Паэме "Тарас на Парнасе" ўжо 135 гадоў. Цікавыя факты пра ўлюбёны пакаленьнямі твор

Доўгі час ананімная, і толькі адносна нядаўна з пазначэньнем аўтара, гэтая іранічная паэма знаходзіцца глыбока ў сьвядомасьці беларусаў. Амаль усе яе ведаюць, але мала хто памятае сам твор Канстантына Вераніцына.

Ілюстрацыя з паэмы

Ілюстрацыя з паэмы

Паэма напісаная, найбольш верагодна, у 1850-я гады. Доўга распаўсюджвалася ў рукапісах, і ўпершыню апублікаваня а ў газэце «Минский листок» (№ 37 за 16.5.1889 год). Паэма была выпушчаная ў Віцебску ў 1896 годзе асобным выданьнем, наклад склаў 1000 асобнікаў.

Твор, прасякнуты вольнымі думкамі і сатырай, стаў вельмі папулярным, пра што сьведчыць перадрук паэмы ў Гародні, двойчы ў Магілёве, у 1904 годзе ў Віцебску і трэці раз у 1910 годзе.

Сюжэт твора – прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўся ў пушчу, а трапіў на Парнас – месца, дзе жылі багі і паэты. Вобразы старажытных багоў і герояў у паэме зніжаны, аўтар скептычна ставіцца да эстэтыкі класіцызму. З сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса – адзін з першых рэалістычных вобразаў чалавека з народа ў беларускай літаратуры, пісаў Генадзь Кісялёў.

Аўтар

Помнік на радзіме аўтара паэмы

Помнік на радзіме аўтара паэмы

Леанід Гаравы, дасьледчык літаратуры, адзначаў: «Канстантын Васільевіч Вераніцын (спачатку яго прозьвішча было Васільеў) быў прыгонным селянінам Васіля Максімавіча Бондырава з маёнтка Астраўляны Віцебскага павета (сёньня Гарадоцкі раён). Нарадзіўся 1 чэрвеня 1834 года.

Па невядомых дакладна прычынах сям'я Бондыравых вылучала яго з ліку іншых прыгонных. У 1844 годзе скончыў Гарадоцкую прыходзкую вучэльню. У наступным годзе атрымаў вольную і паступіў у Віцебскую гімназію. У 1851 годзе прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў прозьвішча «Вераніцын».

Насамрэч існуе інтрыгоўная вэрсія, што расейскі пан Бондыраў быў бацькам Канстантына, і менавіта з прычыны бацькоўскім пачуцьцяў да незаконнанароджанага сына (ці яго маці) усяляк дапамагаў яму на першым этапе жыцьця.

Канстантын навучаўся пазьней у Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. З акадэміі яго ў 1854 годзе выключылі, але гэта, даравітага гарадоцкага хлопца не спыніла. У 1859 годзе ён бліскуча (у сьпісе выпускнікоў яго імя стаіць першым) скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, дзе напісаў дысэртацыю «Аб беларускай гаспадарцы». Працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, потым служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносінаў.

У 1900 годзе Канстантын пайшоў у адстаўку стацкім дарадцам. Памёр каля 1904 года.

3_775.jpg

«Паэма «Тарас на Парнасе» лічыцца візітоўкай беларускай паэзіі ХIХ стагодзьдзя, а самаго Тараса можна параўнаць з Тылем Уленшпігелем Шарля дэ Кастэра і Кала Бруньёнам Рамэна Ралана, бо ён зьяўляецца яскравым увасабленьнем нацыянальнага характара, тыпа беларуса» — пісаў Леанід Гаравы.

Першую вэрсію аўтарства паэмы выказаў Мітрафан Доўнар-Запольскі ў артыкуле «В. Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе», надрукаваным у студзені 1895 года. Без неабходнай аргументаванасьці ён сцьвярджаў, што аўтарам паэмы зьяўляецца знакаміты Дунін-Марцінкевіч і прывёў тэкст паэмы, які быў горшы за раней надрукаваныя варыянты паэмы.

Найболей адпрацаванай, жыцьцяздольнай зьяўляецца вэрсія аўтарства на карысьць Канстантына Вераніцына. Біяграфія і дзейнасьць нашага земляка найбольш адпавядае ўсім патрабаваньням да аўтара паэмы – аб гэтым пераканаўча даводзіў у сваіх дасьледваньнях Генадзь Кісялёў, гісторык і літаратуразнаўца. Ён вёў пошукі, вывучаючы архівы, сустракаўся з рознымі людзьмі, дасьледваў літаратуру. І ў 1973 годзе ён дабіўся посьпеху.

1896.jpg

Менавіта так: «Канстантын Вераніцын. 15 красавіка 1855 года г. Гарадок» пазначана аўтарства паэмы ў сшытках паэта і фальклярыста Аляксандра Рыпінскага, якія ў 1929 годзе трапілі да прафэсара БДУ Піятуховіча. Прафэсар Піятуховіч падрыхтаваў працу «Рукапісы А. Рыпінскага», але надрукаваць яе не пасьпеў, бо трапіў пад хвалю камуністычных сталінскіх рэпрэсій. Праца зьнікла і толькі ў 1986 годзе яе знайшоў навуковец Віталь Скалабан, а дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музэя літаратуры і мастацтва Ганна Сурмач атрымала архіўныя матэрыялы дасьледчыка беларускай літаратуры 20-х гадоў Васіля Мачульскага, дзе знаходзілася падрыхтаваная да друку праца Піятуховіча.

