Што можна прывезці з этнаграфічнай экспедыцыі?
Студэнцкае этнаграфічнае таварыства збірае сродкі на даследаванне Ляхавіцкага раёна. Што шукае гарадская моладзь у вёсцы? Веды? Уражанні? Артэфакты? А, можа, сябе?
У в. Аколіца Клічаўскага р-на. Фота з архіву СЭТ
Ганна Сілівончык, старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства: «Мне падаецца, у экспедыцыю варта з'ездзіць для таго, каб зразумець, на якой зямлі ты жывеш... Гэта дае магчымасць кантакту з вясковымі людзьмі, якія маюць вельмі мудрае стаўленне да свету і цікавы жыццёвы досвед. Мы зараз збольшага жывем у гарадах, і таму вопыту жыцця побач з прыродай не маем. Вяскоўцы ж прыроду адчуваюць, яна ўваходзіць у іх жыццё значна мацней. Мне здаецца, менавіта гэтаму варта павучыцца гарадскім людзям: як суіснаваць у гармоніі са светам, як камунікаваць з блізкімі людзьмі. Мы, гараджане, рэдка бачымся з роднымі і сябрамі, а калі бачымся, то подбегам. Нам часта не хапае ўвагі і сіл на найбольш істотныя рэчы. Мне здаецца, вяскоўцы ўмеюць трымаць увагу на самым галоўным.
Ганна Сілівончык, фота Святланы Клепікавай
Шмат хто едзе ў вёску, умоўна кажучы, «падлекавацца»: каб і псіхалагічна, і фізічна стаць больш цэльным, спакойным, здаровым. Яшчэ вельмі істотнае ўсталяванне сувязяў між пакаленнямі. У гарадскіх сем'ях часта не прынята распавядаць пра свае праблемы, гора, паказваць яго, неяк разам перажываць. А вясковыя людзі — яны не саромеюцца. Калі кажуць пра сваё гора, то шчыра плачуць — і ты ім спачуваеш. Вучышся разумець, што жыццё — гэта не толькі радасці, трэба ўмець перажываць і добрае, і дрэннае.
У в. Галавенчыцы Чавускага р. Фота Алены Ляшкевіч з архіву СЭТ
Ірына Паўловіч, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства: «Экспедыцыя — гэта супольнасць зацікаўленных людзей, магчымасць пабыць у коле аднадумцаў і ў той жа час даведацца нешта, чаго няма ў тваім штодзённым жыцці. Зафіксаваць рэшткі культуры і ладу жыцця, што імкліва знікае. Гэта частка нашай сённяшняй культуры, а не абстрактная «спадчына», хоць яна і вельмі імкліва адыходзіць. І гэта частка культуры вельмі істотная нават для гараджаніна ў дзясятым калене: ён з яе паходзіць. У блізкіх пакаленнях маёй сям'і вяскоўцаў нікога не было, але гэта разуменне агульнасці з жыхарамі любога раёна Беларусі прысутнічала і штурхала мяне на паездкі ў экспедыцыі. Я мела пэўныя складанасці, бо не ўжываю мяса, а гэта па-рознаму ўспрымаецца нават у гарадскім асяродку. Гэта быў цікавы эксперымент для мяне — як патлумачыць?
Запомнілася бабуля ў Пружанскім раёне, да якой мы вярнуліся, каб запісаць спевы ў лепшай якасці. Яна нас сустрэла амаль у поўным традыцыйным строі: апранула спадніцу, белы фартух, кашулю, вышытую гладдзю. Гэта адразу вельмі ўразіла. Яна зусім не чакала, калі мы пачнем яе распытваць, запісваць, усадзіла ўсіх за стол, дастала з печы бульбяную бабку ў гаршэчку (мне пашанцавала, што без мяса) і паставіла гарэлку. Але ў нашай групе, як аказалася, ніхто не ўжывае алкаголь: была я, кіроўца і яшчэ адна дзяўчына. Мы ўтрох пачалі адмаўляцца. Было бачна, што гэта трошку зачапіла, але не стала вялікай перашкодай. Бабуля прапанавала бярозавік — і ўсе былі задаволеныя.
Я мяркую, у любой мясцовасці ўдзельнікі экспедыцыі збяруць шмат этнаграфічна каштоўнага матэрыялу: і ўспамінаў, і артэфактаў. Часта бабулі дараць што-небудзь даследчыкам. Я ў Пружанскай экспедыцыі СЭТ дамовілася забраць у адной хаце кросны (ткацкі станок). Імі даўно не карысталіся, яны ляжалі разабранымі на гарышчы. Мае родныя дапамаглі транспартаваць набытак на лецішча. Цяпер я на іх тку».
