Топ-10 фільмаў пра жывёлаў. Мілата і супакаеньне

У часы, калі людзі настойліва дыскрэдытуюць сябе праявамі нечалавечай жорсткасьці, жадаецца зьвярнуцца да тых, хто будзе верным і ўдзячным да канца. Мы падрыхтавалі спіс лепшых фільмаў пра ўлюбёных хатніх гадаванцаў. Натхніцеся іх дабрынёй.

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Кліч дзікай прыроды (The Call of the Wild). 2020

the_call_of_the_wild_1.jpg

Для прагляду з дзецьмі складана прыдумаць лепшы фільм. Адвечная гісторыя, дзе ў галоўных ролях чалавек і сабака. Гісторыя пра сяброўства, выпрабаваньні і вялікую любоў. Аповед вядзецца ад імя сабакі, які прызвычаіўся да людзей напрыканцы ХІХ ст. у Амэрыцы, але быў скрадзены і прададзены для цяжкай працы на Алясцы. Сабака знаходзіць сваю справу, а потым у яе жыцьці зьяўляецца той самы чалавек — герой Харысана Форда. Прыгоды абодвух прымусяць вас уважліва сачыць за дзеяньнем на экране. Чароўныя відарысы Аляскі застануцца ў вашай памяці. А ўявіце, калі б падобнае здарылася з вашым сабакам? 

Нумар 9. Бетховэн (Beethoven). 1991

beethoven.jpg

Калі вы толькі на этапе выбару ці трэба вам хатні гадаванец, ці лепш абысьціся безь яго — гартайце нашую падборку далей, бо гэтая стужка прымусіць вас зрабіць відавочны выбар. Вам неабходны сабака, інакш пасьля прагляду фільма вы не здолееце сказаць. Ці можа ў вас у адваротным выпадку жорсткае сэрца.

Шчанюк сэнбэрнар трапляе ў тыповы амэрыканскі дом з самай звычайнай сям’ёю. Тут і пачынаюцца прыгоды, якія пабудаваныя на сьмешных эпізодах, калі бацька сямейства сьцішана назірае за выкрутасамі пса, у той час як ягоная жонка і асабліва дзеці ў захапленьні ад маленькага кавалачка шчасьця. Што праўда, маленькі кавалачак хутка расьце, а значыць і наступствы яго гульняў таксама ўзрастаюць. Выдатны фільм для кожнага. 

Нумар 8. Сьцюарт Літл (Stuart Little). 1999

stuart_little.jpg

Малюсенькае мышаня — герой цэлага фільма. Коткі і сабакі — гэта ўмее кожны, а вось каб завесьці мышаня? Яшчэ больш нечакана тое, што ў стужцы сям’я Літл ўсынавіла гэтае мышаня. Вельмі жаласьлівымі выглядаюць кадры на пачатку фільма, калі новыя бацькі Сьцюарта ўкладваюць яго спаць, ахінаючы коўдрай.

Зусім маленькі галоўны герой на роўных паводзіцца з людзьмі на працягу ўсёй гісторыі, нібы даючы прыклад і самім прадстаўнікам чалавечага роду. Не абыдзецца, вядома, і без змаганьня з коткамі. Сьцюарт Літл нават, амаль як прарок Ёна, правядзе пэўны час зьедзеным. Але сьпяшаемся папярэдзіць: мышаня не дастанецца катам. 

Нумар 7. Бэйб (Babe). 1995

babe.jpg

Гэтая стужка пазнаёміць нас з незвычайным выбарам хатняй жывёлы. Гэта парсючок. Больш за тое, яго прызначэньне найперш не выходзіла за месца на стале. Менавіта на, а не за сталом. Дзівосны сьвет гэтага фільма заносіць глядачоў на ферму, дзе жывёлы размаўляюць чалавечай ангельскай мовай. Галоўны фермер выпадкова даведваецца пра гэта і вырашае пры дапамозе парсючка палепшыць працу, і як наступства гэтага — і ўсё сваё жыцьцё.

Дарэчы, галоўнага героя гралі па-чарзе цэлых 48 ёркшырскіх парсючкоў. Прычынай быў імклівы рост актораў падчас здымкаў. На працягу кожнага трохтыднёвага перыяду для фільма выкарыстоўвалася па шэсьць парсючкоў адначасова. Як падаюць у фінальных тытрах стваральнікі стужкі, ніводная жывёла не была пашкоджаная. Спадзяемся. 

Нумар 6. К-9 (K-9). 1989

k_9.jpg

Джэймс Белушы выконвае ў гэтым фільме ролю паліцэйскага, а яго кампаньён па змаганьні са злачыннасьцю — Джэры Лі, дзівосны і разумны пёс. У каго не было знаёмых з аўчаркай? Верагодна, для кожнага сабакі менавіта Джэры Лі быў ролевай мадэллю ў сваім шчанюковым узросьце.

Стужка разгортвае сюжэт праз дуэт копаў, адзін зь якіх, як кажа слоган фільма, «больш кемлівы за іншага». Падаецца, чалавек тут не ў лепшай пазыцыі. Гісторыя падтрымкі, сяброўства і пакараньня нахабных наркадылераў — што яшчэ неабходна для вечаровага прагляду. Фас! 

