Тры прычыны наведаць фестываль «Наш Грунвальд»

15 ліпеня 1410 года злучаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства перамаглі ваяроў Тэўтонскага ордэна ў бітве пад Грунвальдам (Усходняя Прусія, цяпер тэрыторыя Польшчы). Гэта дата адзначаецца вялікім фестывалем гісторыка-ваеннай рэканструкцыі.

afisza_22.jpg


Хто не трапіў у Польшчу, мае шанец наведаць фестываль «Наш Грунвальд», што пройдзе 21-22 ліпеня ў Дудутках пад Мінскам. Чаму гэта варта зрабіць, тлумачыць галоўны арганізатар Аляксандр Рак.

Фестываль «Наш Грунвальд» праводзіцца ў Дудутках ужо 10 гадоў і на сёння з’яўляецца самым буйным фэстам ваенна-гістарычнай рэканструкцыі Беларусі.
Грунвальдская бітва пераламіла ход Вялікай вайны (1409-1411) і паклала пачатак палітычнаму заняпаду Тэўтонскага ордэна. Гэта знакавая падзея ў беларускай гісторыі. Шматлікія беларускія рыцарскія клубы выязджаюць на фестываль у Польшчу, таму беларускі фэст праходзіць праз тыдзень. У нас звычайна 500 — 700 удзельнікаў (сябры рыцарскіх клубаў, рамеснікі, музыкі) — гэта калі не лічыць наведвальнікаў. У нас даволі строгі адбор, працуе камісія, якая вызначае адпаведнасць адзення і даспехаў патэнцыйных удзельнікаў эпосе і рэгіёну, на які яны заяўляюцца. Сёлета мы запрашаем рэканструктараў ВКЛ, Еўропы, Польшчы і Балтыі 1170-1520 гг.

Канцэпцыя Грунвальда ўвасобіцца і ў музычнай частцы фестывалю, канцэрце «Пір пасля бітвы».
Неяк вакаліст гурта Gods Tower Lesley Knife падаў ідэю: а чаму б не зрабіць на сцэне як у Грунвальдскай бітве? Каб былі розныя краіны, розныя бакі… Сёлета за Тэўтонскі ордэн у нас выступае нямцкі гурт Wizard. У Беларусі ён малавядомы, але ў Еўропе — даволі знакаміты, бо грае з 1989 года. Іх часам завуць нямецкім аналагам амерыканскага гурта Manowar: падобнае гучанне, тэмы. Беларусь прадставяць гурты «Стары Ольса», Folcore і Aillion. Удзел апошняга гурта можа выклікаць здзіўленне, ён быццам бы не мае сярэднявечных матываў. Але не ўсё так проста. Вакаліст Aillion Канстанцін Дудараў, мой вельмі добры сябра, удзельнічае ў клубе Ордэн паўночнага храма. Яшчэ ён кіруе студыяй Steel Legacy. Яны робяць даспехі і ўзбраенне, вельмі якасныя, іх купляюць па ўсім свеце. Прадукцыя Steel Legacy вызначаецца вельмі дакладнай рэканструкцыяй, нават экспануецца ў музеях; часта трапляе ў прыватныя калекцыі. Некалькі тэкстаў Aillion напісаў адзін з заснавальнікаў рыцарскага руху ў Беларусі Зміцер Нясцюк.
Доўга думалі, да якога ж лагера аднесці ірландскі гурт Cruachan. Кельты жылі на нашых землях, у пазнейшы час — шатландцы.
Будуць два расейскія гурты, «Мельница» і «Эпидемия», якія вельмі падыходзяць да канцэпцыі «Нашага Грунвальда». Яны ўжо не ўпершыню выступяць на фестывалі.
Упершыню ў Беларусі пройдзе рыцарскі конны турнір, а ў рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы возьмуць удзел конніца і артылерыя.
Нехта можа сказаць «Ды на кожным фэсце ёсць рыцарскі турнір!». Так, але пытанне, які гэта турнір. І на Грунвальдзе ён усе 10 гадоў быў. Але тое, што мы робім сёлета, кардынальна адрозніваецца. Гэта будзе першая спроба аднавіць еўрапейскі конны турнір па правілах XV стагоддзя. Яго асноўная частка — гэта джойсцінг, калі два коннікі скачуць адно на аднаго і мэта кожнага — выбіць суперніка з сядла доўгім кап’ём. У Беларусі толькі два коннікі маюць дастатковае для такога турніра ўзбраенне і даспехі. Яшчэ шасцярых коннікаў мы вязем з Расіі.
Акрамя Расіі такія турніры аднаўлялі ў Аўстрыі і Аўстраліі, Беларусь будзе чацвертай краінай свету! Больш нідзе няма. Ёсць шоў, кшталту «Сарацын»: вершнік скача праз калідор з вертыкальных пік, на якіх насаджанныя качаны капусты, і патрэбна паспець разрубіць гэтыя качаны. Ёсць імітацыя турніраў, дзе працуюць каскадзёры… У нас будзе ўсё па-сапраўднаму: будуць ламацца коп’і, вершнікі вылятаць з сядла…
Пра больш цікавостак можна будзе даведацца на самім фэсце!