўляюцца метаанекдоты…
Андрэй Расінскі: Метаанекдоты? А што гэта?
Настасся Астапава: Метаанекдоты — гэта анекдоты пра анекдоты. У ЗША, напрыклад, існавалі метаанекдоты пра юрыстаў, таму што анекдоты пра юрыстаў былі вельмі папулярныя. Так жа ў недэмакратычных краінах заўсёды было шмат палітычных анекдотаў — і былі анекдоты пра палітычныя анекдоты.
Андрэй Расінскі:Авы не маглі бы прывесці прыклады?
Настасся Астапава: Вось прыклад метаанекдоту з румынскага фальклору:
«Ці чуў ты пра конкурс палітычных анекдотаў? Трэці прыз — 100 лей (гэта румынскія грошы), другі прыз — 1000 лей, першы прыз — пятнаццаць гадоў».
І з савецкага: «Два чукчы сядзяць у яранзе (скураным намёце)
на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна.
— Расказаць табе палітычны анекдот?
— Не! Цішэй, а то нас сашлюць!
Так і ў Беларусі, палітычныя анекдоты настолькі папулярныя, што існуюць свае метаанекдоты. Чатыры месяцы таму мне распавёў адзін з іх Алесь Міхалевіч.
Два суддзі размаўляюць паміж сабой. Адзін смяецца. Другі пытаецца:
— Чаму ты смяешся?
Першы адказвае:
— Вось мне зараз такі анекдот распавялі!
— Дык раскажы мне.
— Не магу, я за яго дзесяць гадоў даў.
Гэты анекдот распавядалі і ў савецкія часы, як і тады, у анекдотах увесь час падкрэсліваецца, што страх ёсць, што страх павінен быць, што ты ніколі не ведаеш, што будзе далей.
Так было і ў Савецкім саюзе, калі палітычныя анекдоты былі настолькі папулярнымі, што пра страх іх расказваць меліся свае анекдоты.
Гэта нашая асаблівасць — і гэта было для студэнтаў цікава. У Амерыцы метагумар выкарыстоўваецца stand up комікамі, але ў нас гэта зусім іншая справа.
Андрэй Расінскі: А якія палітычныя анекдоты вашы любімыя?
Настасся Астапава: Ведаеце, я ў тым сэнсе з народам. Самы папулярны анекдот, які я запісвала болей за ўсе, ён таксама самы просты.
Лукашэнку нехта тэлефануе, і ён доўга размаўляе па тэлефоны. Іншыя чыноўнікі сядзяць у кабінеце і не разумеюць, у чым справа.
А той усё гаворыць: «Так! Так! Не! Не!» Ён скончыў, людзі ў кабінеце не разумеюць, можа, гэта пра іх, баяцца.
А ён кажа: «Вось народ! Без бацькі нават бульбу перабраць не могуць».
Гэта, дарэчы, яшчэ адзін прыклад таго, што беларускі анекдот існуе — ён з’явіўся ў незалежнай Беларусі і не распавядаўся пра савецкіх лідараў.
Андрэй Расінскі: Вядомы анекдот.
Настасся Астапава: І таксама просты. Калі анекдот лёгка трымаць у галаве — і вельмі лёгка зрабіць замест Лукашэнкі Пуціна ці Фідэля Кастра, ці каго яшчэ — такія анекдоты і становяцца найбольш папулярнымі.
Але, калі анекдот складаны, то гэта ўжо мастацтва. Не кожны можа расказаць. Напрыклад, анекдот пра таварыша маёра:
У гатэльным нумары адзін мужчына аніяк не можа заснуць. Суседзі па нумары сядзяць ля стала і расказваюць палітычныя анекдоты. Гучны рогат, яркае святло… Аніякія звароты і просьбы не дапамагаюць.
Нарэшце ён прыдумаў, што рабіць. Выйшаў з нумару, замовіў чатыры філіжанкі кавы ў нумар. Вярнуўся і зноў пачаў умольваць:
— Мужыкі, закругляйцеся. Тут жа ўсё праслухоўваецца!
— Ды хопіць балаболіць, што ты нас палохаеш!
— Ну, добра. Самі пабачыце.
Узяў са стала попельніцу і кажа ў яе, як у мікрафон:
— Таварыш маёр, калі ласка, чатыры кавы ў трыста дванаццаты.
Прайшло пару хвілінаў — і ў нумар уносяць чатыры кавы.
Імгненна наступіла цішыня, святло пагасілі, і ўсе хутка ўлегліся ў ложках. Раніцай мужчына не пабачыў у нумары ніводнага са сваіх суседзяў. Выйшаў і спытаў дзяжурную па паверху, куды ўсе падзеліся.
— А іх уначы КДБ забрала. За палітычныя анекдоты.
— А мяне чаму не кранулі?
— Таварышу маёру вельмі спадабаўся ваш жарт з попельніцай.
Усе яго ведаюць, але распавесці не кожны можа. Затое таварыша маёра з гэтага анекдота заўсёды ўспамінаюць, калі, напрыклад, размаўляюць пра КДБ.
Андрэй Расінскі:А як увогуле ў вас з’явілася цікавасць да беларускіх палітычных анекдотаў? Як Вы іх збіраеце, якая рэакцыя асяроддзя?