Нумар 5. Фінч (Finch). 2021

finch_1.webp

Сьвежы фільм з Томам Хэнксам у галоўнай ролі. У іншай галоўнай — сабака. Як вы ўжо напэўна разумееце, нас чакае гісторыя, прасякнутая клопатам, любоўю і самотай. Мігель Сапачнік (той самы, які зьняў самыя знакамітыя эпізоды «Гульні Тронаў») зрабіў кранальны фільм пра жыцьцё пасьля нейкай катастрофы (мы дакладна не ведаем, што адбылося: вайна ці нешта іншае), калі паўсюль на зямлі радыяцыя, а герой Хэнкса ў суправаджэньні сабакі і робата спрабуюць адшукаць месца, дзе магчыма ёсьць яшчэ людзі. Роўд-трып у Сан-Францыска, падчас якога цэлы фільм мы бачым аднаго актора. Том Хэнкс з тых, хто не зможа надакучыць за дзьве гадзіны. 

Нумар 4. Чорны прыгажун (Black Beauty). 1994

black_beauty.webp

Эн Сьюэл напісала аднайменны раман у 1877 годзе, і з тых часоў гісторыя пра чорнага каня скарыла мноства людзей. Гэтая экранізацыя зьяўляецца найлепшай і вельмі блізкай да духу кнігі. Мы станем сьведкамі жыцьця Чорнага прыгажуна, бо гэта менавіта ён апавядае сваю гісторыю. Жорсткасьць і добразычлівасьць людзей у адносінах да каня і адно да аднаго напоўняць вас гневам і лагоднасьцю.

Што напаткаў гэты конь больш за свае гады — даведвацца прыйдзецца вам. Гэта адзіная аўтабіяграфія каня, што была напісаная і захавалася. Прыгатуйце свае насоўкі, як папярэджвалі раней у кінатэатрах. 

Нумар 3. 101 далматынец (101 Dalmatians). 1996

101_dalmatians.webp

Х’ю Лоры перад тым, як стаў героем сэрыялу «Доктар Хаўз», ніколі не атрымліваў значнага посьпеху і народнай любові за свае працы. Гэты фільм быў відавочна выключэньнем. Злая Круэла (менавіта пра яе новая аднайменная стужка з Эмай Стоўн) напярэдадні Раства задумала выкрасьці сто аднаго шчанюка далмацінца дзеля таго, каб садраць зь іх шкуру на сваё новае футра.

Зрэшты, шмат хто думае, што ўбачыць прыгоды мілых шчанюкоў, але часьцей за гэта будзем сьведкамі інтрыгаў дарослых. Гэта не робіць стужку дрэннай, але чаканьні пэўнай колькасьці людзей павінны быць больш сьціплымі. 

Нумар 2. Жыцьцё Пі (Life of Pi). 2012

life_of_pi.jpg

Без котак нашая падборка не абышлася, тым больш што ў стужцы Энга Лі прысутнічая вялікая котка — сапраўдны бэнгальскі тыгр. Яму давялося падарожнічаць у кампаніі чалавека, што плыве на лодцы пасьля таго, як вялікі карабель пайшоў на дно. Справа ў тым, што бацька чалавека — уласьнік заапарку, і разам з жывёламі сям’я вымушана была выправіцца ў эміграцыю.

Хлопец і некалькі жывёлаў застаюцца адзінымі выжылымі. Іх чакае поўнае прыгодаў падарожжа. А нас — паглыбленьне ў індыйскую культуру. Наколькі чалавек прывязаны да матэрыяльных каштоўнасьцей? На прыкладзе галоўнага героя мы ўбачым няпростыя духоўныя пошукі свайго месца на нашай Зямлі. 

Нумар 1. Конны шаптун (The Horse Whisperer). 1998

the_horse_whisperer.webp

На чале спісу знаходзіцца стужка, якую зрабіў Робэрт Рэдфард. Ён выступіў і ў якасьці рэжысэра і сам жа выканаў галоўную ролю. Гэта вэстэрн, дзе няма месца для стрэлаў, індзейцаў і грамадзянскай вайны. Мы глядзім на чалавека, які апынуўся патрэбным жанчыне, яе хворай дачцэ і каню. Пры гэтым у прыблізна раўных і ўзаемазалежных суадносінах.

Гісторыя распавядае пра няшчасны выпадак, у выніку якога конь па мянушцы Пілігрым застаўся калекай, а дзяўчына, якую грае Скарлет Ёхансан, атрымала такія сур'ёзныя траўмы, што ёй прыйшлося ампутаваць частку нагі. На ферме вырашаюць, што лепей будзе застрэліць каня, каб не пакутаваў, але маці знаходзіць інфармацыю, што ёсьць шаптун, які робіць дзівосныя рэчы з коньмі.

У дзяўчынкі ўжо нараджаюцца думкі, што з адной нагой яна не будзе нікому патрэбная, і тут высьвятляецца, што мэтад шаптуна на коней працуе і на людзей. Гэта вельмі сур’ёзная драма, якая адбываецца на адкрытай бясконцай прасторы, якая можа і не ўвабраць у сябе боль і трагедыю людзей.