Што варта і не варта наведаць на выходныя? Ад малых выставаў-перлін да правалу Белгазпрамбанка

Восеньскія месяцы, пасля соннага застою лета, як заўсёды, прыносяць россып новых экспазіцый.

Адкрыццё выставы Івана Семілетава

Адкрыццё выставы Івана Семілетава

Пачнём наш агляд з даўняй знаёмай, Таццяны Гаранскай, пра дзясяткі зладжаных якою экспазіцый у галерэі «Добрыя мыслі» НЧ неаднаразова пісаў.

На выставе "Вайшкунскі краявід". Таццяна Гаранская, Алена Лагоўская, дырэктар Галерэи "Мастацтва"

На выставе "Вайшкунскі краявід". Таццяна Гаранская, Алена Лагоўская, дырэктар Галерэи "Мастацтва"

Тыя ініцыятывы зацятая экспазіцыянерка ладзіла разам з мужам, мастаком Віктарам Маркаўцом, які 5 гадоў таму пакінуў гэты свет. Менавіта яго работы, цыкл «Вайшкуны-4», і прадстаўленыя з 2 па 15 кастрычніка ў залі «Мастацтва» на праспекце Незалежнасці, акурат насупраць кінатэатра «Цэнтральны».

vajszkuny4plakat.jpg

Вайшкуны — фактычна мастакоўскі пасёлак у краі блакітных азёр, на маляўнічым стромкім беразе Балдука, абкружаны лясамі і найпрыгажэйшымі краявідамі. Так і большасць прац Маркаўца — вытанчаныя лірычныя пейзажы, з якімі суседнічаюць філасафічныя нацюрморты. Стылістыка пераважна класічна-рэалістычная, але ў «Мастацтве» наведнік знойдзе якасныя карціны на любы густ: галерэя тамсама прапануе калекцыю розных творцаў з уласных збораў.

 


З 11 па 29 кастрычніка ў Галерэі Універсітэта культуры на Кастрычніцкай плошчы, 1 (Палац Рэспублікі) дзейнічае выстава з загадкавай назвай «Арт-Дабрыня».

vystavaartdabrynjakeramikavasjukplakat.jpg

Які з відаў мастацтва найбольш здатны захоўваць цяпло агню і цяпло чалавечых рук? Безумоўна, кераміка. На Кастрычніцкай плошчы мы і ўбачым россып твораў вядучага ганчара Беларусі Тамары Васюк і яе вучняў з Універсітэта культуры.


Экспазіцыя займае толькі 2 залы, але цягне на экскурс ад класічнай керамікі (чорназадымлены, паліваны, пярэсты гліняны посуд) да пераўвасаблення ганчарных твораў у самыя разнастайныя формы. Тут і плоскія плакеткі з выявамі на тэмы гравюр Скарыны, і керамічная батлейка, і зааморфныя фігуры, і абстрактна-геаметрычныя дэкаратыўныя кампазіцыі. Ад утылітарнага да фантастычнага. Лёгка пераконваешся, што гліна — зусім не «мёртвы» матэрыял.

vystavazyvapisualjaksandradzjamidavaplakat.jpg

Тамсама па 15 кастрычніка працуе экспазіцыя жывапісу Аляксандра Дзямідава «2002-2018», стрыжань якой — вясёлыя, смешныя, аптымістычныя вобразы як бы з дзіцячых сноў: мілыя жывёлы, гульні, забавы… Адным словам, на Кастрычніцкую пл., 1 раім ісці сямейна, з дзецьмі — не засумуеце.

Як вам падабаецца назва «АртХаос»? Менавіта так з гумарам прэзентуе сябе адносна новая выставачная зала ў «Dana Mall», гандлёвым цэнтры проста ля выхаду з метро «Усход».

sjuzetynenapisanyhhistoryjplakatarthaos.jpg

Гэта галерэя і адначасова мастацкі салон, з прывабнымі коштамі на творы вядомых мастакоў з уласнай калекцыі. Персанальныя выставы творцаў, а зрэдчас і калектыўныя праекты, там пачалі ладзіць з лютага 2018 года, звяртаючыся пераважна да работ відавочна густоўных, якасных майстроў.

