Топ-10 фільмаў Марчэла Мастраяні ў 100-ю гадавіну з дня народзінаў
Хто самы знакаміты італьянскі актор у гісторыі? Напэўна амаль кожны назаве імя Марчэла. Яго ролі застаюцца ў памяці, яго талент найбольш яскрава стаў відавочным бліжэй да канца жыцьця італьянца. З гэтай нагоды мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых роляў актора. Прыемнага прагляду!
Прыгожая акалічнасьць з днём народзінаў Марчэла Мастраяні палягае ў тым, што амаль у той жа дзень, з розьніцай у дзесяць гадоў, нарадзілася яго шматразовая кампаньёнка па здымках: неверагодная Сафі Ларэн, якая толькі на мінулым тыдні ў Рыме адзначала свае 90.
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Сто і адна ноч Сымона Сінема (Les cent et une nuits de Simon Cinéma). 1994
Гэтую стужку можна расцэньваць як сапраўдны ліст, напоўнены каханьнем да кінематографа, створаны з настальгічным адценьнем, якое мела рэжысэрка Аньес Варда. У фільме Мішэль Пікалі выконвае вельмі эмацыйную ролю з чароўнай адсылкай да свайго кінематаграфічнага мінулага і сваеасаблівым каментаром да мімалётнасьці зьзяньня кіназоркі.
Актор ўвасабляе жывы архіў гісторыі кіно, кожны яго жэст — даніна павагі фільмам, якія вызначылі ХХ стагодзьдзе. Варда выкарыстоўвае цікавую структуру фільма — малады студэнт наведвае паважанага кіназнаўцу на працягу ста дзён, каб сабраць яго ўспаміны. Жан-Поль Бэльмандо, Марчэла Мастраяні, Робэрт Дэ Ніра і безьліч іншыя цудоўных актораў узялі ўдзел у стужцы.
Кожнае наведваньне выклікае іншы ўспамін, іншую сцэну, што робіць фільм цудоўнай галаваломкай для кінаманаў.
Нумар 9. Сланечнікі (I girasoli). 1970
Адзін з шэрагу фільмаў Віторыа Дэ Сіка, у якім ён здымае як Сафі Ларэн так і Марчэла Мастраяні. Яны зноў граюць закаханую пару. І лёс склаўся так, што пачалася Другая сусьветная, і героя Мастраяні адпраўляюць замест нескладанага для італьянцаў афрыканскага фронта – на Ўсход. Неўзабаве страшэнная навіна прыходзіць да гераіні Сафі Ларэн: яе муж лічыцца зьніклым бяз зьвестак. У сьмерць каханага яна ня можа паверыць і вырашаецца на авантуру – пасьля вайны паехаць у краіну саветаў, каб адшукаць сьляды мужа.
Яе чакае шакавальная праўда. Што цікава, камуністы дазволілі здымаць Віторыа Дэ Сіка на сваёй тэрыторыі і мяркавалі ўбачыць лагодны фільм пра вайну. Але пасьля папярэдняга прагляду запатрабавалі ў рэжысэра зьмяніць некаторыя сцэны, на што той, зразумела, не пайшоў.
Насамрэч гледачы могуць убачыць не самы звыклы падыход да адлюстраваньня тае вайны – з пункту гледжаньня італьянцаў, якія змагаліся на баку нацыстаў, у тым ліку ў межах тагачаснай вязьніцы народаў. Стужка ўсё ж мае некаторы аж занадта рамантычны налёт у адносінах да міжнародных адносінаў непасрэдна пасьля вайны. Некаторыя аспекты жыцьця ў СССР выглядаюць фантастычнымі.
Нумар 8. У іх усё добра (Stanno tutti bene). 1990
Вялікі сіцылійскі рэжысэр Джузэпэ Тарнаторэ зьняў стужку, напоўненую тугой па сямейных традыцыях, па колішніх дробязях, якія праз гады выяўляюцца стрыжнем, на якім стаіць кожны чалавек. Герой Мастраяні, які ўвесь фільм ходзіць з акулярамі, якія крычаць аб тым, што ён мае слабы зрок, выпраўляецца ў падарожжа. Яго чакаюць іншыя рэгіёны Італіі, куды раскідала жыцьцё дзяцей галоўнага героя. Яго жаданьне простае да немагчымасьці: сабраць усіх за адным сталом і як і раней, смачна паесьці.