Яніна Грыневіч, супрацоўніца Акадэміі навук: «Я займаюся вывучэннем лірычных песень (рэд.: гутарку з даследчыцай можна пачытаць тут). Шмат было цікавых выпадкаў падчас працы «ў полі». Калі маёй дачцэ было 2 гады, узяла яе з сабой упершыню ў экспедыцыю. Паехалі ў вёску Карцэвічы Нясвіжскага раёна. Для нас запрасілі ў дом культуры паспяваць 5 бабулек з Малеўскага фальклорнага гурта. Я папярэдзіла дачушку, каб паводзіла сябе ціха, бо я вяду запіс. Яна звычайна вельмі актыўная і гаваркая, а тут мы выходзім з дома культуры — і цішыня з гадзіну, а потым: «Мама, я ўпершыню чула, як бабы пелі!» Прайшло 3 гады, а дачушка дасюль памятае гэтых бабуль. Кажа мне: «Я хачу працаваць там, дзе ты працуеш, таму што там бабы пелі». Я ёй часам уключаю гэтыя запісы перад сном, ужо на 2-ой песні яна засынае, вельмі любіць іх слухаць.
Моцнае ўражанне пакінула мая першая самастойная экспедыцыя, падчас вучобы ў аспірантуры. Да таго я ездзіла з іншымі навукоўцамі, мы недзе спыняліся ўсе разам. А тут я завітала адна ў госці да бабулі. Яна доўга пісала лісты ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук, запрашала, каб нехта да яе прыехаў. Гэта Надзея Адамаўна Швед з вёскі Мірнае Рагачоўскага раёна. Яна нарадзілася ў вёсцы Перароў Жыткавіцкага раёна ў 1927-м, і хоць даўно жыве на Рагачоўшчыне, песенны рэпертуар паходзіць з мясцін яе маленства. На момант маёй паездкі да Надзеі Адамаўны Акадэмія музыкі ўжо выдала дыск з яе песнямі, але яна турбавалася, што не ўсё спела. Мне аддалі яе лісты і накіравалі ў камандоўку. Надзея Адамаўна так узрадавалася, што нехта прыехаў запісаць яе песні, што спявала для мяне з дванаццатай дня, як я зайшла ў хату, і да самай ночы. Кажа: "Вось каб ты прыехала, як я жыта жала, у мяне песня далёка разляталася". Калі ўжо клаліся спаць, папярэдзіла: «Ты кладзіся, не хвалюйся, я ўначы буду спяваць, проста ўзгадваць табе песні на заўтра». Надзея Адамаўна спявала двое сутак амаль без перапынку, і песні ў яе не паўтараліся і не сканчваліся. Адзінае, для чаго мы адарваліся ад запісу, быў прагляд тэлепраграмы «Поле цудаў».
Надзея Адамаўна часам спявае з сястрой, Евай Баран, якая жыве ў суседняй вёсцы. Мы спачатку планавалі да яе завітаць, а потым Надзея Адамаўна пачала спяваць, і не спыняецца, і не спыняецца, і кажа: «Не, мы да сястры не паедзем. Яна, канечне, хораша падводзіць, але ж тады я не паспею ўсё спець!»
Памятаю, шостая ранку, Надзея Адамаўна праважае мяне на маршрутку, якая ходзіць раз на тыдзень. Ісці з тры кіламетры, адзін ужо прайшлі, і тут бабуля кажа: «Не, я табе ўсё ж такі яшчэ спяю. Яшчэ ж «Мёртвага партызана» не пела!» А потым: «Ты б можа яшчэ раз прыехала? Я ж так табе ўсё і не спела».
Артыкул пра выступ Надзеі Швед і Евы Баран на Дні беларускага пісьменства-2016 у Рагачове раённая газета назвала «Рагачоўскі адказ «Буранаўскім бабулям». Пасля выступу расійскіх бабуль на «Еўрабачанні» ў 2012 годзе параўнанне з імі беларускіх народных выканаўцаў стала часткай масавай культуры. Гуртоў, якія маглі б даць такі «адказ», у Беларусі багата, і сустрэць іх можна ў этнаграфічнай экспедыцыі.
Фінансава падтрымаць даследаванне Студэнцкім этнаграфічным таварыствам Ляхавіцкага раёна можна на платформе Талака да 18 ліпеня. А можна і паўдзельнічаць у экспедыцыі. Для гэтага варта звязацца з арганізатаркай, Марыяй Лук’янавай.