На выставе Івана Семілетава

На выставе Івана Семілетава

З 11 па 30 кастрычніка «АртХаос» экспануе жывапіс Івана Семілетава — «Сюжэты ненапісанных гісторый».

 

Іван — мастак у трэцяй генерацыі, па адукацыі габеленшчык, ды яшчэ унук Івана Мележа. Таму Іван Семілетаў, прыйшоўшы да жывапісу, увасобіў у ім і літаратурную летуценнасць, і мастацкую дэкаратыўнасць. І паколькі яго стыль, не паўтараючы ўзоры бацькі і другога дзеда (жывапісца), кшталтаваўся ў гарніле трох творчых пакаленняў, вынік атрымаўся безумоўнай якасці. Эстэтна, але ненавязліва, з думкаю і пачуццём, але без «закручанасці». Вельмі раім наведаць выставу.

 

Падчас адкрыцця выставы «Армянская палітра».

Падчас адкрыцця выставы «Армянская палітра».

Нарэшце, пра больш маштабныя праекты З 10 кастрычніка па 6 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі (Леніна, 20) працуе выстава «Армянская палітра. Творы сучасных армянскіх мастакоў».

Не Мартырос Сар’ян? — спытаецца пераборлівы глядач. Не, сучасных мастакоў — але палітра не менш яскравая і насычаная. Альбо, як падкрэсліваюць арганізатары, цытуючы Казіміра Малевіча: «Мастацтва не мае ні будучага, ні мінулага часу — адпаведна, яно заўсёды сучаснае». І яднае пакаленні, нацыі, культуры.

Падчас адкрыцця выставы «Армянская палітра».

Падчас адкрыцця выставы «Армянская палітра».


Каля 60 графічных і жывапісных прац з Нацыянальнай галерэі Арменіі прадстаўляюць мастакоў рознага ўзросту, якія дзейнічаюць па сённяшні дзень.

Падчас адкрыцця выставы «Армянская палітра».

Падчас адкрыцця выставы «Армянская палітра».

Паколькі ў двух словах расказаць пра калектыўную выставу немагчыма, звернем увагу на цікавую акалічнасць, на якую звяртаюць увагу арганізатары. Нашае мастацтва — настойваюць яны — развіваецца на перакрыжаванні плыні Захаду і Усходу, спалучае традыцыяналізм і класіку старэйшых з наватарствам і фармальным пошукам маладых. Нічога не нагадвае? Правільна, тое ж самае можна сказаць пра беларускае мастацтва. Варта пайсці і паспрабаваць параўнаць.

 

vosenskisalonzbelhazprambankamplakat.jpg

І напрыканцы пра няўдачу тыдня. Чацвёрты Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам, які працуе з 5 кастрычніка па 4 лістапада (Палац мастацтва, Казлова, 3), задаволіць адукаваны густ толькі на першым (па ліку другім) паверсе, дзе паасобных творцаў прадставілі мастацкія галерэі.

Той жа Іван Семілетаў ад «АртХаоса», Аляксандр Шапо, Глеб Отчык. Але калі падымецеся на апошні, асноўны паверх, дзе выстаўлены работы каля 130 маладых мастакоў (з 456, якія падалі заявы на выставачны камітэт), міжволі падумаеце: малады — не заўсёды значыць добры. І сапраўды шкада, што пасля трох папярэдніх удалых салонаў, надарыўся сапраўдны правал.

Калі вы не давяраеце майму меркаванню, прывяду словы маладой і вельмі кваліфікаванай экспазіцыянеркі Вольгі Кліп (памятаеце, яна прывозіла ў Мінск творы Рэмбранта, Далі, і арганізавала нашумелы праект «Я Шышкін, я Малевіч, я Манэ»?). “Схадзіла на Салон з Белгазпрамбанкам, — напісала яна ўчора ў Фэйсбуку, — Лепш бы я наведала Мастацкі або Гістарычны музей”.

Але, шаноўныя, права выбару за вамі.


 


Фота: Аляксей Хадыка, сайт Нацыянальнага мастацкага музея, Таццяна Гаранская