Аднак хутка высьвятляецца, што кожны з дзяцей, а гэта ўжо даволі дарослыя ўсе людзі, мае нешта такое, чаго лепш ня ведаць старому бацьку. Для героя Мастраяні раз за разам узьнікае ілюзія, што яго дзеці, зь якімі ён размаўляе, дагэтуль маленькія стварэньні, якім яшчэ пад стол пехатою хадзіць.
Але таямніцы дзяцей не павінны сапсаваць тое, што галоўны герой мусіць сказаць сваёй жонцы па вяртаньні на Сіцылію: У іх усё добра.
Нумар 7. За аблокамі (Al di là delle nuvole). 1995
Прыгожая стужка пастаўленыя легендарным Мікеланджэла Антаніёні ў супрацоўніцтве з Вімам Вэндэрсам, уяўляе сабой кінематаграфічны акт мастацтва, у якім сплеценыя заблытаныя гісторыі пра каханьне. Гэты фільм вярнуў Антаніёні да рэжысуры пасьля доўгага перапынку.
Шыкоўны акторскі склад, у тым ліку Джон Малкавіч, Сафі Марсо і Марчэла Мастраяні, стварае безьліч распаўсюджаных сытуацый між людзьмі, і суправаджае іх уласнымі рэфлексіямі.
Там, за аблокамі, лётае той сэнс, які намагаюцца знайсьці героі.
Нумар 6. Незвычайны дзень (Una giornata particolare). 1977
Драма Этарэ Скола пра тыя падзеі, што балюча і траўматычна адгукаюцца і да сёньня: час славы Бэніта Мусаліні. Мы трапляем у самы звычайны дзень у Рыме перыяду фашысцкага ўрада. Ён нічым не мусіў адрозьнівацца ад папярэдніх: неабходна зварыць кавы, накарміць дзяцей, папраць вопратку, паразмаўляць з суседзямі. Але менавіта ў той дзень на сустрэчу з Дучэ прыехаў Адольф Гітлер, і па цэнтры італьянскай сталіцы мусіць адбыцца парад, куды скіроўваецца муж гераіні Сафі Ларэн.
Мы не ўбачым гэтага параду, толькі трансляцыя па радыё будзе даносіць асобныя часткі. І вось падчас гэтага адбываецца неверагодная гісторыя паміж гераем нашай падборкі і Сафі Ларэн (у які ўжо раз!).
Нумар 5. Шлюб па-італьянску (Matrimonio all'italiana). 1964
Клясычная стужка выбітнага Віторыа Дэ Сіка з шыкоўнай экраннай парай – Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. Гэтых трох імёнаў у адным сказе звычайна ўжо павінна хапіць, каб без прамаруджваньня пачаць глядзець фільм, але мы яшчэ крыху панахвальваем яго.
Перад гледачамі насамрэч ня лёгкая італьянская камэдыя пра прыгоды і рамантычныя здарэньні. Рэжысэр прапануе вельмі складаную гісторыю пра трагічны лёс жанчыны, якая праўдамі і няпраўдамі прагне самага простага: шчасьця з каханым чалавекам. Але яна працуе ў бардэлі, а ён – ня з тых, хто марыць зьвязаць сябе вечнымі абавязкамі.
Дэ Сіка пагружае гледачоў у сапраўднае жыцьцё, якое мала чым адрозьніваецца: Італія за вакном ці Беларусь.
Нумар 4. 8 з паловай (8½). 1963
Легендарны фільм Фэдэрыка Фэліні з Мастраяні Анук Эмэ і Клаўдыяй Кардынале ў галоўных ролях. Фэліні не столькі распавядае гісторыю, колькі стварае мазаіку з успамінаў, фантазій і жахаў, кожная сцэна ў стужцы перацякае ў наступную з хуткасьцю, падобнай да спробаў адмыслова не заснуць уначы. З гэтай нагоды нават ходзіць байка, што кіраўнік краіны саветаў падчас прэм'еры гэтага фільма на тамтэйшым кінафэсьце, захрап на сэансе. Гэта раззлавала рэжысэра, і той не пайшоў неўзабаве на цырымонію, дзе той самы фільм прызналі лепшым.
