У Глыбокім завяршыўся «Дударскі рэй»
Трохдзённы міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй» скончыў сваю працу ў Глыбокім.
Сёлета ён быў другі па ліку, на ім выступілі дудары з шасці еўрапейскіх краінаў.
Адметнасць гэтага фэсту была ў тым, што да яго далучыўся аматарскі калектыў “Рэхта” з Лепеля. Ён прадставіў традыцыйныя беларускія танцы пад дуду. Таксама на фэст прыехалі госці з сонечнай Партугаліі.
Як кажа адзін з арганізатараў фэсту, яго натхняльнік і вядучы Віталь Воранаў, дударская музыка — элітная. «Мы жывём у час эстраднай, фанернай, папсовай музыкі. Таму людзей трэба прывучаць да слухання дуды, і гэта нялёгкі працэс».
— Глыбачане масава падтрымліваюць і цікавяцца гэтай тэмай. І мяне гэта здзіўляе. Бо ні на адным фэсце, на які мы ездзім па Еўропе, няма масавай публікі. Заўсёды прыходзяць жыхары вёскі, для якіх гэта проста цікавая падзея, якая адбываецца раз на год, а не таму, што яны меламаны гэтага інструмента. Памалу будзем вучыць людзей слухаць жывую музыку. Мы робім пэўную працу, і, я думаю, з году ў год яна будзе мацнець.
Падчас фэсту адбылося некалькі канцэртаў у творчых установах горада і раёна, шэсце дудароў, гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы Глыбокага. А таксама адкрыліся дзве выставы.
Скончыўся фэст выступамі дудароў у касцёлах вёсак Удзела і Мосар Глыбоцкага раёна.