Зыходзячы са зьвестак Кісялёва, пацьверджаньне знайшлі ўсе здагадкі, што выказваліся дасьледчыкамі пра беларускае паходжаньне аўтара, добрае веданьне ім сялянскага побыту  вёскі Пуцявішча непадалёк ад Астраўлянаў, віцебскую гаворку, дасьведчанасьць у расейскай культуры і літаратуры.

Прабеларускасьць

Беларускія дасьледчыкі пісалі пра твор Вераніцына як пра паэму, якая парывала з ланцугамі расейскага панаваньня

У 1929 годзе навуковец Дзьмітры Васілеўскі пісаў: «У 90-х гадох ХІХ стагодзьдзя гэта быў адзіны твор, які парываў ланцугі панаваньня ў нас расійскае школы. Паэма пашыралася ў тысячах сьпіскаў сярод вучняў і будзіла пачуцьцё краёвасьці, сузнаньня нашых асаблівасьцяў у мове, быце. Праз школу паэма трапляла ў хату селяніна і цьвёрда там асядала.

У той час, калі расейскія шавіністыя пашыралі думку, што беларусы — няздольнае, выміраючае племя, што для яго актывізацыі неабходна памяшаць кроў беларуса і расейца шляхам калянізацыі апошніх на Беларусь, паэма нейкай сваёй сонечнасьцю разганяла сумныя думкі мужыка, падтрымлівала веру ў народныя здольнасьці сярод мясцовай інтэлігенцыі».

Праз год пасьля гэтага артыкула Васілеўскі быў арыштаваны і да сярэдзіны 50-х быў у зьняволеньні, — адзначае дасьледчык Васіль Дранько-Майсюк.

Беларускія стравы ў паэме

7_343.jpg

Як унясла ж на стол каўбасы

Бліны аўсяны ў рашаце,

Аж сьлінкі пацяклі ў Тараса

І забурчала ў жываце.

Здаўна найбольш распаўсюджаным у беларусаў было сьвіное мяса. З мяса ў вёсках рыхтавалі каўбасы, кумпякі, грудзінку, скваркі,

Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешвалі на малацэ або сыроватцы, сыраквашы. Бліны былі кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадавалі яйкі, цукар. Пяклі на падмазцы. Падавалі з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, сьмятанай.

…А з кашы сала аж цякло…

Каша з прасяных крупаў, запраўленая тлушчам або кавалачкамі падсмажанага сала і запечаная.

Ды і гусяціны смажонай

Уволю ўсім багам было

Гусяціна, звараная са сьмятанай і з дробна парэзанымі сушанымі грыбамі, ячнай кашай засыпаная.

Як адзначаў Генадзь Кісялёў, той самы, які вярнуў паэме імя яе аўтара, «прайшло ўжо столькі часу, а паэма з цікавасьцю ўспрымаецца і нашымі сучасьнікамі. Яна захапляе насычанасьцю і сакавітасьцю мовы, вобразнасьцю народнага слова, яскравым народным гумарам, яркасьцю мастацкіх вобразаў, казачнасьцю. Але найперш паэма захапляе вобразам галоўнага героя Тараса».

Легендарны пачатак

5_643.jpg

«Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,

Што палясоўшчыкам служыў?

На Пуцявішчы, у Панаса

Ён там ля лазьні блізка жыў...»

З гэтых радкоў пачынаецца падарожжа галоўнага героя паэмы на Парнас. Цікава, што Пуцявішча, у якім «прапісаў» Тараса аўтар, — гэта рэальнае мястэчка каля вёскі Міхалі Віцебскага раёна, што мяжуе з Гарадоцкім, дзе калісьці бурліла жыцьцё. Мясцовыя краязнаўцы плянуюць у перспэктыве ўсталяваць на месцы былога Пуцявішча камень з мемарыяльнай шыльдай, як на радзіме паэта, заўважыла Аляксандра Гвозьдзева.

Опіўм беларускай літаратуры

Літаратар Альгерд Бахарэвіч дапускае, што радкі, якія служаць ключом да разуменьня паэмы, знаходзяцца ў чацьвёртай страфе:    

Авохці мне! Як там прыгожа!

Як быццам хто намаляваў!

Чырвоны краскі, мак і рожа…!

Ён заўважае, што ў час, калі стваралася паэма, толькі адгрымела опіўмная вайна паміж Кітаем і Англіяй, чуткі пра якую, несумненна, дайшлі і да Канстантына Вераніцына. І Тарас, відавочна, бачыць опіўмны мак. «Стаяў я доўга і дзівіўся, разявіў зяпу і глядзеў», — распавядае Тарас пра свой стан, выкліканы ўзьдзеяньнем апіятаў. Потым зьяўляецца галюцынацыя, «кудравы крылаты хлапчына», які тлумачыць галоўнаму герою, што ён апынуўся на дарозе з таго сьвету на Парнас.

З легендарнай паэмы:

4_692.jpg

Зевес жа наўзніч лёг на печы,

Сярмягу ў голавы паклаў...

Ён грэў на печы стары плечы

І нешта ў барадзе шукаў.

Во перад люстрам задам меліць

І маслам мажа валасы

Ды нечым белым твар свой беліць

Вянера, знаць, дзеля красы.

Амур жа зь дзеўкамі жартуе,

Ну, проста сьмех ажно бярэ!

То ён зьнянацку пацалуе,

То хустку з галавы зьдзярэ;

То на гармоніку зайграе,

То німфам песьню запяе,

То адным вокам заміргае,

Як быццам бы каго заве.