Настасся Астапава: Я пачынала пісаць дысертацыю ў Пецярбургу пра студэнцкія анекдоты. Потым мяне запрасілі вучыцца ў Эстоніі, і я вырашыла пісаць пра беларускую дыяспару ў Эстоніі. Выявілася, што многія актыўныя беларусы ў Таліне і ўвогуле ў Еўропе — палітычныя імігранты. Так мая тэма сышла ў палітычны фальклор беларусаў. Я збірала анекдоты, распытвала болей пра пацёмкінскія вёскі, пра фальклорную біяграфію Лукашэнка, пра чуткі пра сачэнне КДБ, тэорыі змовы як пра Расію, так і пра Захад, чуткі і анекдоты пра выбары.
Увогуле, калі я пачынала збіраць анекдоты пяць гадоў таму, людзі больш баяліся іх распавядаць. Цяпер, мне здаецца, што не.
Андрэй Расінскі: А чым адрозніваюцца і чым падобныя ізраільскія і беларускія анекдоты?
Настасся Астапава: Класічны габрэйскі анекдот — этнічны. Ён пра тое, які, увогуле, габрэй. Пра гэта шмат напісана. А беларускі… Ёсць этнічныя — пра беларуса, які павесіўся, пра беларуса, які сядзеў на крэсле на цвіку — але іх няшмат. Куды болей палітычных анекдотаў.
Ёсць такая тэорыя, што палітычны анекдот залежыць ад палітычнага стану ў краіне. Есць краіны, дзе шмат анекдотаў пра ідэалогію, таму што яна ёсць. Напрыклад, у савецкі час было шмат анекдотаў пра ідэалогію, таму што нейкая ідэалогія існавала. А вось, у Беларусі маркcізму-ленінізму няма, але ёсць аўтарытарная фігура, таму анекдотаў пра ідэалогію няма, а анекдотаў пра Лукашэнку шмат. І так было, напрыклад, у Іспаніі Франка ці пры Чаўшэску. Таму што таксама асобнай ідэалогіі ў іх не было, а дыктатар быў.
Андрэй Расінскі: Ці часта студэнты смяяліся на занятках?
Настасся Астапава: У нас быў толькі адзін семінар пра анекдоты, усе іншыя тэмы — пра міграцыю ў Эстоніі, пра «пацёмкінскія вёскі», пра Лукашэнку былі сур’ёзныя, так што шмат не смяяліся.
Андрэй Расінскі:А калі вы былі ў Ізраіле, што вас здзівіла?
Настасся Астапава: У навуковым плане?
Андрэй Расінскі:І ў навуковым, і ўвогуле краіна.
Настасся Астапава: Пачнём з таго, што вельмі моцны ўніверсітэт. Студэнты добрыя, разумныя, — гэта ўсё былі дактаранты, па-беларуску, аспіранты — ім пасля вайсковай справы 30–40 гадоў, і яны старэйшыя за нашых студэнтаў. Усе яны размаўлялі на вельмі добрай ангельскай мове. Таму было проста. У іх цікавыя навуковыя тэмы, многія з якіх звязаныя з этнічнымі адносінамі. Адна студэнтка, напрыклад, пісала доктарскую пра меншасць людзей, якія не робяць дзецям абразання, і як грамадская большасць рэагуе на гэта. Тэмы пра сямейныя пары з розных этнічных груп, арабскай і габрэйскай — пра змяшаныя сем’і.
А краіна… Калі там не быў, ведаеш, наколькі ў яе багатая гісторыя, але сапраўды разумееш гэта толькі там, асабліва гэта тычыцца рэлігійнай гісторыі. Таксама цікава з навуковага пункту гледжання: у кожнай краіны ёсць нацыянальная дысцыпліна, якая даследуе нешта, у чым краіна (як яна сама гэта разумее) унікальная і вялікая, што фундаментальна для нацыі. Для некаторых гэта — гісторыя, для іншых — фалькларыстыка, якая даследуе традыцыі (напрыклад, у Эстоніі). Даследчыкі з гэтых дыcцыплін становяцца вядомымі і запатрабаванымі ў акадэмічным і папулярным плане. А вось у Ізраілі нацыянальная навука — археалогія, таму што менавіта яна дэманструе кропку адліку для нацыі. Дастаткова наведаць Масад ці нацыянальны музей Ізраіля, каб гэта зразумець.
Даведка: Настасся Астапава — выпускніца Віцебскага ўніверсітэту (2007, настаўніца рускай мовы і літаратуры, англійскай мовы), кандыдатка навук (PhD) у галіне фалькларыстыкі (2015, Тарту), кандыдатка філалагічных навук (2016, Санкт-Пецярбург), стажыравалася ва ўніверсітэце штата Агаё (ЗША), чытала лекцыі ва ўніверсітэтах Чэхіі, Сербіі, Ізраілі, Расіі, Швецыі, Эстоніі, ЗША. Зараз — навуковы супрацоўнік Тартускага і Упсальскага ўніверсітэтаў. Аўтар міжнародных публікацый пра беларускі палітычны фальклор і нацыяналізм, студэнцкую культуру. З нядаўняга часу займаецца вывучэннем пытанняў бежанцаў і міграцыі ў Эстоніі. Старонка: https://ut-ee.academіa.edu/AnastasіyaAstapova