У Гомелі адкрыўся Цэнтр беларускай мовы (фота)

Адкрыццё Цэнтра беларускай мовы было прымеркавана да старту другога сезона гуртка размоўнай беларускай мовы «Лемантар».

centrmovy2_logo.jpg


Ініцыятыва стварэння Цэнтра належыць сябрам гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Яўгену Якавенку і Алесі Аўласевіч. Пры цэнтры будуць праходзіць курсы па вывучэнні беларускай мовы і разнастайныя культурніцкія мерапрыемствы.

centrmovy11_logo.jpg


У цэнтры працягне сваю дзейнасць і гурток «Мова дзяцей», а таксама будзе адкрытая адмысловая «гарачая лінія» па абароне моўных правоў жыхароў абласнога цэнтра.

centrmovy6_logo.jpg


«Першапачаткова мы цэнтр назвалі «Цэнтр падтрымкі беларускай мовы», бо асноўная яго задача – падтрымліваць беларускую мову і тых, хто яе ўжывае, а таксама хоча вывучаць, — распавядае Алеся Аўласевіч. — Так, у нас ёсць «гарачая лінія», на якую можа патэлефанаваць гамяльчук, які сутыкнуўся з дыскрымінацыяй ці парушэннем моўных правоў. У такім выпадку яму будзе аказана прававая ці псіхалагічная падтрымка. Бо я сама часта сутыкаюся з такімі сітуацыямі і хацелася, каб гэта была не проста суполка ў сацыяльнай сетцы, а каб цябе выслухаў спецыяліст і нешта параіў».

Алеся Аўласевіч

Алеся Аўласевіч

Пры цэнтры маецца ўласная невялічкая бібліятэка, будзе дзейнічаць буккросінг і ладзіцца сумесныя кінапрагляды беларускамоўных стужак. Таксама тут можна будзе згуляць з сябрамі ў беларускія настольныя і картачныя гульні.

centrmovy8_logo.jpg


«Мы павінны быць беларусамі. Ці патрэбна нам гэта? Безумоўна, бо гэта наша кроў, гэта нашае дыханне, гэта наш розум і ўзрост нашай нацыі, яе моц і сіла, — выказвае меркаванне гомельскі пісьменнік Анатоль Бароўскі. — Таму нам трэба беларускія цэнтры, нам трэба выхавальнікі і настаўнікі, каб вучылі роднай мове нас, беларусаў. Хоць гэта гучыць трохі крыўдна».

Анатоль Бароўскі

Анатоль Бароўскі

Сябры ТБМ будуць імкнуцца дапамагчы студэнтам гомельскіх навучальных установаў. На дадзены момант разглядаецца магчымасць прахаджэння для іх у цэнтры практыкі.

centrmovy15_logo.jpg


Таксама Цэнтр беларускай мовы абвесціў аб адмысловым конкурсе эсэ «Што для мяне беларуская мова» сярод школьнікаў, прысвечаным Дню роднай мовы, што будзе адзначацца 21 лютага. Усіх пераможцаў чакаюць каштоўныя прызы.

centrmovy14_logo.jpg

Гомельскі бард Андрэй Мельнікаў


Працаваць цэнтр будзе бліжэйшыя тры месяцы. Яго далейшае існаванне, па словах арганізатараў, будзе залежыць ад запатрабаванасці і дапамогі саміх гомельцаў. Кожны ахвотны можа ахвяраваць на дзейнасць Цэнтра беларускай мовы і тым самым зрабіць унёсак дзеля культурніцкага Адраджэння роднага краю. Сачыць за дзейнасцю Цэнтра можна праз суполку ў Укантакце.
Адрас: г. Гомель,  вул. Кірава 3, пакой 1-8 (1 паверх). Даведкі па тэл +37529-908-91-62.