Але вернемся да мастацтва. Перад гледачамі насамрэч гісторыя самога Фэліні, тое, як ён яе разумее. Галоўны герой, як вы здагадаліся, знакаміты стваральнік кіно, які сутыкаецца з разнастайнымі перашкодамі. Жанчыны, натхненьне, грошы – і ўсё разам загорнутае ў фантасмагарычныя сцэны.
Нумар 3. Учора, сёньня, заўтра (Ieri, oggi, domani). 1963
Магію італьянскага кіно вы павінны былі ўжо вывучыць: неабходна пасадзіць Віторыа Дэ Сіка ў рэжысэрскі фатэль, а галоўныя ролі даць выконваць Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні. У гэтай стужцы яны вырашылі гэты эфект памножыць на тры. Менавіта столькі навэлаў пад адной назвай чакаюць гледачоў.
Гэта фільм-анталёгія, падзелены на тры розныя гісторыі, дзеяньне якіх адбываецца ў розных гарадах. Кожная гісторыя прадстаўляе розны аспект жаночага жыцьця ў Італіі. У першай частцы, дзеяньне якой адбываецца ў Неапалі, Сафі Ларэн грае жанчыну, чый мужчына прадае кантрабандныя цыгарэты, каб пракарміць сваю сям'ю. І калі яму пагражае турэмнае зьняволеньне, яна распрацоўвае геніяльны плян, каб пазьбегнуць турмы, застаючыся назаўсёды цяжарнай.
У другой частцы гледачы пераляцяць у Мілан, а трэцяя адбываецца ў Вечным горадзе. У кожнай зь іх Сафі Ларэн змагаецца адразу з усімі сацыяльнымі праблемамі, і выходзіць адтуль... жадалася напісаць пераможцай, але паглядзіце лепш самі. Кожны эпізод Марчэла Мастраяні спрабуе са свайго боку абставіць усё на сваю карысьць.
Нумар 2. Ноч (La notte). 1961
Мікеланджэла Антаніёні зьняў поўную прыгажосьці карціну. Аднак тая прыгажосьць поўная змрочнага смутку і неспасьцігальнай тугі, якая авалодвае людзьмі. Гэта на першы погляд звычайная побытавая гісторыя каханьня, драма якой зьяўляецца ў паўтанах, ціхіх шэптах і позірках, а не ў бітым посудзе ці выбітых дзьвярах.
Гісторыя заблытанага пісьменьніка з двума жанчынамі ў выкананьні Жаны Маро і Монікі Віці – зьнятая ва ўласьцівым спакойным, нават празьмерна спакойным стылі апавяданьня Мікеланджэла Антаніёні.
Якое яно, жыцьцё Італіі ў часы ўзьлёту нэарэалізму ў мастацтве?
Нумар 1. Салодкае жыцьцё (La dolce vita). 1960
Гэты фільм — пераможца кінафэсту ў Канах. Фэдэрыка Фэліні здымаў яго на Віа Венэта — рымскай вуліцы начных клюбаў. Герой карціны — калумніст, журналіст Марчэла, які распавядае пра «салодкае жыцьцё» зьнікаючых арыстакратаў, другасных кіназорак, састарэлых плэйбояў і гандлярак.
Ролю стомленага чалавека, які марыць аднойчы зрабіць нешта вартае, але апынаецца ў пастцы пустога жыцьця, выканаў Марчэла Мастраяні. Дома яго чакае суіцыдальная нявеста, а па-за домам — яшчэ шмат іншых не-нявестаў. Асобна адзначым музыку Ніна Рота — кампазытара, які напісаў музычнае суправаджэньне ў тым ліку і да «Хроснага Бацькі», бадай што лепшага фільма ў гісторыі.
Герой Марчэла Мастраяні знаходзіцца ў пошуках матэрыялу, які прынясе яму супакой. У вялікай ступені аўтабіяграфічны фільм самога Фэліні.
Прыемнага прагляду!