Скандальны пачатак “Хранатопі” — ужо ў сеціве (+відэа)
У сеціве з’явіўся першы эпізод з цыклу “Хранатопь”. Кінатвіт, які называецца “Таямніца гарбатай ямы”, апавядае пра двух гродненскіх бандытаў, адзін з якіх мусіць забіць другога.
Але крымінальны абавязак ускладняецца рызыкоўнаю таямніцай. Праект “Хранатопь” прыдуманы Андрэем Кудзіненка. Мэта “Хранатопі” — раскрыццё мігатлівага свету беларускай душы ў форме кароткіх кінатвітаў, зробленых рознымі творцамі. Нявыказаныя і стоеныя міфы жывуць побач з рэальнасцю і праяўляюцца – як казкі, гарадзкія легенды, чорныя анекдоты і скандалы, што ламаюць побыт. Праект – паза межамі як афіцыёзнае слодычы, так і звыклага беларускага мармытання.
Першы эпізод “Таямніца Гарбатай ямы” быў зняты Янушам Гаўрылюком па ўласным сцэнары. Галоўныя ролі сыгралі Валер Руселік і Павал Крыксуноў, мантаж Аляксандра Дэбалюка, аператар — Ягор Яфімаў, гук зрабіў Сяргей Лабандзеўскі.
Стужка ўжо атрымала спецыяльную ўзнагароду на польскім фэсце “Сенсацыйнае лета фільмаў”, кінатвіт “Таямніца Гарбатай ямы” мінскія гледачы маглі пабачыць на “Лістападзе” — сярод іншых гісторый у складзе “Хранатопі”. Але кожны эпізод “Хранатопі” мае самастойны характар — і можа жыць уласным жыццём.
Цяпер — ягоная прэм’ера ў сеціве. Чуйныя душы — будзьце абачлівыя! Дзецям, крымінальнікам, цяжарным і маралістам — ні ў якім разе не глядзець.